100 гадоў з дня нараджэння Янкі Сурвіллы

Беларускі грамадскі дзеяч, журналіст, фатограф на эміграцыі (Нямеччына, Іспанія, Канада) Янка Сурвілла нарадзіўся 20 чэрвеня 1925 года ў вёсцы Белевічы (Смаргонскі раён). Навучыўся чытаць па-беларуску ўжо ў чатыры гады. У 1942 годзе, калі меў толькі 17 гадоў, узначальваў пачатковую беларускую школу (была спалена партызанамі). Пасля Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў лагеры для перамешчаных асобаў у нямецкім Ватэнштэце. Заснаваў і рэдагаваў часопіс «Шляхам жыцьця». Потым эміграваў у Францыю. Там у 1948 годзе, на Першым з’ездзе беларускай эміграцыі ў Парыжы, пазнаёміўся з Івонкай Шыманец, якая праз 10 гадоў стала яго жонкай. Івонка Сурвілла – добра вядомая ўсім беларусам прэзідэнт Рады БНР.

Атрымаўшы стыпендыю Мадрыдскага ўніверсітэту, Янка Сурвілла вывучаў там эканоміку і рабіў захады ў справе арганізацыі беларускамоўных праграм Іспанскага радыё. 25 сакавіка 1952 году года ён выйшаў у эфір з першай скіраванай на Беларусь перадачай. Іншы вядомы беларускі эмігрант Барыс Рагуля так піша ў сваіх успамінах:

Пасьля шматлікіх захадаў Янкі Сурвіллы 25-га сакавіка 1952-га году на Гішпанскім Нацыянальным Радыё прагучала першая перадача на беларускай мове, прысьвечаная 34-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі – Зварот да беларускага народу тагачаснага Старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка. Гэта быў пачатак. З прыездам у Мадрыд Віктара Сянкевіча ў 1953-м годзе працаваць стала лягчэй».

У 1958-1965 гадах вёў з Іспаніі штодзённыя беларускія радыёперадачы. Ахвяраваў для гэтага ўвесь свой час, нават перапыніў напісанне навуковай дысертацыі. Штодзённыя беларускія праграмы Іспанскага Нацыянальнага Радыё, скіраваныя на Беларусь, пачаліся 8 снежня 1958 года. Спачатку 15-хвілінныя, а пазней 20-хвілінныя. Гэтыя перадачы былі вольныя ад усялякай цэнзуры. Да восені 1961 г. Янка Сурвілла вёў перадачы разам з Віктарам Сянькевічам, а пазней, калі той перайшоў на «Радыё Свабода», – да 31 траўня 1965 года з жонкай Івонкай. У гэты дзень паводле палітычных прычын былі закрытыя 13 радыёперадачаў, у тым ліку беларуская. 

У 1969 годзе сям’я Сурвіллаў пераехала ў Канаду. У сям’і выхоўвалася дачка Паўліна Сурвілла, пазней вядомая беларуская мастачка і этнамузыколаг. У Канадзе Янка Сурвілла працаваў эканамістам у федэральным міністэрстве занятасці і эміграцыі. Цягам апошніх сямі год перад выхадам на пенсію ў 1991 г. – на пасадзе рэдактара-выдаўца штомесяцавага двухмоўнага эканамічна-статыстычнага часопісу міністэрства «Labour Market Bulletin – Bulletin du Marché du travail». Па словах Барыса Рагулі: «быў прычынны да вытокаў усіх пачынаньняў на беларускай палітычнай і грамадзкай ніве, што зарадзіліся і рэалізаваліся ў Атаве». Як старшыня атаўскага аддзелу Згуртаваньня Беларусаў Канады ён прадстаўляў беларусаў на ўсіх палітычных міжэтнічных сустрэчах і канферэнцыях у канадскай сталіцы. У 1993 годзе змог наведаць Беларусь, удзельнічаў у Першым З’ездзе беларусаў свету.

Янка Сурвілла захапляўся мастацкай фатаграфіяй, яшчэ ў дзяцінстве змайстраваў сам свой першы фотаапарат. Пакінуў галерэю партрэтаў беларускіх літаратараў-эмігрантаў, у тым ліку партрэт Наталлі Арсеньневай, які надрукаваны ў мінскай кнізе яе вершаў «Яшчэ адна вясна» (1996 год выдання).

Памёр Янка Сурвілла 3 чэрвеня 1997 года ў горадзе Атава. Пахаваны на могілках Олд Чэлсі ў мястэчку Чэлсі, правінцыя Квебек.

racyja.com