«Танцы над горадам» Уладзімера Арлова выйшлі па-польску

Дзяржаўны выдавецкі інстытут (Państwowy Instytut Wydawniczy – PIW) выдаў кнігу Уладзімера Арлова «Танцы над горадам. Тры аповесці» ў перакладзе на польскую мову Багдана Задуры.

У анатацыі на сайце выдавецтва чытаем: «Танцы над горадам» — адна з самых прыгожых і хвалюючых кніг пра дваістую прыроду рэчаіснасці і таямнічасць творчасці. Уладзімер Арлоў — адзін з самых цікавых і папулярных беларускіх паэтаў і празаікаў апошніх дзесяцігоддзяў — пераносіць нас у свет, дзе мары перасякаюць мяжу явы і даюць перадышку ад жахаў рэальнасці, у якой пратэстоўцы гінуць ад снайперскіх куль. Тры гісторыі, якія адбываюцца ў розных краінах (і светах), ствараюць складанае цэлае, дзе неверагодныя лёсы герояў пераплятаюцца і разблытваюцца. У першай аповесці невялікая кампанія  самнамбулаў жыве падвойным жыццём: незнаёмыя паміж сабой удзень,  уначы яны аб’ядноўваюцца ў таемнае брацтва. У другой аповесці пісьменнік праводзіць эксперыменты з чалавекам са свайго сну, які суправаджае яго падчас напісання твору, а ў трэцяй аўтар турыстычнага даведніка трапляе на кніжны кірмаш у невялікім шведскім горадзе.
Паўсядзённасць на кожным кроку сустракаецца са звышнатуральным, гісторыі захапляюць шырынёй культурных асацыяцый і пранікнёнасцю сацыяльных назіранняў і ў той жа час сапраўды кранальныя, як у апісанні пахавання ахвяр дэманстрацыі, сярод якіх адзін з танцораў-самнамбулаў.

Кніга «Танцы над горадам» у 2018 годзе была ўганараваная літаратурнай прэміяй імя Ежы Гедройца.

Кнігу «Танцы над горадам. Тры аповесці» ў перакладзе на польскую мову можна замовіць на сайце выдавецтва.

kamunikat.org