З куратаркай сэрыі Натальляй Гардзіенкай «Радыё Свабода» пагаварыла пра асобу Янкі Запрудніка, яго грамадзкі, навуковы й творчы чын, лёс спадчыны, а таксама пра пераемнікаў ідэі беларушчыны ў асяродках новых эмігрантаў у ЗША.
Пра асобу Янкі Запрудніка
— Калі вы ўпершыню пачулі гэтае імя — Янка Запруднік? Які яго вобраз склаўся ў вас?
— Імя Янкі Запрудніка я чула яшчэ ў студэнцкія часы, тады якраз выйшла ягоная кніга «Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях». Аднак малады нігілізм ня даў мне адэкватна ацаніць тую працу, бо ну што можа напісаць пра беларускую гісторыю эмігрант, які на раскопкі ня езьдзіў, у беларускіх архівах не працаваў? Так мне тады здавалася. Пазьней, калі зацікавілася гісторыяй эміграцыі, адбылося больш сур’ёзнае знаёмства з працамі спадара Янкі. Найперш як рэдактарка альманаху «Запісы БІНіМ» я рэгулярна працавала зь ягонымі тэкстамі, за якімі быў бачны ўдумлівы, ахайны й дыпляматычны ў фармулёўках аўтар, гісторык і журналіст зь вялікім досьведам.
— А як і калі ўпершыню пазнаёміліся? Ці супала завочнае й вочнае ўражаньне?
— Асабіста пазнаёміліся мы ў Менску ў часе Чацьвёртага зьезду беларусаў сьвету ў 2005 годзе. Я пабачыла сапраўднага інтэлігента, зацікаўленага суразмоўцу. І ў жыцьці ён быў гэткім жа дыпляматычным, як у сваіх тэкстах. Калі потым запісвала зь ім розныя гутаркі або проста размаўляла, заўсёды адзначала, як ён добра прадумваў тое, пра што казаў, як намагаўся абыходзіць вострыя моманты, пазьбягаць непрыемных ацэнак, канфліктаў. Думаю, гэта й вынік жыцьця ў эміграцыйнай грамадзе, што вучыла гэткай дыпляматыі, і прыроджаная неканфліктнасьць самога спадара Янкі. Ён умеў адстойваць свае перакананьні, але рабіў гэта тактоўна, звычайна без залішніх эмоцыяў.
У 2016 годзе я ўпершыню наведала спадара Янку й ягоную жонку Надзею ў іх дома ў Сомэрсэце (Нью-Джэрзі). І ад таго часу фактычна кожны прыезд у ЗША завітвала ў тое гасьціннае месца. Спадар Янка заўсёды цікавіўся тым, што адбывалася ў Беларусі, што рабілі мы ў эміграцыязнаўстве, новымі кнігамі, падзеямі. Цягам свайго жыцьця ў эміграцыі ён удзельнічаў у розных праектах, ведаў багата людзей і гатовы быў дзяліцца гэтымі ведамі.
Пра «запрудніказнаўства»
— Можна сказаць, што да выдадзенага цяпер фундамэнтальнага тому «Янка Запруднік» вы падыходзілі спакваля, праз папярэднія публікацыі й кнігі. Раскажыце коратка пра ваша «запрудніказнаўства».
— Янка Запруднік быў мне цікавы як эміграцыйны дзяяч, які пры канцы 1940-х разам зь іншымі беларускімі хлопцамі-скаўтамі апынуўся ў Вялікай Брытаніі, дзе зарабляў працаю ў вугальных капальнях на атрыманьне вышэйшай адукацыі. Калі я пісала кнігу пра беларусаў у гэтай краіне, то шмат працавала зь ягонай «Дванаццаткай», а таксама рэгулярна зьвярталася да яго самога па ўдакладненьні. Да таго ж у 2006 годзе спадар Янка сьвяткаваў сваё 80-годзьдзе, і мы рабілі ў «Запісах БІНіМ» частку нумару, прысьвечаную юбіляру, дзе былі ягоныя біяграфія, бібліяграфія, паасобныя тэксты. Далей Янка Запруднік працягваў публікаваць час ад часу свае тэксты ў альманаху, у нас зьявілася яшчэ адна агульная тэма — архівы, найперш архівы БНР, пазьней ягоныя ўласныя. На падставе ягонага эпісталярнага архіву мы з калегам Лявонам Юрэвічам да 90-годзьдзя Янкі Запрудніка выдалі кнігу «Кантакты: Сіла прыцягненьня Бацькаўшчыны», на прэзэнтацыю якой ён прыяжджаў у Менск апошні раз у 2016 годзе. Шмат да ведаў пра жыцьцё спадара Янкі дадавалі архіўныя дакумэнты, зь якімі я працавала.
— Ну й вось трымаем у руках дыхтоўны том, выдадзены ў сэрыі «Людзі эміграцыі» пад грыфам «Бібліятэкі Бацькаўшчыны». Што новага, невядомага, а мо й неспадзяванага, увайшло ў гэтае выданьне?
— Найперш адзначу, што гэтае выданьне — плён працы некалькіх чалавек: да фармаваньня зьместу мелі дачыненьне таксама Надзея Запруднік, Валянціна Трыгубовіч і Лявон Юрэвіч. Гэты том задумваўся як мэмарыяльнае выданьне, якое будзе расказваць пра асобу Янкі Запрудніка з розных бакоў. Таму тут ёсьць і ягоныя гістарычныя тэксты, і эсэ, і вершы, і эпітафіі, і ўспаміны, і ліставаньне, і іншае. У часе падрыхтоўкі да публікацыі асобных разьдзелаў дысэртацыі Янкі Запрудніка, прысьвечанай змаганьню за Беларусь у расейскіх Дзяржаўных Думах на пачатку ХХ ст., я наноў адкрыла для сябе яго як гісторыка. Ён напісаў сапраўды добрую й важную працу, на жаль, не ацэненую дагэтуль.
Нечаканым для мяне стаў дзёньнік падарожжа Янкі Запрудніка ў 1953 годзе ў ЗША. У той час ён быў студэнтам Лювэнскага ўнівэрсытэту й актыўна заангажаваўся ў дзейнасьць Рады БНР, па лініі якой і скіраваўся на некалькі месяцаў за акіян. Ён наведаў беларускія асяродкі ў Нью-Ёрку, Нью-Джэрзі, Чыкага, Кліўлэндзе, Дэтройце, і праз увесь час вёў дзёньнік, дзе адлюстраваліся спатканьні, падзеі, людзі, заўвагі, часта даволі вострыя, якія пазьней у больш сталым узросьце Янка Запруднік наўрад ці сабе дазволіў бы. Гэты тэкст — ня толькі выдатная крыніца да гісторыі беларускага жыцьця ў ЗША, але й цудоўнае сьведчаньне таго, чым жыў у той час ягоны аўтар — малады беларус, які толькі пачынаў сваю дзейнасьць у беларускай грамадзе.
А яшчэ вельмі рада, што ў кнігу ўвайшло маё інтэрвію са спадарыняй Надзеяй Запруднік, запісанае ўжо пасьля сыходу спадара Янкі. Я ведала Запруднікаў разам, захаплялася адносінамі ў гэтай пары, і было вельмі цікава распытаць, як бачыла спадарыня Надзея іх супольнае жыцьцё, які спадар Янка быў у сям’і. Гэта дадало новыя адценьні ў маё ўласнае бачаньне гэтага дзеяча.
Пра жыцьцёвы чын і дабрадзейства
— Сёньня, калі ўжо мінула паўтара года, як Янка Запруднік адышоў у вечную Беларусь, якім ён вам бачыцца? Кім ён быў? Адным зь лідэраў беларускага руху ў Паўночнай Амэрыцы? Навукоўцам? Літаратарам? Журналістам? Дабрадзеем?
— Янка Запруднік быў усім зь пералічанага й шмат кім іншым. Ён сапраўды быў адным зь лідэраў беларускага руху ў ЗША, а мо і ў сьвеце наогул, бо на першых ролях быў у розных арганізацыях: і ў Радзе БНР, і ў Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва, і ў Беларускай фундацыі Крачэўскага. А таксама ўваходзіў у Вялікую раду Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», быў сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і інш. Ён быў гісторыкам, аўтарам цікавых дасьледаваньняў, а таксама некалькіх выданьняў англамоўнага «Historical dictionary of Belarus» (1998, 2007). Быў журналістам, шмат гадоў працаваў у беларускай рэдакцыі радыё «Вызваленьне / Свабода», а таксама выдаваў у 1980-х — 1990-х газэту «Беларус». Пачынаў як паэт Сяргей Ясень і пакінуў па сабе пэўную літаратурную спадчыну. А яшчэ быў захавальнікам памяці пра іншых беларускіх эміграцыйных дзеячоў, апекаваўся іх архівамі. Так, ён даглядаў і, паводле тэстамэнту, распараджаўся паперамі Антона Адамовіча, захоўваў дакумэнты Васіля Шчэцькі, Часлава Будзькі, клапаціўся пра архіўныя зборы ў царкве Сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры.
І, безумоўна, разам са сваёй жонкай Надзеяй спадар Янка актыўна падтрымоўваў, у тым ліку й фінансава, людзей, арганізацыі, цэрквы, ініцыятывы ў Беларусі. У кожны са сваіх прыездаў на Бацькаўшчыну Запруднікі пакідалі тысячы ці нават дзясяткі тысячаў даляраў на патрэбы мясцовых суродзічаў. Іх цікавіла ўсё нацыянальнае беларускае, што зьяўлялася й патрабавала падтрымкі.
Пра вядомасьць на радзіме
— І вось пасьля ўсіх гэтых дэфініцыяў са зьдзіўленьнем сустракаем на старонках кнігі прызнаньне адной вядомай беларускай асобы сярэдняга веку ў тым, што яна амаль нічога ня ведала пра тытанічную працу беларусаў Амэрыкі на карысьць Бацькаўшчыны. Што вы думаеце пра гэта?
— Гэта звычайная сытуацыя. Людзі, як правіла, пачынаюць цікавіцца чымсьці, калі гэта закранае іх асабіста. Пра дзейнасьць беларускіх эмігрантаў ведалі традыцыйна тыя, хто сутыкаўся-сустракаўся зь імі па нейкіх сумесных праектах або на імпрэзах-мерапрыемствах, хто ў нейкі час трапляў у асяродкі замежных беларусаў або, урэшце, сам апынуўся на эміграцыі. Усё гэта правакуе цікавасьць да тэмы эміграцыі й яе дзеячоў. Пра Янку Запрудніка, безумоўна, ведалі ў нацыянальных колах у Беларусі. Папулярызацыя даробку беларускай эміграцыі ідзе ад пачатку 1990-х. Аднак нельга сказаць, што гэтая тэма ў беларускім інтэлектуальным дыскурсе калісьці была мэйнстрымам. А ад пачатку ХХІ стагодзьдзя яна фактычна сышла на маргінэс і падтрымліваецца да сёньня адзіночкамі-энтузіястамі. Ну, а цяпер, пасьля 2020-га, пішацца ўжо новая гісторыя эміграцыі.
Пра цікавасьць новых эмігрантаў да папярэднікаў
— А тая новая хваля эмігрантаў у ЗША, якая хлынула пасьля падзеяў 2020-га, неяк выяўляе цікавасьць да сваіх папярэднікаў? Наладжвае стасункі з закладзенымі беларускімі арганізацыямі? Кантактуе з навукоўцамі, дзеячамі культуры й мастацтва? Імкнецца скарыстаць досьвед і працягваць справы старое эміграцыі? Сустракаюцца сярод іх людзі кшталту героя вашай кнігі?
— 2020-ы значна актывізаваў беларускую дыяспару ў ЗША, і ня толькі празь зьяўленьне новых беларусаў, але й праз усьведамленьне тымі, хто прыехаў раней, сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці. Зьявіліся новыя суполкі ў розных гарадах, нават там, дзе раней ніякіх беларускіх арганізацый не існавала. Безумоўна, гэтыя новыя структуры кантактуюць са старымі, частка новых эмігрантаў далучаецца да старых арганізацый і працягвае іх дзейнасьць. І там, дзе ёсьць яшчэ прадстаўнікі старой эміграцыі, пісьменьнікі, творцы, інтэлектуалы, дзе зь імі можна спаткацца, «новыя» эмігранты, безумоўна, робяць гэта, цікавяцца тым, што было да іх. Пасьля першай эўфарыі «першаадкрывальніцтва», калі сьвежыя эмігранты ўяўлялі сябе першымі гэткімі, прыходзіць разуменьне, што было беларускае жыцьцё й дагэтуль, што шмат рабілася, што ёсьць карысны досьвед. Мы ў Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва сваімі выданьнямі — кнігамі, штогадовымі выпускамі альманаху «Запісы БІНіМ», лекцыямі — намагаемся пашыраць гэтую інфармацыю для новых беларускіх суполак. І кніга, прысьвечаная Янку Запрудніку, якраз ёсьць часткаю гэтай дзейнасьці.
Ці ёсьць/будуць у асяродзьдзі «новых беларусаў» дзеячы кшталту Янкі Запрудніка, сёньня казаць немагчыма. Я бачу багата актыўных і зацікаўленых людзей, якія займаюцца беларускай справай цяпер у розных формах, рэалізуюць шматлікія праекты пашырэньня беларушчыны ў ЗША й на палітычным, урадавым узроўні, і ў працы зь дзеткамі, і ў выданьні кніг, і г.д. Неабходны час, каб пабачыць, хто застанецца ў беларушчыне на даўжэй.
Пра архіў і чытачоў у Беларусі
— Па Янку Запрудніку застаўся велізарны архіў. Ці цікавіцца хто ім, апрача вас?
— Свае архіўныя зборы спадар Янка яшчэ пры жыцьці разьмяркоўваў па розных сховішчах: частка захоўваецца ў Ратгерскім унівэрсытэце, частка ў Беларускай фундацыі Крачэўскага ў Нью-Ёрку (і яна была асабліва актыўна скарыстаная для гэтага выданьня), частка — у Беларусі. Ня ўсе дакумэнты ўжо апрацаваныя, але цікавасьць да іх ёсьць. У мінулым годзе на вялікай канфэрэнцыі Асацыяцыі славянскіх, усходнеэўрапейскіх і эўраазіяцкіх студыяў была адмысловая панэль, дзе абмяркоўвалася важнасьць архіўнай спадчыны Янкі Запрудніка й ягонага сябра па жыцьці й беларускім руху Вітаўта Кіпеля для гісторыі беларускай прысутнасьці ў ЗША. Багаты досьвед спадара Янкі ў працы з тэмай беларускага дысыдэнцтва таксама прыцягвае ўвагу да ягоных архіваў.
— У Беларусі засталіся шматлікія сябры й прыхільнікі Янкі Запрудніка. Ці існуе ў іх магчымасьць займець вашу новую кнігу пра яго?
— Сярод аўтараў кнігі, тых, хто пісаў успаміны пра Янку Запрудніка, ёсьць і тыя, хто жыве ў Беларусі. Кнігі Янкі Запрудніка багата выдаваліся цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў у Менску, таму можна ўявіць, што частка ягонай чытацкай аўдыторыі па-ранейшаму застаецца там. На жаль, цяпер складаная сытуацыя з выданьнем гэткіх кніг у самой Беларусі й распаўсюдам там выдадзенага ў замежжы. Але шляхі шукаюцца. Плюс: электронны варыянт выданьня з часам будзе даступны для ўсіх ахвотных, незалежна ад геаграфіі.