«Беларуская мова — гэта маё каханне». Віленская настаўніца пра тое, як выкладае беларусам іх мову

Выкладчыца беларускай і літоўскай мовы Эдзіта Шукевіч нарадзілася і жыве ў Літве. Пятнаццаць гадоў яна працавала дыктаркай і суаўтаркай беларускай перадачы на Літоўскім радыё. Але больш за ўсё ёй падабаецца выкладаць. Доўгі час Эдзіта была настаўніцай у Віленскай гімназіі імя Францыска Скарыны, зараз жа дзеліцца ведамі з беларускімі дзеткамі, якія вымушана пакінулі радзіму. Беларуская асацыяцыя журналістаў завітала у Беларускую школку пры Доме беларускай супольнасці і культуры ў Вільні, каб паразмаўляць з Эдзітай Шукевіч пра беларускую мову, нацыянальную ідэнтычнасць і захаванне традыцый.

Эдзіта Шукевіч. Фота з прыватнага архіва гераіні

«Атрымліваю сапраўдную асалоду ад таго, што размаўляю па-беларуску»

— Як атрымалася так, што карэнная жыхарка Вільні стала вывучаць, а потым яшчэ і выкладаць беларускую мову?

— Беларуская мова — гэта маё каханне! Так, менавіта гэта слова я ўжываю. Кожны раз з захапленнем думаю: якая ж яна прыгожая, мілагучная, жывая і багатая! Атрымліваю сапраўдную асалоду ад таго, што размаўляю па-беларуску.

Мяне цягнула да беларускай мовы з маленства. Напэўна, таму, што ў мяне беларускія карані. Мама з татам паходзяць з мястэчак з-пад беларуска-літоўскай мяжы. Адтуль за савецкім часам было бліжэй ехаць вучыцца ў Вільню, чым ў Гародню — так бацькі і апынуліся ў Літве.

Частка майго дзяцінства праходзіла ў беларускім мястэчку: на канікулы прыязджала да дзядулі з бабуляй. Але палюбіла беларускую мову ў Вільні дзякуючы настаўнікам і выкладчыкам, якія мяне натхнілі. Шлях мой да яе пачаўся ў Віленскім педагагічным універсітэце. Я вучылася на настаўніка беларускай мовы і літаратуры — гэта, дарэчы, быў першы выпуск па такой спецыяльнасці.

Фота з асабістага архіва гераіні

Мне вельмі пашанцавала, у мяне былі выдатныя настаўнікі — Лявон Луцкевіч і яго жонка Галіна Войцік, дачка Зоські Верас.

Гэта яны заахвоцілі вывучаць беларускую мову, удасканальвацца. А вялікі досвед працы ў 1990-я гады на беларускамоўных перадачах Дзяржаўнага літоўскага радыё дапамог прымяняць веды на практыцы. 

 Што для вас значыць беларуская мова?

— Найперш, гэта мае карані, маё дзяцінства. Бабуля добра размаўляла па-беларуску і па-літоўску, дзядуля вельмі прыгожа спяваў беларускія песні. Я заўсёды ганарылася, што валодаю беларускай мовай. Напэўна, жаданне перадаваць свае веды, досвед і, галоўнае, любоў да мовы прывялі мяне зараз у Беларускую школку. Тут я імкнуся натхніць маленькіх беларусаў, якія прыехалі ў Літву, як калісьці гэта адбылося са мной дзякуючы цудоўным настаўнікам. Я хачу, каб яны адчулі мілагучнасць беларускай мовы, прыгожа вымаўлялі і цешыліся менавіта тым, што маюць беларускія карані.

«Адпачатку ў Беларускай школцы я была адзінай настаўніцай»

— Як даўно існуе Беларуская школка?

— Яна з’явілася ў мінулым годзе пры Доме беларускай супольнасці і культуры ў Вільні. Гэта нефармальны адукацыйны праект Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча для дзетак-беларусаў і іх бацькоў. Усе заняткі ў школцы бясплатныя.

Падчас заняткаў. Фота з асабістага архіва гераіні

А пачыналася ўсё з адной невялічкай групкі. На той час я была адзінай настаўніцай. Увесну ў групу прыйшло ўжо каля 20 дзетак прычым рознага ўзросту — ад 3-х да 12-ці гадоў. Цікавасць расла, і ў школцы з’явіўся свой менеджар. Дзякуючы арганізатарскім здольнасцям спадарыні Марыны, якая сама калісьці прывяла дачку на заняткі, сёння школка гэта ўжо некалькі груп для заняткаў беларускай мовай не толькі для дзяцей, але і для дарослых.

А яшчэ шмат іншых разнастайных займальных і захапляльных мерапрыемстваў па розных кірунках, майстар-класы, творчыя сустрэчы. Нядаўна пачаў працу жаночы клуб, дзе вучацца вышываць, плесці з бісеру, ткаць паясы — і усё з роднымі матывамі. Усяго ў Беларускай школцы зараз 14 гурткоў, і ўсе яны на беларускай мове. Гэта не толькі моўныя заняткі ці звязаныя з творчасцю, але і тэхнічныя напрамкі. Ёсць гурткі па робататэхніцы, 3D-мадэляванні, софт-скілс. Для падлеткаў асобная група. Нейра-атыповая група для дзетак з асаблівасцямі, якім раптоўныя вымушаныя пераезды надзвычай цяжка даюцца. Зараз гэта не проста нейкі набор гурткоў, а сапраўдная дыяспара — людзі арганізуюцца па інтарэсах, сябруюць.

— Ці падобныя гэтыя заняткі да школьных?

— Увогуле ў Беларускай школцы зараз каля 130 дзетак. У групе час ад часу на занятак можа прыходзіць да 30 чалавек. Але нашыя заняткі беларускай мовай гэта не школа ў тыповым уяўленні, што прыйшлі, селі за парты і пішам, чытаем. Дзеткі рознага ўзросту і ўзроўню ведаў. Таму мы бяром нейкую асобную тэму і размаўляем падчас урока пра яе.

А тэмы вызначылі сацыяльныя, такія, што ў паўсядзённым жыцці патрэбныя. Напрыклад, назвы адзення, посуду, будынкаў, транспарту. Уключаем слова ў сказ, каб адразу правільную пабудову канструкцыі запамінаць. Мы вывучаем і беларускі арнамент, колеры ў нацыянальных строях, развучваем песні, ладзім беларускія абрады. Найперш нашыя заняткі — гэта прэзентацыі, інтэрактыўныя гульні, маляванне. А ёсць група дзетак ад 3-х да 5-ці гадоў, то ў іх знаёмства з мовай праз казкі, яны слухаюць, гуляюцца і вучаць.

Фота з асабістага архіва гераіні

 Напэўна, для малечы такія заняткі ў радасць.

— Я вельмі ганаруся, што з’яўляюся часткай гэтай школы.

Таму што першай мэтай, калі з’явілася ідэя, было не столькі навучыць дзяцей веданню беларускай мовы і літаратуры, колькі даць ім зразумець, што яны тут у новых абставінах, у незнаёмым для іх горадзе не адны.

Я часам пытаюся ў хлопцаў і дзяўчат, чаму штотыдзень яны прыходзяць на заняткі. Маўляў, гэта ж па суботах, дадатковы навучальны дзень атрымліваецца. А яны адказваюць: “Тут мае сябры!”. Дзякуючы гэтаму перыяд адаптацыі праходзіць значна лягчэй. Да таго ж ёсць магчымасць сустрэцца з псіхолагам тым, каму гэта патрэбна. Таму зараз для беларускіх дзетак заняткі па роднай мове — гэта і вучыцца, і размаўляць, і гуляць, і бавіць цікава час, і камфортна ўлівацца ў новы асяродак.

«На кожным свяце ёсць супольны абед, калі кожны прыносіць з сабой аўтэнтычную беларускую ежу»

— А наколькі добра маленькія беларусы, якія прыходзяць да вас, ведаюць мову?

— На занятках прысутнічаюць розныя дзеткі. Некаторыя вельмі добра размаўляюць па-беларуску, бо наведвалі беларускамоўны садок. Некаторыя ўжо другі год наведваюць заняткі, ёсць і тыя, хто толькі тры месяцы. Але ўсе з вялікім захапленнем завітваюць штотыдзень. І мяне вельмі цешыць, што бацькі падтрымліваюць гэтае імкненне дзяцей вучыць родную мову і традыцыі.

Яны не толькі прыводзяць дзяцей на заняткі, вучаць з імі беларускую мову дома, але і самі імкнуцца паглыбіць свае веды ці проста пачаць размаўляць па-беларуску.

Дарэчы, для дарослых ёсць асобныя заняткі. Гэта такія нефармальныя інтэрактыўныя сустрэчы, якія праводзіць Вінцук Вячорка. Прыходзіць шмат жадаючых, і некаторыя пакуль не прыехалі ў Літву, не асабліва ведалі сваю мову, але тут вырашылі выправіць гэты недахоп. Яны праходзяць свой шлях да беларушчыны. Паступова, слова за словам пачынаюць размаўляць на роднай мове.  

 Такім чынам і дзеці, і іх бацькі пачынаюць сябе больш свядома ідэнтыфікаваць беларусамі, што зараз, мне здаецца, надзвычай важна.

— Менавіта! Таму мы ў школцы і праводзім заняткі з ухілам на культурныя каштоўнасці, ладзім аўтэнтычныя святы, якія заўсёды ладзілі ў Беларусі нашы продкі. Каб паказаць дзеткам, як гэта было цікава, весела.

На кожным свяце ёсць супольны абед, калі кожны прыносіць з сабой аўтэнтычную беларускую ежу па рэцэптах бабуль. Дзецям гэтая частка вельмі даспадобы. Вучацца не толькі дзеці, але і дарослыя, бо не ўсе ведаюць беларускія абрады. Які сэнс абраду, як сядзець, як сябе паводзіць, як спяваць, якія строі былі ў продкаў. А яшчэ і традыцыйныя для беларускай культуры шляхецкія балі ладзім. Дзеткі і дарослыя рыхтуюцца, уласнаруч робяць сябе маскі і строі.

Галоўнае, што мы імкнемся данесці да кожнага, хто прыходзіць да нас: хоць ты жывеш зараз не на радзіме, але маеш гонар быць беларусам. А родная мова — гэта неад’емная частка культурнай і асабістай самабытнасці. Яна фармуе светапогляд, адлюстроўвае традыцыі і каштоўнасці народа. Вывучэнне роднай мовы дапамагае наладзіць повязь са сваімі культурнымі каранямі і захаваць сваю спадчыну.

baj.by