«Кілямэтры дакумэнтаў». З чым сутыкаюцца за мяжой беларускія палітуцекачы, якія маюць інваліднасьць

Ілюстрацыйнае фота

3 сьнежня адзначаецца Сусьветны дзень людзей з інваліднасьцю. «Радыё Свабода» пагаварыла зь беларусамі-вазочнікамі, якія пасьля падзей 2020 году былі вымушаныя пакінуць краіну.

Трэцяга сьнежня ў сьвеце адзначаецца Дзень людзей з інваліднасьцю. Паводле Белстату, у Беларусі амаль 550 тысяч чалавек маюць такі статус. Пасьля падзей 2020 году частка зь іх былі вымушаныя пераехаць за мяжу і трапілі ў новыя для сябе ўмовы. Пагаварылі зь некаторымі зь іх.

«Калі ўсё так добра, адкрыйце статыстыку»

Інвалід-вазочнік І групы Сяргей Драздоўскі быў дырэктарам «Офісу правоў людзей з інваліднасьцю» з 2010 па 2021 год. У студзені 2021 году і ў Офісе, і ў кватэрах Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў правёў ператрусы, была заведзеная крымінальная справа.

Беларускія ўлады цяпер займаюцца працэдурай банкруцтва Офісу. Драздоўскага эвакуавалі за мяжу, цяпер ён жыве ў Нямеччыне і працягвае дыстанцыйна дапамагаць беларусам. Сяргей Драздоўскі лічыць, што агульныя лічбы людзей з інваліднасьцю ў Беларусі заніжаныя. Паводле чыноўнікаў, 6% насельніцтва Беларусі маюць інваліднасьць. А ў 2020 годзе такіх было 6,7%, зазначае Драздоўскі.

«Куды людзі падзеліся? Быў спад, калі быў ковід: людзі не зьвярталіся ў мэдыка-рэабілітацыйную экспэртную камісію, каб не падчапіць чаго. А потым гэтыя людзі павінны былі дайсьці да МРЭК, іхная інваліднасьць нікуды не падзелася. Але яны не дайшлі. Шмат людзей выехала з краіны. Працэнт павінен быць значна большы. Лічбы заніжаныя мінімум у два разы. Чаму гэта адбываецца, зразумела: дзяржава ня хоча плаціць грошы. У той жа Польшчы 15% людзей маюць інваліднасьць, у Нямеччыне — да 17%.

«Калі ўсё так добра, адкрыйце статыстыку, пакажыце рэальную карціну», — кажа Драздоўскі.

Сяргей Драздоўскі

Па словах суразмоўцы, пра сытуацыю зь людзьмі з інваліднасьцю ў Беларусі ён ведае ад сяброў, былых наведнікаў Офісу, якія па-ранейшаму зьвяртаюцца да праваабаронцаў па дапамогу.

У Беларусі пасьля 2020 году некаторыя недзяржаўныя арганізацыі, якія абаранялі правы такіх людзей, самаліквідаваліся. Некаторыя спынілі дзейнасьць у выніку ціску з боку ўладаў.

«Акрамя нашага Офісу, «наехалі» на кіраўніка яшчэ адной арганізацыі, ня буду называць яе. Каманда заснавала іншую арганізацыю і працягвае працаваць. «Зачысьцілі» некалькі арганізацый, якія займаліся дабрачыннасьцю. У трох арганізацыях зьмянілі кіраўніцтва, іх не закрылі, але добра «ўскалыхнулі», — кажа Драздоўскі.

Працуюць пакуль Беларускае таварыства інвалідаў, Рэспубліканская асацыяцыя вазочнікаў, таварыствы інвалідаў па зроку, па слыху.

«Але ніводная арганізацыя ня можа цяпер на ўвесь голас заявіць аб правах чалавека з інваліднасьцю, тым больш скардзіцца на нейкія парушэньні. Нават самі людзі з інваліднасьцю перасталі хадзіць са скаргамі, бо будзе толькі горш. Увесь час грамадзкія арганізацыі ціснулі на Мінпрацы, каб тое штосьці рабіла. А цяпер само міністэрства варушыць арганізацыі, каб яны штосьці рабілі. Грамадзкія арганізацыі могуць жыць толькі ў свабодным асяродзьдзі», — разважае Сяргей.

Сяргей Драздоўскі

Сацыяльныя гарантыі

Праваабаронца Сяргей Драздоўскі кажа, што сацыяльныя гарантыі, прапісаныя ў законе «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай рэабілітацыі», сацыяльных праграмах, інструкцыях, збольшага выконваюцца.

«На пэнсію па інваліднасьці І групы пражыць можна. Да таго ж ёсьць даплаты за догляд за інвалідам І групы — звычайна іх атрымлівае хтосьці зь сямейнікаў, бо сацыяльных работнікаў не хапае. Ёсьць грашовая дапамога на пампэрсы, сродкі рэабілітацыі, таму інваліды І групы жывуць яшчэ больш-менш. Але на пэнсію ІІ і ІІІ групы пражыць немагчыма», — кажа праваабаронца.

Пэнсію па інваліднасьці ў Беларусі налічваюць, зыходзячы з актуальнага сярэднямесячнага заробку. Для І групы гэта 75% ад яго памеру, для ІІ і ІІІ — 65% і 40% адпаведна. Уплывае і працоўны стаж. У выніку чалавек з інваліднасьцю можа атрымліваць і 1000 рублёў пэнсіі, і 500.

Што тычыцца забесьпячэньня вазкамі, апошнім часам Сяргей ня чуў скаргаў. Аднак суразмоўца дадае, што выбар вазкоў абмежаваны, можна выбіраць толькі айчыннай вытворчасьці. Наракае ён і на тэрмін карыстаньня — адзін вазок у Беларусі выдаюць на 4–6 гадоў, чаго не заўсёды дастаткова.

Ёсьць праблемы зь лекамі — імпартныя вельмі дарагія і недасяжныя, а ўлады наракаюць на санкцыі. Аднак на лекі санкцыі не распаўсюджваюцца, тлумачыць Драздоўскі.

Сяргей у сваёй менскай кватэры. Драздоўскі быў дырэктарам «Офісу па правах людзей з інваліднасьцю» з 2010 па 2021 год

Нямеччына: пэнсіі па інваліднасьці няма, ёсьць страхавыя выплаты

Сярод тых, хто вымушана зьехаў зь Беларусі пасьля 2020 году, былі і людзі з інваліднасьцю. Для іх эміграцыя нясе свае асаблівыя праблемы. У чалавека з абмежаванымі магчымасьцямі звычайна складаецца свая асабістая інфраструктура: ёсьць каму пазваніць, хто хутка прыедзе на дапамогу. А калі ён апынуўся ў іншай краіне — усё губляецца, кажа Драздоўскі.

«На сваім прыкладзе магу сказаць, што мне вельмі дапамагла дыяспара, людзі, якія ведаюць, куды зьвяртацца. Калі ты ня ведаеш мовы, ня можаш уявіць, якая тут складаная бюракратычная сыстэма. Але трэба аддаць належнае немцам, яны намагаюцца нашы праблемы вырашаць даволі хутка», — кажа Драздоўскі.

Тое, што дае дзяржава сваім грамадзянам, і тое, што дае ўцекачам, — гэта розныя рэчы. Да таго ж у Нямеччыне няма так званай пэнсіі па інваліднасьці, што вельмі зьдзівіць беларусаў, перакананы Сяргей.

«Ты можаш зарэгістравацца як беспрацоўны і будзеш атрымліваць дапамогу па беспрацоўі, а для цябе будуць шукаць працу. Памер выплат прыстойны — пражыць можна. Калі ты зусім ня можаш працаваць, улады ніяк ня могуць цябе працаўладкаваць — тады ты пяройдзеш на фінансаваньне ў сацыяльную абарону. Але гэта атрымліваецца ў лічаных адзінак людзей з інваліднасьцю.

Калі ты можаш працаваць, будуць намагацца, каб ты вывучыўся і працаўладкаваўся. Але атрымаць новую кваліфікацыю ня так лёгка, бо найперш патрэбная мова. Я раней нямецкай мовы ніколі не вучыў, пачынаць у 50 гадоў цяжка. Так што сацыялізацыя праходзіць складана», — прызнаецца Сяргей.

У Нямеччыне па-іншаму ўладкаваная сыстэма сацыяльнай падтрымкі, дадае суразмоўца. Ёсьць пэўная інфраструктура паслуг.

«Большасьць паслуг — гэта ня тое, што табе дае дзяржава. Гэта страхавыя грошы, а ты з гэтымі грашыма шукаеш сэрвіс, які табе больш патрэбны: догляд альбо іншыя паслугі. Ты сам можаш выбраць. Калі сам ня можаш — адмысловы работнік дапаможа. Тут грошы ходзяць за чалавекам, а ня ты выпрошваеш грошы», — тлумачыць Сяргей.

Пацьвердзіць інваліднасьць у Нямеччыне складана, дадае суразмоўца. Некаторыя землі (адміністрацыйныя адзінкі Нямеччыны. — РС) прымаюць беларускія дакумэнты, калі яны перакладзеныя, некаторыя не. Тут мясцовыя ўлады маюць пэўныя паўнамоцтвы.

У Беларусі, каб атрымаць інваліднасьць, дастаткова дыягназу, а ў Нямеччыне — не. У краінах Эўропы больш складана: камісія павінна вызначыць, наколькі інваліднасьць уплывае ня толькі на здароўе чалавека, але і на сацыяльны стан, кажа суразмоўца.

«Ты сам павінен насіць даведкі ад аднаго лекара да другога. Гэта табе трэба, твае праблемы. Дакумэнт пра інваліднасьць — гэта ня ўсё. Я маю пасьведчаньне, што я на 100% непрацаздольны. Але я павінен зьяўляцца ў цэнтар занятасьці, і яны шукаюць мне працу. Калі чалавек зьвярнуўся, што яму патрэбны памагаты, накіроўваюць сваю камісію, робяць сваю ацэнку. Для беларуса гэта нязвыкла, калі маеш пасьведчаньне аб інваліднасьці, якое прызнаюць паўсюль. Тут — не», — кажа Драздоўскі.

«Раю набрацца цярпеньня»

Аляксандар Аўдзевіч — бізнэсовец, вандроўнік, блогер, адзін са стваральнікаў інклюзіўнага асяродзьдзя ў Лідзе, Берасьці, Менску. З 2011 году мае інваліднасьць. Пасьля 2020-га вымушаны быў зьехаць зь Беларусі. Спрабаваў адкрыць бізнэс на гішпанскім востраве Тэнэрыфэ, не атрымалася. З 2022 году жыве ў Польшчы. У траўні 2024 году адкрыў кавярню «Інклюзіўны барыста» ў Варшаве.

Аўдзевіч кажа, што ў Беларусі, калі бачаць чалавека на інвалідным вазку, не патрабуюць ніякіх дакумэнтаў. У Польшчы больш бюракратыі.

«У мяне не было плястыкавай „карткі паркінговай“ (дазволу на паркоўку. — РС) — хоць палякі бачаць, што ты на вазку. Але няма дакумэнту — плаці штраф. У Беларусі, калі ты на вазку, ніхто не патрабуе дакумэнтаў».

Аляксандар Аўдзевіч

Таму давялося рабіць пацьверджаньне інваліднасьці. Працэдура гэтая доўгая і складаная, кажа суразмоўца.

«У Польшчы, каб дайсьці да камісіі па інваліднасьці, трэба прайсьці столькі інстанцый, столькі колаў пекла! Я ня ведаю, як пажылыя людзі гэта робяць. Лекары раскіданыя па ўсёй Варшаве, патрэбны кілямэтры перакладзеных мэдычных дакумэнтаў. Раю набрацца цярплівасьці ўсім, хто будзе пацьвярджаць сваю інваліднасьць!» — абураецца Аўдзевіч.

Сам ён прайшоў камісію, інваліднасьць у Польшчы пацьвердзіў, мае карту інваліда, права на бясплатны праезд у транспарце, тэарэтычна — 50% зьніжку на камунальныя паслугі, калі б меў сваё жытло.

«Па карце ты можаш атрымаць інвалідны вазок, але атрыманьне вазка — такі ж квэст, да якога я яшчэ не падышоў. Я і ў Беларусі не атрымліваў вазок ад дзяржавы, які „паложаны“ адзін на 5 гадоў і толькі беларускага вытворцы, бо адразу хацеў імпартны, сам набываў. Калі я пацьвердзіў інваліднасьць, атрымаў пэнсію за 3 месяцы — па 500 злотых за месяц (прыкладна 115 эўра. — РС). Але цяпер мне трэба зноў пацьвярджаць! Я псыхануў… У мяне ёсьць дакумэнты зь Беларусі, дзе напісана, што інваліднасьць пажыцьцёвая. Я даволі рухомы і актыўны. А калі гэта пажылы чалавек бяз польскай мовы — не ўяўляю, як усё можна», — кажа Аўдзевіч.

Ён таксама зьвяртае ўвагу на тое, што стаўленьне Польшчы да сваіх грамадзянаў крыху іншае, чым да мігрантаў-інвалідаў. Да таго ж у Польшчы вышэйшы ўзровень жыцьця — тут чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі можа дазволіць сабе мець па 3–5 вазкоў.

Што да льготаў па адкрыцьці бізнэсу, тут таксама шмат падводных камянёў. Хоць тэарэтычна ёсьць шмат сацыяльных ільготаў, прывабных праграмаў, але скарыстацца зь іх вельмі складана, кажа Аўдзевіч.

Аляксандар Аўдзевіч

10 месяцаў на пацьверджаньне інваліднасьці

Вазочніца Алена (поўнага імя гераіня просіць не называць дзеля бясьпекі. — РС) жыве ў Варшаве больш за 3 гады. Кажа, што ўжо асвоілася, самастойна перасоўваецца на вазку па горадзе, вандруе па Польшчы на цягніках, аўтобусах. Працэдура пацьверджаньня інваліднасьці заняла ў яе 10 месяцаў.

«Беларускія дакумэнты я перакладала, але яны палякам не былі цікавыя, усё адно была камісія, для якой давялося сабраць процьму мэдычных даведак. Даводзілася доўга чакаць, каб трапіць да лекараў-адмыслоўцаў. Бюракратыя, палякі працуюць марудна, але праз 10 месяцаў польскія дакумэнты я атрымала», — кажа жанчына.

За гэты час яна спраўдзіла многія мэдычныя ўстановы на прадмет даступнасьці для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

«Ва ўсіх паліклініках, шпіталях — ліфты, калі будынак стары — абавязкова асобны вынасны ліфт. У гінэкалягічным кабінэце, да прыкладу, адмысловае крэсла, якое падымаецца. Што тычыцца мэдычных устаноў — усё шыкоўна ўладкавана. І пэрсанал вельмі паважліва ставіцца, дапамагае», — дзеліцца ўражаньнямі Алена.

Атрымала яна і вазок. Заняло гэта 6 месяцаў. Чалавек можа сам выбраць той, які яму падыходзіць. Можна рабіць на індывідуальную замову альбо замовіць імпартны, дзеліцца ўласным досьведам жанчына.

«На набыцьцё вазка дзяржава выдаткоўвае 4500 злотых (каля 1000 эўра. — РС). Калі вазок каштуе больш — дапамагаюць дабрачынныя фонды, якія аплачваюць розьніцу. Вазкі аблегчаныя, зручныя. Я для сябе выбірала ўсё ж такі вазок з ручным кіраваньнем, а не электрычны — каб была фізычная нагрузка на цягліцы», — расказвае яна.

Вазок Алене абышоўся ў суму, большую за 4500 злотых, але знайшоўся дабрачынны фонд, якія дапамог. Усю інфармацыю па льготах, выплатах, дапамозе можна знайсьці на адмысловым сайце, не выходзячы з дому.

Алена захапляецца безбар’ерным асяродзьдзем і інфраструктурай Польшчы, дзе да дробязяў усё прадумана для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

«У раскладах руху і на сайце, і на прыпынку заўсёды пазначаны транспарт зь нізкай пасадкай для для інвалідаў. На многіх прыпынках ёсьць жоўты квадрацік — адмыслова для людзей на вазках, і кіроўца ўжо адразу бачыць цябе. Калі няма пазнакі, падымаеш руку, і кіроўца выйдзе і дапаможа. Паркоўка, як і праезд у грамадзкім транспарце, бясплатная», — кажа яна.

Але ёсьць і праблемныя месцы, расказвае жанчына. Па іроніі лёсу, гэта варшаўскі цэнтар абслугоўваньня інвалідаў, што на вуліцы генэрала Андэрса, 5. Там чатыры пандусы з усіх бакоў.

«Але яны настолькі крутыя, што самастойна пераадолець іх можа толькі моцны спартовец. Мабыць, гэта адзінае месца, дзе пандусы недаступныя. І ў той жа час побач з гэтым вялізным цэнтрам знаходзіцца невялікі будыначак, у якім пабудаваны шыкоўны пандус на другі паверх! Я сама зь лёгкасьцю заехала туды», — дзеліцца ўражаньнямі суразмоўца.

svaboda.org