«Нічога пра Беларусь без беларусаў!» – упершыню за чатыры гады Святлана Ціханоўская выступіць на галоўнай сцэне Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы – адна з найважнейшых сусветных платформаў па абмеркаванню галоўных выклікаў знешняй палітыкі і ў сферы бяспекі. Сёлета івэнт асабліва важны – будуць шырока абмяркоўвацца пытанні міру ва Украіне і сітуацыя ў нашым рэгіёне.

Да таго ж, упершыню за чатыры гады Святлана Ціханоўская выступіць на асноўнай сцэне канферэнцыі. Удзел лідаркі ў двух дыскусіях асноўнай праграмы паказвае: у міжнародных дыскусіях пра бяспеку рэгіёна дзейнічае прынцып «нічога пра Беларусь без беларусаў». Пасля асноўных дыскусіяў адбудзецца асобны сайд-івэнт, прысвечаны сітуацыі ў Беларусі пасля #бязвыбары2025.

Напярэдадні мерапрыемства каманда Офіса тлумачыць, чаму ўдзел дэмакратычных сілаў у форуме важны для Беларусі. 

Прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне

#Бязвыбары2025 Лукашэнкі не прызналі ні дэмакратычныя краіны свету, ні ўплывовыя міжнародныя арганізацыі, інстытуты і палітычныя дзеячы. Чарговы выступ беларускай лідаркі ў Мюнхене – гэта і прадстаўніцтва беларускага народа, і ўпэўненасць у тым, што пытанне Беларусі не адыходзіць на перыферыю еўрапейскіх праблемаў.  

Супрацьдзеянне паўзучай акупацыі Беларусі Расіяй 

Расія актыўна ўцягвае Беларусь у сваю арбіту, у тым ліку праз размяшчэнне войскаў і ядзернай зброі на тэрыторыі нашай краіны. Пляцоўка, якую прадастаўляе канферэнцыя, дапамагае дэмакратычным сілам распавесці сусветнай супольнасці пра недапушчальнасць ператварэння Беларусі ў ваенны плацдарм Расіі. 

Падтрымка палітвязняў  

Канферэнцыя дазваляе нагадаць сусветным лідарам, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца і адбываюцца штодзённа. Гэта і трымае крызіс правоў чалавека ў Беларусі ў цэнтры ўвагі, і дае магчымасць абмеркаваць усе магчымыя шляхі вызвалення беларускіх палітвязняў.  

Дапамога для беларусаў у выгнанні  

Не менш за 600 тысячаў беларусаў пакінулі краіну за апошнія 4,5 гады. Канферэнцыя дае Святлане Ціханоўскай магчымасць дамовіцца з лідарамі вядучых краінаў пра падтрымку дыяспары, грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя, а таксама абмеркаваць спрашчэнне легалізацыйных працэдураў і праграмы дапамогі. 

Альтэрнатыўнае бачанне будучыні Беларусі і падрыхтоўка да пераменаў  

Рэжым намагаецца давесці, што з’яўляецца адзінай сілай, здольнай кіраваць Беларуссю. Але ж ёсць альтэрнатыўны шлях, і гэта дэмакратычнае і незалежнае развіццё краіны.  

Калі ў Беларусі з’явіцца акно магчымасцяў, важна, каб міжнародная супольнасць была гатовая падтрымаць і дапамагчы ў пераходны перыяд.

tsikhanouskaya.org