Салігорскі падарожнік Аляксандр Гойшык пра тое, як праехаў на скутэры ўсю Лацінскую Амерыку

Праект «Радыё Ўнэт» «Свае людзі» сёння выправіўся аж на іншы бок нашае планеты, дзе, як выявілася, таксама ёсць беларусы. Размаўляем з вулічным артыстам, блогерам і вольным падарожнікам з Салігорска Аляксандрам Гойшыкам, які зараз знаходзіцца… недзе ў Паўднёвай Амерыцы.

Фота: Аляксандр Гойшык

Распачаў я падарожжа ў сярэдзіне кастрычніка 21-га года. Спачатку я прыляцеў у Мексіку, дзе ёсць невялічкая беларуская дыяспара, некалькі гарадоў, дзе жывуць беларусы. Два тыдні пабыў там. Наведаў нашых беларусаў. Пасля паехаў у Гватэмалу. І ў Гватэмале, уласна кажучы, і распачалася мая прыгода.

Пасля трох тыдняў вывучэння мовы, я купіў праз маркетплэйс на Фэйсбуку ўжываны скутэр. І мне спатрэбіўся цэлы месяц, каб аформіць яго на сябе, каб прайсці ўсе кругі гватэмальскага бюракратызму. Пасля я паездзіў на скутэры па Гватэмале.

Фота: Аляксандр Гойшык

Гватэмала – адна з самых цікавых краінаў рэгіёна Лацінскай Амерыкі. Там фантастычная прырода, там ёсць вельмі шмат дзейных, актыўных вулканаў. І таксама вельмі цікавая з культурнага гледзішча. Гэта краіна, дзе большасць насельніцтва складаюць карэнныя індзейцы мая. І культура мая ў Гватэмале захавалася: ты можаш бачыць людзей у нацыянальных строях.

І людзі размаўляюць на сваіх мовах. Афіцыйная, галоўная мова Гватмалы – мясцовая гішпанская альбо кастаяна, але афіцыйнымі таксама ёсць яшчэ 22 мовы мая і яшчэ 2 мовы індзейцаў з іншай групы, якія не адносяцца да мая. То бок, апроч кастаяна яшчэ ёсць 24 афіцыйныя мовы індзейскія.

Фота: Аляксандр Гойшык

Таксама захаваліся піраміды мая – комплекс Цікаль – самы вялікі свеце комплекс пірамідаў мая. І ў сталіцы Гватэмала-сіці ёсць вельмі цікавы музей кнігі Попал-вух – гэта свяшчэнная кніга, кодэкс правілаў для мая. І яна расшыфраваная. То бок, мову мая ўдалося расшыфраваць. І можна самому ўсё гэта пачытаць, даведацца – ёсць вельмі цікавы музей.

З Гватэмалы паступова, павольна скутэрам я паехаў у Сальвадор, Нікарагуа, Гандурас, Коста-Рыка і Панама. З Панамы да Калумбіі няма дарогі.

Фота: Аляксандр Гойшык

Панамерыканская шаша там перарываецца на 70 кіламетраў. І там прыйшлося шукаць нейкі варыянт, каб адправіць скутэр у Калумбію. Аказалася, што з маім скутарам, які важыць усяго 100 кілаграмаў, было прасцей адправіць яго грузавым самалётам, чым шукаць марскі кантэйнер, каб марскім шляхам пераправіць. Паветраным шляхам ужо праз два дні ў Багаце – сталіцы Калумбіі, можна было забіраць скутэр.

І далей я ехаў-ехаў, недзе год ужо еду скутэрам, і я даехаў паступова праз Калумбію, Эквадор, Перу, Балівію, праехаў Аргентыну і зараз вось даехаў скутэрам да Уругвая. І тут я вырашыў сутэр пакінуць, каб налягке, з адным заплечнікам паехаць на самы «край свету». Я ўжо рабіў некалькі разоў так. Я пакідаў скутэр у Багаце ў знаёмага на парковачным месцы, каб паляцець у Амазонію.

Самалётам з Багаты да Ліцісіі – гэта гарадок у калумбійскай частцы Амазоніі, там стык трох межаў – Калумбіі, Перу і Бразіліі. Там я па зямлі перайшоў мяжу з Бразіліяй і шэсць дзён агулам плыў паромамі праз Амазонку. Тры дні да Манауса – гэта галоўны горад штата Амазонас, двухмільённы мегаполіс, куды няма фактычна нармальнай дарогі, закінуты ў джунглях. І пасля яшчэ два гарады – Сантарэм і Макапа, па паўтара дня да кожнага трэба было плыць. Фактычна я дабраўся да месца, дзе Амазонка ўпадае ў Атлантычны акіян.

Адтуль аўтобусамі праехаў да Французскай Гвіяны – гэта французская частка, а яшчэ ёсць Сурынам – гэта колішняя галандская калонія і адзіная краіна на кантыненце, дзе афіцыйная мова – галандская, і Гаяна – гэта колішняя брытанская калонія, і таксама гэта адзіная краіна на гэтым кантыненце, дзе размаўляюць па-ангельску. І пасля праз Бразілію заехаў у Венесуэлу, каб паглядзець, якая нас чакае вельмі кепская будучыня пры самых кепскіх раскладах. Не хацелася б такой будучыні – з абсалютным паліцэйскім сваволлем, з паліцэйскімі пад кожным кустом, паліцэйскімі, якія рабуюць уласны народ, у людзей дома часта няма электрычнасці, няма вады, усё дорага.

Пасля я вярнуўся ў Багату, ехаў скутарам, даехаў да Лімы – сталіцы Перу. Пакінуў там скутэр у хлопца-перуанца, які вучыўся ў нашым Наргасе разам з маімі салігорскімі сябрамі. Пасля сканчэння ўніверсітэту ён доўга не мог знайсці працу ў Беларусі і вырашыў вярнуцца дадому і адкрыў сваю невялічкую мясную краму. У яго я пакінуў скутэр і паляцеў у Гватэмалу «на канікулы» на месяц.

Калі я заехаў у Аргентыну, у мяне паламаўся скутэр – там была праблема з пасам перадачы. А ў Аргентыне такіх скутараў папросту не існуе. Таму я там таксама пакінуў скутэр, вярнуўся ў Гватэмалу, пабыў там з каханай, купіў запчасткі для скутэра і потым прыехаў назад у Аргентыну, адрамантавалі мне скутэр. Я праехаў праз Аргентыну да сталіцы Буэнос-Айраса і потым паромам – гэта самы зручны шлях праз рэчку Рыа-Плата, патрапіў ва Уругвай.

Уругвай – гэта адна з самых заможных краінаў у рэгіёне. Таму, адпаведна, там і кошты таксама, у адрозненне ад Аргентыны, напэўна, у 5-7, а часам і ў 10 разоў вышэйшыя.

Фота: Аляксандр Гойшык

А патлумач у чым розніца паміж Уругваем і Парагваем, які там недалёка знаходзіцца?

Калі вельмі-вельмі-вельмі ўсё спросціць, то Парагвай – гэта такая звычайная бедная краіна рэгіёна без выхаду да мора. Уругвай – гэта заможная краіна, якую часам называюць лацінаамерыканскім Монтэ-Карла, з выхадам да мора, да акіяну.

А што дазваляе Уругваю быць самым заможным у рэгіёне? Можа там нейкія карысныя выкапні?..

Я думаю, што граматная эканамічная палітыка. Гэтая краіна перажыла дыктатуру, але цяпер яна з адным з найвышэйшых у свеце паказнікаў дэмакратыі (згодна з рэйтынгам брытанскага цэнтра The Economist Intelligence Unit за 2022 год, Уругвай паводле паказнікаў дэмакратыі займае 13-е месца ў свеце паміж Канадай і Люксембургам, апярэджваючы Нямеччыну, Вялікабрытанію, Францыю і нават ЗША, Беларусь у гэтым рэйтынгу на 146-м месцы са 167 краінаў – РЎ) і з праведзенымі рэформамі, з прыцягненнем інвестыцыяў і гэтак далей. Там бяспечна, там нізкі ўзровень карупцыі, у адрозненне ад суседніх Аргентыны, Бразіліі ці таго ж Парагвая. Таму я думаю, што за кошт гэтага яны такія багатыя.

Фота: Аляксандр Гойшык

Ты казаў пра тое, што ў Гватэмале карэнныя народы – індзейцы мая маюць вялікі адсотак сярод насельніцтва, іхнія мовы маюць афіцыйны статус. А які стан карэнных народаў у іншых краінах, якія ты наведаў?

У іншых краінах ёсць індзейцы іншай групы – інка, у Перу і часткова ў Балівіі, у Эквадоры. Але яны не пакінулі ніякай пісьмовай спадчыны пасля сябе. І я амаль што не чуў, каб нехта размаўляў на кічуа – на мове інкаў. Фактычна, у Перу – гэта асноўная краіна інкаў, Мачу-Пікчу – іхні там галоўны гістарычны аб’ект, які яны пасля сябе пакінулі, яшчэ безліч ёсць розных месцаў, але амаль не адчуваеш, каб нехта ўжываў сваю мову. У адрозненне ад Гватэмалы, індзейцы інка амаль што страцілі гэта ўсё і глабалізаваліся. Яшчэ там застаецца, што яны ўжываюць нацыянальную вопратку – у іх такія капялюшы модныя, і гэтак далей, але ў паўсядзённым ужытку яны такія згішпанізаваныя.

Ці сустракаў ты, акрамя Мексікі, на сваіх лацінаамерыканскіх пуцявінах, яшчэ недзе беларусаў ці нейкія згадкі пра Беларусь?

Я ведаю, што ёсць беларуска ў Гватэмале, якая кіруе дабрачынным шпіталём у аддаленай правінцыі для індзейцаў мая. Мы дамаўляліся сустрэцца, але нешта не атрымалася.

Пасля гэтага я ў Панаме, калі плаваў на выспы Дэльторэ, на пароме, калі я вяртаўся, пазнаёміўся з матарыстам парома Юрам. Ён з Літвы сам і па кантракце там ужо некалькі гадоў працуе, таму што стары савецкі паром быў спісаны некалі ў Літве і яго набылі ў Панаму разам з камандай. І ён мне расказваў, што ў Панама-сіці ёсць сям’я беларусаў.

Беларусаў асабіста я сустракаў у Эквадоры – наш хлопец, які займаецца тым, што здымае рэпартажы, нейкія там дакументальныя фільмы пра калумбійскіх і венесуэльскіх уцекачоў у Эквадоры. Таксама сустрэў аднаго і таго ж хлопца-менчука, спачатку ў Багаце ў Калумбіі, а пасля, пакуль я ехаў, ён перабраўся жыць у Ліму – у Перу, і там я зноў з ім сустрэўся і нават пажыў некаторы час. Ён займаецца тым, што прадае сістэмы для анлайн-покера.

І нядаўна я быў у Буэнас-Айрэсе і сустракаўся са сваімі салігорскімі землякамі. Людзі, якія раней працавалі ў Расіі, пасля пачатку вайны, калі ўсё пачало валіцца, кампанія, дзе яны працавалі, закрылася і яны вырашылі перабрацца ў Буэнас-Айрэс.

Ведаю пра беларусаў у Чылі, маю іх кантакт. І ведаю пра вельмі актыўных беларусаў у Бразіліі. Да іх я, уласна кажучы, еду – гэта мая фінальная кропка. Там я хачу прадаць скутэр і працягнуць падарожжа ў Новую Зеландыю, Аўстралію, Кітай, Японію, Карэю, Манголію.

Што цябе найбольш уразіла за гэтае тваё падарожжа Лацінскай і Паўднёвай Амерыкай?

Напэўна, самай такой вялізнай эмоцыяй, самым вялізным уражаннем было, калі я быў у Аргентыне ў Кордабе – трэці з велічыні горад краіны, і калі зборная Аргентыны перамагла ў чэмпіянаце (у футболе). І пачаліся гэтыя проста шалёныя святкаванні – гэта проста не апісаць словамі.

Фота: Аляксандр Гойшык

А агулам – вельмі шмат розных уражанняў. Напрыклад, той жа Цікаль у Гватэмале – вялікія піраміды мая, ці Мачу-пікчу – храм індзейцаў інка ў Перу, ці самы вялікі ледавік у Аргентыне Пэрыта-Марэна, калі ты бачыш вось гэтую стыхію, бачыш з адлегласці паўкіламетра гэты агромністы ледавік, бачыш, як з яго адколваюцца глыбы, вышынёй з дзевяціпавярховы дом – гэта, канешне, вельмі моцныя ўражанні. Ці прайсці ўсю Амазонку – праплыць на паромах, тры дні плывучы да аднаго горада, спаць у гамаках, як усе мясцовыя – гэта таксама вельмі моцныя ўражанні. Ці ў Венесуэле бачыць гэтыя партрэты гэтага Чавеса ці там Балівара таго на кожным кроку – гэта таксама моцна ўражвае. Такіх эмоцыяў, што «ваў!» – іх шмат!

radiounet.fm