У Беластоку прайшоў урачысты канцэрт з нагоды Дня Волі Беларусі

У Падляшскай філармоніі ў Беластоку прайшоў урачысты канцэрт, прысвечаны Дню Волі – 25 сакавіка, у памяць пра абвяшчэнне незалежнасці Беларусі ў 1918 годзе. На свяце прысутнічалі высокія госці, сярод якіх намеснік прэзідэнта Беластока Марэк Масальскі, прадстаўнік Сейміка Падляшскага ваяводства Ігар Лукашук, Упаўнаважаны па справах нацыянальнасцяў Падляшскага ваяводы Артур Канапацкі.

Павел Гонца – дырыжор хору “Унія”, які падарыў гледачам цудоўны музычны выступ – падзяліўся сваімі ўражаннямі:

– Лірыка змагання, беларускія песні і маршы, таксама яшчэ трупуцелі, гэта літоўскае слова азначае крыху, украінскай і літоўскай музыкі. Свята свабодных людзей, мы свабодныя людзі, у нас сёння прафесійнае свята. Гэта наш першы выступ у Беластоку за гадоў амаль што пятнаццаць.

Падчас канцэрта ўсе гледачы актыўна віншавалі адзін аднаго з Днём Волі:

– Гэта самае важнае свята для кожнага беларуса, мусім помніць пра сваіх герояў.

– Шчасця, здароўя, а перш за ўсё веры ў тое, што будзе лепшае заўтра.

– Хачу пажадаць, каб беларусы, незалежна ад таго, ці  гэта дыяспара, ці мы, каб мелі за граніцай вольную краіну, дзе можна размаўляць на беларускай мове, дзе ніхто нічога не баіцца.

– Святочнае пераважае над смуткам.

– Калі-небудзь мы будзем Дзень Волі святкаваць у Беларусі ўсе разам.

Канцэрт адкрыўся ўрачыстымі словамі, пасля чаго радны БНР Яўген Вапа ўручыў падзякі дзеячам, якія асабліва вылучыліся на Падляшшы. Сёлета лаўрэатамі сталі:

Міраслава Ніканчук – настаўніца з Самаўрадавага прадшколля No 1 у Гайнаўцы, дзе
звыш дваццаць гадоў вядзецца навучанне беларускай мове падчас асноўных заняткаў у
рамках праграмнай падставы навучання, а таксама за арганізацыю дадатковых заняткаў,
падчас якіх дзеткі знаёмяцца з мясцовымі традыцыямі, роднай мовай і культурай.

Віктар Сямашка – музыка, паэт, журналіст, якога шматгадовая, даледчыцкая праца па
гісторыі беларускага джаза і другіх музычных кірункаў, яднае ў бязмежнай, культурнай
прасторы Беласток, Вільню, Менск. Падзяка за паднятыя выклікі музычнай і харавой
інтэрпратацыі паэзіі Надзеі Артымовіч.

Марцін Рэмбач – шматгадовы старшыня Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча –
Беларусь, якога дзейнасць у карысць пазітыўных суадносін паміж палякамі і беларусамі на
рэгіянальным і трансгранічным супрацоўніцтве спрыяе гадамі нашаму супольнаму лёсу.
Падзяка за шматгадовыя пераклады беларускіх аўтараў на польскую мову і выдавецкія
ініцыятывы ў гэтай справе.

Таксама былі ўручаны граматы ад украінскай дыяспары беларускім валанцёрам, якія аказваюць дапамогу Украіне.

Выступ Дырэктара Цэнтра Беларускай Культуры ў Беластоку
Анатоля Вапа

Шаноўнае Спадарства!
Сардэчна вітаю ўсіх на ўрачыстых святкаваннях 107-й гадавіны аб’яўлення незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сустракаемся ў вельмі трывожным і неспакойным перыядзе для ўсяго чалавецтва ва ўсіх сферах нашага жыцця. У час вайны і міру. І як беларусам у гэтым хісткім свеце не зняверыцца ў сваім і надалей адстойваць беларускія справы як самыя важныя для нас і наступных пакаленняў. Менавіта Акт 25 Сакавіка 1918 года назаўсёды пасяліў у беларускіх душах і памкненнях прагу і права да свабоды і незалежнасці і гэтая дата павінна стаць падмуркам нацыянальнай згоды і еднасці.

Таксама беларусы ў Польшчы гадамі неабыякавыя да гэтай гістарычнай даты. Зараз акурат адзначаем саракагоддзе першага паўлегальнага святкавання ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, якое мела месца ў Варшаве ў 1985 годзе ў Беларускім клубе, што знаходзіўся тады па вуліцы Сенатарскай. У наступным годзе святкаванні перанесліся ў Беласток, дзе безперапынна святкуюцца тут да нашых дзён.

Сёння з раніцы такія святкаванні мелі месца ўпершыню ў пачатковай школе ў Дубічах Царкоўных, гміне, з якой тэрыторыі пачалося беларускае школьніцтва на Беласточчыне ў час першай сусветнай вайны, а менавіта ў вёсцы Грабавец, дзякуючы нязломнай патрыётцы Веры Маслоўскай.

Варта ўспомніць, што таксама жыхары Беласточчыны удзельнічалі ў заснаванні і змаганні ў абароне Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка была абвешчана незалежнасць Беларусі і створаны ўрад, на чале якога стаяў Язэп Варонка, ураджэнец Кузніцы Беластоцкай і выпуснік гімназіі ў Беластоку. Сотні жыхараў Беласточчыны ўступілі ў шэрагі беларускіх вайсковых фармаванняў. На Беласточчыне сфармаваны быў дабраахвотніцкі беларускі батальён арміі генерала Булак-Балаховіча, якім камандаваў маёр Мікола Дзямідаў з Гарадка. Афіцэрамі ў гэтым батальёне былі капітан Кастыцэвіч з Бельска Падляшскага і паручнік Казлоўскі з Залесся пад Новым Дваром.

Гэты батальён, які ваяваў між Прыпяццю і Дняпром, як апошні зышоў з поля бою за Беларускую Народную Рэспубліку ў снежні 1920 года. Беластачане былі таксама сярод слуцкіх паўстанцаў 1920 года. Другім Грозаўскім палком Слуцкай брыгады стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі камандаваў капітан Аляксандр Семяняка з Астраўка на Сакольшчыне. На жаль, толькі нешматлікіх беларускіх жаўнераў ведаем па імені і прозвішчы, тым не менш можам ганарыцца нашымі зямлякамі.

Наш сённяшні канцэрт мы ахвяруем усім тым, каму гістарычныя і штодзённыя ідэі беларускасці – сталіся неад’емнай часткай мінулых і цяперашніх часоў!

Беласток, 25.03.2025

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

racyja.com