
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International назвала ганебным, што міжнародная супольнасьць дазволіла разгарнуцца і адысьці на другі плян крызісу з правамі чалавека ў Беларусі.
Amnesty International заклікала беларускія ўлады неадкладна спыніць жорсткую кампанію рэпрэсій супраць любога іншадумства, якая адмаўляе народу Беларусі ў свабодзе слова напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных на 26 студзеня.
«Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і без таго глыбокі крызіс правоў чалавека ў Беларусі яшчэ больш паглыбіўся. Шляхам жорсткай кампаніі супраць усіх іншадумцаў улады стварылі задушлівую атмасфэру страху, прымушаючы замаўчаць усё і ўсіх, хто кідае выклік ураду», — сказала Мэры Стразэрс, дырэктарка Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі.
«Сыстэматычнае прымяненьне рэпрэсіўных захадаў, у тым ліку адвольныя затрыманьні, катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня, а таксама эфэктыўная крыміналізацыя крытычных выступаў малююць змрочную карціну становішча правоў чалавека ў Беларусі сёньня».
«Ганебна, што міжнародная супольнасьць шмат у чым дазволіла разгарнуцца і адысьці на другі плян крызісу з правамі чалавека ў Беларусі. У той час, як увага засяродзілася на іншым, тысячы людзей у Беларусі далей зьнявольваюць, катуюць або прымушаюць замаўчаць проста за выказваньне сваёй думкі. Урады і міжнародныя арганізацыі павінны дзейнічаць рашуча, каб дамагчыся неадкладнага спыненьня гэтага крызісу, які доўжыцца, і прыцягнуць беларускія ўлады да адказнасьці за яго».
Паводле Amnesty International, пасьля масавых пратэстаў 2020 года беларускія ўлады разгарнулі бязьлітаснае задушэньне іншадумства. Міліцыя і іншыя праваахоўныя органы сустрэлі мірныя акцыі пратэсту незаконным прымяненьнем сілы.
Паводле зьвестак беларускіх праваабаронцаў, з 2020 году больш за 50 тысяч чалавек прайшлі праз адвольныя затрыманьні за ўдзел у мірных акцыях пратэсту або за датычнасьць да іх, 6550 былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці і асуджаныя, а 3697 былі асуджаныя на пазбаўленьне волі. Многія зь іх зазналі катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня. Сама меней сем палітвязьняў памерлі ў зьняволеньні з 2021 года, пяць зь іх толькі ў 2024 годзе.
«Гэтых сьмерцяў можна было пазьбегнуць, і яны зьяўляюцца наступствам умоў утрыманьня і неналежнага мэдыцынскага абслугоўваньня», зазначае Amnesty International.
Кампанія рэпрэсій толькі ўзмацнілася напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году, калі ўлады нацэліліся на нязгодных асоб і групы ва ўсіх слаях грамадзтва, непасрэдна і празь іх сваякоў, заяўляюць праваабаронцы.
Паводле іх, злоўжываньне антыэкстрэмісцкім заканадаўствам стала краевугольным каменем стратэгіі ўраду ў задушэньні іншадумства. Па стане на канец 2024 года 6565 інтэрнэт-рэсурсаў, ад асабістых акаўнтаў у сацыяльных сетках да незалежных СМІ і міжнародных інфармацыйных арганізацый, былі адвольна пазначаныя як «экстрэмісцкія». Фізычным асобам пагражаюць сур’ёзныя пакараньні, уключна зь вялікімі штрафамі, за любую сувязь з гэтымі арганізацыямі.
Праваабаронцы зьяўляюцца асаблівай мішэньню рэпрэсій: 93 зь іх адвольна затрыманыя з 2020 году, у тым ліку вэтэран-праваабаронца, ляўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Сотні актывістаў, лідэраў грамадзянскай супольнасьці і мінімум 45 супрацоўнікаў СМІ ў цяперашні час знаходзяцца за кратамі, і незьлічоная колькасьць людзей сутыкнуліся з сфабрыкаванымі абвінавачаньнямі, што прымусіла многіх пакінуць краіну, піша Amnesty International.
