У Брукліне прэзентавалі «Янку Запрудніка» – кнігу з «Бібліятэкі Бацькаўшчыны»

9 лютага ў грамадзкай залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага адбылася прэзэнтацыя кнігі “Янка Запруднік”, якая пабачыла сьвет у сэрыі “Людзі эміграцыі”, ініцыяванай Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва. Кніга выйшла ў выдавецтве Фундацыі Kaminikat.org у Беластоку пры канцы 2024 году. Прэзэнтацыя была арганізаваная Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва сумесна зь Беларускай фундацыяй Крачэўскага пры інфармацыйнай падтрымцы Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы. 

Янка Запруднік (сапраўднае імя Сяргей Вільчыцкі, 1926—2022) — беларускі гісторык, журналіст, грамадзкі дзеяч у ЗША — паходзіў зь мястэчку Мір, вучыўся ў гандлёвай школе ў Баранавічах, у 1944 г. быў вымушаны пакінуць радзіму й канец Другой сусьветнай вайны засьпеў у Нямеччыне. Тут, каб трапіць у беларускі лягер для перамешчаных асобаў, вымушаны быў зьмяніць імя й прозьвішча й стаў афіцыйна Янка Запруднікам. 

У Нямеччыне маладзён скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы, заангажаваўся ў беларускі скаўтынг і стаў актыўна ўдзельнічаць у нацыянальным грамадзкім жыцьці. Разам з 11 іншымі гэткімі ж маладзёнамі, што прагнулі здабыць вышэйшую адукацыю, Янка Запруднік на пачатку 1948 г. скіраваўся на працу ў вугальных капальнях Вялікабрытаніі, дзе марыў ня толькі зарабіць грошы на навучаньне, але й пашыраць веды пра беларусаў і Беларусь. Сябры “Дванаццаткі” на ўласны кошт сталі выдаваць скаўцкі часопіс “Наперад!” і працягнулі гэтую справу надалей у бэльгійскім Лювэне, дзе змаглі атрымаць стыпэндыі на навучаньне ў мясцовым каталіцкім унівэрсытэце. 

У 1954 г. Янка Запруднік атрымаў дыплём гісторыка й адразу ж скіраваўся на працу ў нядаўна арганізаваную беларускую рэдакцыю радыё “Вызваленьне” (пазьней радыё “Свабода”) у Мюнхэне. І ў часе навучаньня ў Лювэне, і падчас працы ў Мюнхэне маладзён быў актыўна заангажаваны ў беларускае грамадзкае жыцьцё: удзельнічаў у розных беларускіх арганізацыях, сьпяваў у студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Міколы Равенскага, дапамагаў у выданьні газэты “Бацькаўшчына”. У гэты ж час ён ажаніўся зь сяброўкай зь гімназічных часоў Вольгай Харытончык, у Мюнхэне ў сям’і зьявілася першая дачка Ніна. 

Аднак Янка Запруднік марыў пра акадэмічную кар’еру гісторыка й дзеля гэтага ў другой палове 1950-х пераехаў зь сям’ёй у ЗША. Пасяліўся ў Нью-Ёрку, дзе здолеў у 1969 годзе абараніць доктарскую дысэртацыю, аднак, разам з тым, працягнуў працу ў беларускай рэдакцыі радыё “Свабода”, зноў далучыўся да беларускіх грамадзкіх арганізацый, быў сябрам БІНіМу, Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня, Згуртаваньня беларускай моладзі ў Амэрыцы й інш. Таксама быў шматгадовым сябрам Рады БНР, рэдагаваў розныя беларускія пэрыёдыкі. 

Як толькі зьявілася магчымасьць наведваць Беларусь у 1990-х, ён стаў наладжваць кантакты з суродзічамі: палітыкамі, пісьменьнікамі, грамадзкімі актывістамі й інш., каб дапамагаць нацыянальнаму адраджэньню. Разам з другой жонкай, спадарыняй Надзяй Запруднік, ён уклаў цягам трох дзесяцігодзьдзяў у розныя беларускія праекты, выданьні, аднаўленьне цэркваў, падтрымку сваякоў і беларускіх дзеячаў у Беларусі вялікія грошы. Янка Запруднік быў сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтру, Таварыства беларускай мовы, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. 

У творчай спадчыне гісторыка й журналіста — кнігі, прысьвечаныя як мінуламу беларускай эміграцыі, гэтак і ўласна гісторыі Беларусі (у тым ліку й ангамоўныя), а таксама выданьні на падставе багатага асабістага архіву. Аповеды пра пакручасны жыцьцёвы шлях дзеяча, гэтаксама як і розныя прыклады інтэлектуальнага даробку Янкі Запрудніка й склалі асноўны зьмест новай кнігі.

На пачатку прэзэнтацыі адна з укладальнікаў, архівістка Беларускай фундацыі Крачэўскага Валянціна Трыгубовіч згадала, што над кнігай працавалі акрамя яе яшчэ тры асобы: гісторык Натальля Гардзіенка, архівіст Лявон Юрэвіч і ўдава Янкі Запрудніка спадарыня Надзея Запруднік, якая не магла прысутнічаць на імпрэзе. 

У сваім выступе Натальля Гардзіенка, куратарка сэрыі “Людзі эміграцыі”, распавяла пра асноўныя жыцьцёвыя этапы дзеяча, а таксама акрэсьліла асаблівасьці зьместу кнігі. “Янка Запруднік” — мэмарыяльнае выданьне, якое мела на мэце ня толькі распавесьці пра выбітнага беларуса-эмігранта вуснамі іншых, але й як мага больш разнастайна рэпрэзэнтаваць ягоную творчую спадчыну. Таму ў кнігу ўвайшлі і ўрывак з дысэртацыі гісторыка, і ягоныя дасьледчыя публікацыі, і скрыпты для радыё “Свабода”, і эсэ, і вершы, і інтэрвію, і дзёньнікі, і ўспаміны, і вялікае ліставаньне, і бібліяграфія. Усё гэта мае на мэце актуалізаваць памяць пра тое, чым жыў і што ствараў Янка Запруднік. 

Дасьледнік гісторыі эміграцыі Лявон Юрэвіч дадаў пра важнасьць для Янкі Запрудніка ідэі пераемнасьці, забесьпячэньня працягу беларускай працы. Сярод іншага, сьведчаньнем гэтага стала заангажаванасьць у беларушчыне ягоных уласных дачок у маладым узросьце, а цяпер — тое, што гэтыя дочкі, Ніна й Вера, разам са спадарыняй Надзеяй Запруднік цалкам зафундавалі выданьне прэзэнтаванай кнігі. Зацікаўленасьць дзяцей у захаваньні й папулярызацыі творчай спадчыны бацькоў, на жаль, не асабліва пашыраная зьява ў асяродзьдзі беларускіх эмігрантаў. 

Валянціна Трыгубовіч згадвала ў часе прэзэнтацыі пра гісторыю ўласных кантактаў зь Янкам Запруднікам, ягоную прагу ўвесь час вывучаць нешта новае, а таксама пра багатую й надзвычай цікавую архіўную спадчыну дзеяча, якая захоўваецца і ў Менску, і ў Ратгерскім унівэрсытэце ў Нью-Джэрзі, і ў Беларускай фундацыі Крачэўскага ў Нью-Ёрку.

Некаторыя з прысутных на прэзэнтацыі падзяліліся сваімі ўспамінамі пра героя кнігі. Так, малады эмігрант Сяргей Харытонаў распавёў пра знаёмства зь Янкам Запруднікам у 2021 годзе й тую ўдзячнасьць, якую ён адчуваў ад усьведамленьня, як шмат было зроблена беларускімі эмігрантамі ў савецкія часы для захаваньня беларушчыны. Спадарыня Ганна Сурмач згадала, якімі важнымі былі кантакты зь беларусамі замежжа для суродзічаў у Беларусі пры канцы 1980-х — на пачатку 1990-х, адзначыла важную ролю Рады БНР, сябрам якой Янка Запруднік быў цягам больш як паўстагодзьдзя, казала пра тое, што беларусы са старой эміграцыі стваралі ўласную Беларусь у замежжы й сёньня гэткая ж задача зноў актуальная для суродзічаў у эміграцыі.

Адзіная ў залі прадстаўніца яшчэ тае старое эміграцыйнае хвалі спадарыня Ала Орса-Рамана згадала пра важную місію “паставіць Беларусь на мапу сьвету”, якую мелі беларусы на Захадзе пасьля Другой сусьветнай вайны. Пашырэньнем ведаў пра беларусаў у амэрыканскім грамадзтве займаўся й Янка Запруднік. Спадарыня Валянціна Якімовіч распавяла пра вясёлы выпадак з уласных кантактаў зь дзеячам на пачатку 1990-х, калі ён, пасьля сьмерці першай жонкі, быў зайздросным жаніхом, на якога палявалі беларускі й з ЗША, і зь Беларусі. 

Выступы ў часе прэзэнтацыі суправаджаліся паказам здымкаў з розных пэрыядаў жыцьця Янкі Запрудніка. Імпрэзе папярэднічаў смачны пачастунак, арганізаваны пад кіраўніцтвам спадара Валера Дворніка. А па заканчэньні прэзэнтацыі кожны ўдзельнік мог набыць сабе й новую кнігу, і ранейшыя працы дзеяча, а таксама выданьні Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.

Тацьцяна Гаркавая, bielarus.info