«Нам патрэбная моцная і прынцыповая пазіцыя Еўропы, каб прывесці Беларусь да свабодных і справядлівых выбараў»

Святлана Ціханоўская распачала візіт у Варшаву, каб прыняць удзел у Варшаўскім форуме па бяспецы — штогадовай міжнароднай пляцоўцы, якая аб’ядноўвае палітыкаў, дыпламатаў, экспертаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з усяго свету. У гэтым годзе на форуме сярод іншых прысутнічаюць прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, спецыяльны пасланнік ЗША па пытаннях Украіны і Расіі Кіт Келаг, міністр абароны Нідэрландаў Рубен Брэкелманс і міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус.

У першы дзень беларуская лідарка паўдзельнічала ў размове «Надзея пад ціскам: дэмакратычная барацьба Беларусі» і распавяла:

  • Пра неабходную барацьбу з прапагандай

«Беларусам трэба паказаць, што рух у бок еўрапейскіх краінаў адкрывае шлях да інвестыцыяў, свабоды і павагі да правоў чалавека. Важна не дапусціць, каб прапаганда атручвала свядомасць. Таму наш голас павінен гучаць моцна і ўпэўнена. Беларусы павінны ведаць: у крытычны момант яны не застануцца сам-насам і не будуць пакінутыя адзін на адзін з Расіяй».

  • Пра бяспеку ў рэгіёне

«Важна ўсведамляць стратэгічнае значэнне Беларусі ў пытаннях бяспекі. Пакуль Лукашэнка захоўвае рэжым у краіне, працягнуцца правакацыі, ваенныя вучэнні і запалохванне ядзернай зброяй. Таму неабходна дапамагчы беларусам здабыць незалежнасць і свабоду ад рэжыму».

  • Пра сумесныя намаганні Еўропы і ЗША

«Прэзідэнт Трамп можа адыграць сапраўды важную ролю і вызваліць вялікую колькасць людзей. Але нам патрэбная моцная і прынцыповая пазіцыя Еўропы, каб прымусіць рэжым змяніць сваё паводзіны і прывесці Беларусь да свабодных і справядлівых выбараў. Гэта нашая мэта».

Дыскусію цалкам можна паглядзець па спасылцы.

tsikhanouskaya.org