Таццяна Грыневіч-Матафонава: «Ніколі не думала, што паланэз «Развітанне з Радзімай» набудзе асабісты сэнс для мяне»

Беларускі раманс, дзіцячыя народныя і школьныя песні, народныя танцы, песні на словы беларускіх знакамітых паэтаў. Таццяну Грыневіч-Матафонаву можна назваць сапраўднай народнай спявачкай. Сама ж яна сябе анансуе як спявачку і скрыпачку капэлы «На таку».

Вядомая спявачка не магла застацца ў баку ад народа і падчас падзей лета-восені 2020 года. У тыя часы яе можна было ўбачыць і пачуць на розных імправізаваных канцэртах салідарнасці, піша «Новы Час».

— Таццяна, якімі былі вашыя першыя крокі на шляху да музыкі і песень?

— Спяваць я пачала з ранняга маленства дзякуючы сваёй маме, якая працавала настаўніцай музычнай школы. Памятаю, як неяк знайшла старую касету, на якой было напісана «Таня, два гады». Там я грала адным пальчыкам на фартэпіяна дзіцячыя песенькі і спявала. А калі раптам трапляліся чорныя клавішы, то пачынала спяваць спачатку ад ноты «До», каб былі толькі белыя клавішы. Заняткі ж музыкай пачаліся ва ўзросце трох месяцаў. Паводле слоў мамы, сядзець з ёю за музычным інструментам я пачала адразу ж, як толькі змагла сядзець на яе каленках. Першы мой спеўны выступ адбыўся на вялікай сцэне Ашмянскага дома культуры — то было развітанне з садочкам, выпускны ранішнік.

У музычнай школе падчас перапынкаў заўжды збіраліся з сябрамі і я спявала песні, акампануючы сабе на фартэпіяна.

Пазней вывучыла тры акорды на гітары, пад акампанемент якой добра спявалася каля вогнішча ў кампаніі сяброў.

У музычнай вучэльні марыла пра вучобу ў кансерваторыі — каб стаць опернай спявачкай. Гэтага не здарылася. На цяперашні розум лічу, што гэта Бог збярог мяне ад такога шляху, як ні дзіўна гэта гучыць. Мой італьянскі настаўнік прафесар Франчэска Аніле пазней распавёў, што ён не ў захапленні ад беларускай вакальнай школы і мне нават пашчасціла ў тым, што я там не вучылася.

— Калі вы прыйшлі да беларускай мовы і да беларускасці?

— Мела шчасце навучацца ў Беларускім ўніверсітэце культуры і мастацтва. Там былі цудоўныя настаўнікі. У тым ліку і беларускамоўныя, з прыгожай беларускай мовай і мяккім вымаўленнем. Мне таксама захацелася авалодаць нашай спрадвечнай прыгажосцю. Прызнаюся, што «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча чытала са слоўнікам. Але даволі хутка на ўзроўні падсвядомасці аднавілася ўсё тое, што продкі захоўвалі для нас стагоддзямі.

Штуршок да беларушчыны мне даў і мой тата, які яшчэ раней, у дзяцінстве, патлумачыў, хто мы на гэтай зямлі і навошта мы тут.

— Чаму вас прывабілі менавіта беларускія песні, а не, напрыклад, опера, рускія рамансы?

— Першыя выступы з беларускай песняй адбыліся на пасяджэннях клуба «Спадчына». Тады ж прыйшло і разуменне, што оперу і рускія рамансы спяваюць усе, каму не лянота, а беларуская песня, у якой беларусы як народ найбольш маюць патрэбу, гучыць вельмі мала. Менавіта таму свой рэпертуар пабудавала толькі з беларускіх песень. Сусветныя оперныя арыі спявала дома, для маці — каб падтрымаць спеўную форму. З цягам часу ў мой канцэртны рэпертуар дадаліся замежныя песні, рамансы ў перакладзе Сяржука Сокалава-Воюша. Больш за 10 гадоў была актыўнай удзельніцай кампаніі «Будзьма беларусамі». З паэтам Міхасём Скоблам мы аб’ездзілі ўсю Беларусь, несучы беларускія слова і песню ў народ.

— Як прыйшла ідэя ладзіць музычныя выступы перад людзьмі летам і восенню 2020 года і прыцягваць да ўдзелу ў спевах і танцах гледачоў?

— Вельмі жахнулася, калі была забіта першая ахвяра мірных пратэстаў Аляксандр Тарайкоўскі і тым, што ў маёй краіне такое адбываецца. Тады ўсе неслі кветкі на «Пушкінскую», мы з сынам таксама. Калі стала зразумела, што народ на плошчы будзе збірацца кожны вечар, прыйшла думка: «Вось і надышоў час для яднання беларусаў праз беларускі танец, песню, мову». Стагоддзямі найлепшыя сыны Беларусі гаварылі, што толькі мова дасць нам свабоду і незалежнасць.

Пра гэта гаварыў і Ніл Гілевіч.

Такім чынам пачаліся танцавальна-музычна спеўныя выступы на плошчы з удзелам гледачоў.

— А ці быў такі досвед раней?

— Так, за апошнія два гады я арганізавала шмат літаратурна-музычна-танцавальных сустрэч у школах па ўсёй Беларусі, а таксама на курсах «Мова нанова» амаль ва ўсіх гарадах, дзе на той час курсы праходзілі. Мы са школьнікамі слухалі галасы беларускіх паэтаў, я спявала песні на іх вершы, разам спявалі беларускія народныя песні і «Калыханку» на словы Генадзя Бураўкіна, гулялі ў беларускія народныя гульні, танчылі беларускія народныя танцы. Вельмі хацелася зацікавіць дзяцей нашай культурай. Лічу, што ў мяне гэта атрымлівалася.

Таму на плошчы я проста працягвала рабіць сваю звычайную асветніцкую працу.  

З сынам Адасем

Дарэчы, яшчэ падчас працы ў філармоніі мяне выклікалі на размову, супрацоўнік вядомых служб настойліва тлумачыў, што мае выступы не павінны мець палітычны характар, а я яму даводзіла, што мае выступы не палітычныя, а ўсяго толькі асветніцкія.

— Што прымусіла вас пакінуць Радзіму? (У цяперашні час Таццяна жыве ў Турцыі. – Заўв. рэд.) Ці ладзіце вы свае канцэрты цяпер і дзе?

— Я зразумела, што ў нашу краіну насамрэч прыйшла оруэлаўская антыўтопія. Як гэта не абсурдна, але за песні і мастацтва пачалі саджаць за краты.

Але ў нас ёсць прыклад мастака Алеся Пушкіна, які не збаяўся кратаў і, нягледзячы ні на што, вярнуўся ў Беларусь.

Даруйце мне, я аказалася нямоцнай жанчынай, якая прыняла рашэнне выехаць у Турцыю. Маё здароўе, на жаль, жадае быць лепшым і краты не вытрывае. Ніколі не думала, што паланэз «Развітанне з Радзімай», які я часта выконвала, набудзе асаблівае гучанне і асабісты сэнс для мяне таксама.

Канцэрты? Там, дзе ёсць я, там ёсць і «канцэрт». Ці то на пароме праз Басфор гучыць «Купалінка», ці то каля Сафійскага сабора ў Стамбуле «Мы выйдзем шчыльными радамі», альбо на беразе Мармуровага мора — «Магутны Божа». Дзесьці чутны спеў, а дзесьці — гукі скрыпкі (пад настрой).

А самае прыемнае — калі на родныя гукі адгукаюцца беларускія турысты: то выгукнуць кліч Янкі Купалы, то разгорнуць сцяг — ажно душа радуецца.

Нягледзячы на адлегласць паміж Беларуссю і Турцыяй, я працягваю свае творчыя сустрэчы з беларусамі розных гарадоў краіны. Праз адмысловыя ZOOM-канферэнцыі, гарадскія тэлеграм-чаты і групы. Запісваю і выкладаю ў youtube свае песні, дзялюся сваёй беларускамоўнай творчасцю з аматарамі беларускіх песень.

— Які свой праект вы лічыце найлепшым?

— Найлепшым маім беларускамоўным праектам ёсць мой сын Адась. Па дарозе жыцця, каб ажыццявіць гэты лепшы праект рабіліся тры «Дзіцячыя альбомы» з апрацоўкамі беларускіх народных песень для дзяцей, тры аудыёдапаможнікі для школ па беларускай літаратуры «Няма прыгажэй маёй Беларусі», «Сотня вершаў»,  «Галасы паэтаў», капэла «На таку», дзе я грала народныя танцы ў кавярні «Жар-птушка». Там Адась знаёміўся з традыцыйнымі танцамі, песнямі, абрадамі. Таксама разам з сынам мы многа выступалі на розных мерапрыемствах, спяваючы беларускія песні, а цяпер разам запусцілі ютуб канал «Matafan records», дзе выкладаем апошнія і ранейшыя працы. Колькі гадоў таму Адась удзельнічаў у конкурсе «Мова — музыка — футбол», і тая песня «Перамога» зараз загучала для мяне з новым сэнсам. Слухаючы яе, чакаю найхутчэйшай перамогі дабра над злом.

— Вы маглі б збіраць вялікія залы і зарабляць вялікія грошы…

— Перашкодзіла мая сціпласць. Я заўжды спявала там, куды мяне клікалі, там, дзе хацелі пачуць беларускія песні. Часам былі і вялікія залы, часам зусім малыя. Мне гэта было не прынцыпова, самае галоўнае — данесці слухачу беларускае слова. Нават калі б гэта быў і адзін чалавек. Заўжды мела нейкія дзіўныя адносіны з грашыма. Дарэчы, калі працавала ў музычнай школе, нават тады было псіхалагічна цяжка заходзіць у бухгалтэрыю па свае сумленна заробленыя грошы. А зараз, калі пытаюць, колькі ж будзе каштаваць мая праца, у мяне толькі адзін адказ: «Колькі Бог дасць».

— Распавядзіце, калі ласка, пра крыніцы натхнення.

— Беларуская прырода, беларускія людзі, вандроўкі, дзіцячыя ўспаміны. Уся мая творчасць запоўнена менавіта гэтымі вобразамі. Гук, у які не ўкладзены глыбокі сэнс, — гэта проста пусты гук. Я ў кожны гук стараюся ўкласці глыбокі беларускі сэнс, таму мае слухачы часта кажуць, што мае песні пераварочваюць душу, а часам нават лечаць.

— Каронавірус не абмінуў вашу сям’ю — забраў жыццё маці. Як вы спраўляецеся з асабістай бядой?

— Бяда ў нас на ўсіх адна, і гэтая бяда стварае многа вялізных праблем у жыцці. Месяц таму мая мамачка птушачкай паляцела да Бога. Кавід. Маці магла б яшчэ жыць і жыць А я не змагла прыехаць развітацца з ёй. Усе мы чакаем, калі наша краіна вольна пачне дыхаць. Тады я змагу спакойна прыехаць і прынесці маёй матулі кветкі. На дадзены момант гэта адзінае маё жаданне.

— Ці прыйдзем мы да той Беларусі, пра якую марылі нашы найвялікшыя паэты, чые творы гучаць у вашых песнях?

— Робіцца вялікая праца. Народ ужо разумее ролю беларускай мовы, культуры, а гэта значыць, што мы ўжо на вялікі крок бліжэй да Беларусі. Лічу, што мы ідзём у правільным кірунку.

Марыя Верас, novychas.online