Андрэй Хадановіч: Было няпроста, але ворагі не дачакаюцца

“Давайце ўсведамляць за каштоўнасць тое, што мы маем… Давайце трымацца сваёй мовы, якая вылучае нас і дадае нам устойлівасці перад усходнім суседам…”, – кажа беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Творца падвёў вынікі 2024 году.

РР: Вынікі 2024 года хацелася б падвесці. У тым ліку вынікі года Андрэя Хадановіча як паэта і перакладчыка.

Андрэй Хадановіч: Я думаю вынікі года падводзіць, і агульныя і персанальныя, можна нейкай універсальнай формулай: было няпроста, але, што называецца, не дачакаецеся. Гэта ў бок незычліўцаў і ворагаў. Відавочная спроба маргіналізаваць Беларусь, зрабіць яе непрыкметнай, зрабіць яе безгалосай і бяззубай перад «рускім светам», перад нашым марыянеткавым таталітарным рэжымам – не дачакаецеся, Беларусь жыве і Беларусь дачыняецца між сабой паўзверх падзелаў і межаў, Беларусь у Беларусі і Беларусь у свеце, паўсюль, дзе мы ёсць.

Зразумела, у замежжы беларусам лягчэй гаварыць. Але тым большую павагу выклікаюць людзі, якія свядома засталіся і дзейнічаюць, як казаў класік, кідайце стрэлы, не паказваючы рукі, часам не паказваючы твару, часам ананімна, часам у вузкіх колах пішуцца кнігі, ствараюцца тэксты, культура жыве ва ўмовах унутранай эміграцыі і падполля. Такія вось вынікі году.

Мой персанальны вынік – супрацоўніцтва ўнутры агульнага праекту оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» дало плён у выглядзе кнігі. Кнігі, што выйшла ў выдавецтве «Гутэнберг» у Кракаве. Лібрэта выявілася яшчэ і самастойным творам, які можна чытаць як драматычную паэму пад вокладкай адной асобнай кнігі.

Апошні месяц я штотыдзень у розных гарадах Польшчы, але таксама ў Літве – у Познані, ва Уроцлаве, у Беластоку, у Вільні прэзентаваў кнігу. Паўсюль яе не хапала. Прывозіў з сабой пачку, заплечнік, ахапку, на выгляд здавалася, што хопіць. Нейкія струны наш любімы аўтар Караткевіч сваімі сюжэтамі і героямі чапляе. А разам з ім, бачыце, ужо суіснуе колькі мастацтваў – і Рубінчык з фільмам, і Солтан з класічнай старой операй, і мая геніяльная суаўтарка Вольга Падгайская са сваёй новай операй, і гэты тэкст. Мабыць штосьці вельмі-вельмі актуальнае сфармулявана. Мабыць тое, што страху можна супрацьстаяць калі яго, так бы мовіць, развянчаць і дэміфалагізаваць.

За кожным непераможным злом выяўляецца проста чыясьці злая воля. Але гэта воля чалавека, які прывык змагацца з безабароннымі, з пасіўнымі, з баязлівымі, з бездапаможнымі. Калі мы чэрпаем сілы ў салідарнасці, у сяброўстве, у любові, то гэты страх перамагаецца, а гэта першы крок да сапраўднай перамогі. Таму і сюжэт Караткевіча, і творы, якія ў суаўтарстве з ім узніклі, і, маю надзею, нават мая кніга, хоць не магу аб’ектыўна пра яе судзіць, але, здаецца, выконваюць тэрэпеўтычную ролю. Гэта значыць, проста дапамагаюць людзям у цяжкі момант. Верш як поціск рукі, верш як ліст салідарнасці, верш як голас здалёк і зблізку. Я не самотны і ты не самотны. Нават калі гэта яшчэ патрывае і давядзецца пачакаць і памучыцца, мы дамо рады.

РР: Я таксама хачу звярнуць увагу, падводзячы вынікі году, што ў замежжы аднавіліся ўсе літаратурныя прэміі, пэўны час не было прэміі Наталлі Арсенневай, цяпер яна таксама з’явілася, гэта напэўна таксама сведчыць пра той факт, што літаратура жыве, калі столькі прэміяў, значыць ёсць з чаго выбіраць.

Андрэй Хадановіч: Гэта адзін з маіх вынікаў году – аднаўленне не можа быць без страты, бо гэтае жыццё фармальна абмінае беларускую Беларусь, тэрыторыю Беларусі, якая фактычна з’яўляецца забраным у нас сёння краем, дэ-факта. Але разам з тым, напрыклад, фестываль «Прадмова», які мы раней праводзілі, ездзячы ва ўсе беларускія рэгіёны, а цяпер праводзім, ездзячы па свеце, і вандроўны досвед спатрэбіўся. Акрамя традыцыйных Варшавы і Вільні ўпершыню – у Познані, ва ўніверсітэце Міцкевіча, на ўра адбываліся сустрэчы са студэнтамі, з беларускімі актывістамі, і ўпершыню ў Нямеччыне – у Берліне. Зусім іншая публіка, зусім іншыя беларусы, але гэтыя сустрэчы таксама адбыліся.

Вы пачалі казаць пра літаратурныя ўзнагароды. Так, фактычна амаль усе ўзнагароды ад пафаснага, самага славутага, прэміі Ежы Гедройця для празаікаў, праз прэмію Наталлі Арсенневай для паэтаў, ажно да такіх прэмій, якіх хацелася б не мець, хацелася б, каб яны хутчэй страцілі сваю актуальнасць, – як турэмная прэмія імя Францішка Аляхновіча. Беларускі ПЭН, які забаронены ў Беларусі, аднавіўся з цэнтрам у Варшаве, як і нашыя калегі з Саюза пісьменнікаў. Беларускі ПЭН існуе, дзейнічае і ўручае свае прэміі – Францішка Багушэвіча і Алеся Адамовіча. Хочацца верыць, што актывізуюцца нашыя знаёмыя нам фундатары, якія не стамляліся раней падтрымліваць прэміі, і зноў будуць уручацца прэміі Цёткі, для аўтараў – пісьменнікаў і ілюстратараў – дзіцячай літаратуры, што будзе ўручацца прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Уручаецца прэмія для перакладчыкаў імя Карласа Шэрмана. Гэта ўсё натхняе, гэта ўсё, найчасцей, мае матэрыяльны кампанент, але перадусім магчыма знак прызнанне і ўвагі таварышаў па цэху, знак салідарнасці, знак, што ты не самотны, ты не маргінал, выкінуты кудысьці ў свет на ўзбочыну. Цябе чытаюць і ты чытаеш. Мы разам пераадольваем межы.

Цалкам размова:

Яна Запольская, racyja.com