Ужо выпрацаваўся імунітэт: як турбізнэс і турысты перажываюць закрыццё мяжы

Турызм, фота ілюстрацыйнае / unsplash

Калі Польшча закрыла мяжу з Беларуссю, шмат у каго быў шок. А як індустрыя спраўляецца з навінамі пра закрыццё беларуска-літоўскай мяжы? „Еўрарадыё“ спытала пра гэта галоўнага рэдактара праекта Visa Flow Анастасію Лысокоўскую.

“Вельмі ўскладняе жыццё звычайным людзям”

— Дык што ж: зноў шок — ці турбізнес ужо падрыхтаваўся?

— Дакладна, з моманту мінулага закрыцця польскай мяжы ў турагенцтваў і аператараў быў час пераасэнсаваць сітуацыю і адаптавацца. Ужо выпрацаваўся імунітэт да падобных навін, яны нікога не шакуюць.

У турагенцкіх чатах, вядома, адчуваецца некаторае напружанне, але без панікі. Усе разумеюць прычыны такіх палітычных рашэнняў і імкнуцца загадзя рыхтавацца да любых сцэнараў, як бы сумна гэта ні гучала.

Калі Літва пачала абмяжоўваць працу аэрапорта Вільні, было ясна, што наступствы будуць. Пасля закрыцця польскай мяжы тураператары панеслі некаторыя страты, але не крытычныя. Праз Літву турыстычныя аўтобусы і раней амаль не ездзілі, таму трэвел-сегмент цяпер не адчувае сур’ёзных узрушэнняў.

Але для індывідуальных падарожнікаў усё больш складана. Многія едуць канкрэтна ў Літву, хтосьці — у аэрапорты Вільні і Коўна, хтосьці — наведваць сваякоў.

— Але можна паехаць праз Латвію, гэта не так і далёка?

— Так, частка патоку сыходзіць у бок Латвіі, але і там не ўсё проста: для перасячэння мяжы трэба загадзя зарэгістравацца ў ERRS на сайце lvborder.lv. Плюс да гэтага Латвія хутка абмяжоўвае рух, у тым ліку і для рэгулярнага транспарту. Гэта вельмі ўскладняе жыццё звычайным людзям.

Больш за ўсё пацерпяць рэгулярныя перавозчыкі, яны губляюць кірунак цалкам. Пры гэтым Калінінградскі цягнік па-ранейшаму ходзіць, і пакуль ніякіх афіцыйных заяў аб яго прыпынку не было. Сітуацыя многім здаецца цікаўнай.

“На польскай мяжы зноў могуць утварыцца шматдзённыя чэргі”

— Тураператары зараз на ўсю моц апавяшчаюць турыстаў? Нясуць дрэнныя навіны?

— З абвесткай усё адладжана: тураператары і агенцтвы аператыўна інфармуюць кліентаў, а самі турысты таксама ў курсе таго, што адбываецца — усё ж чытаюць навіны, ніхто не жыве ў вакууме, гучных скандалаў няма. У дагаворах прадугледжаны форс-мажорныя сітуацыі.

Польская мяжа пакуль адкрытая і фактычна ўтрымлівае асноўную плынь, гэта ключавая транспартная артэрыя, якая цяпер літаральна ратуе сітуацыю. Аднак важна разумець, што на польскай мяжы зноў могуць утварыцца шматдзённыя чэргі.

З улікам надыходзячых зімовых святаў, калі беларусы традыцыйна масава выязджаюць у Еўропу, нагрузка на пераходы можа стаць вельмі высокай. Калі будуць нейкія закрыцці на польскай мяжы, ізаляцыя будзе блізкая да татальнай, трэвел-кам’юніці гэта разумее і такія сцэнары ўжо гучаць сярод агентаў. Таму ставак на вялікі аўтобусны паток ніхто не робіць, хутчэй за ўсё працуюць па інэрцыі.

— У якіх выпадках турысты могуць вярнуць грошы? Ці выплачвае страхоўка кампенсацыю пры адмене тура?

— У Беларусі ўсе турыстычныя дамовы тыпавыя, і пункты, якія тычацца форс-мажораў, мяняць нельга. Таму адмена або перанос тура амаль заўсёды вырашаецца на карысць турыста. Калі аформлена страхоўка ад нявыязду, то такія выпадкі звычайна прызнаюцца страхавымі, і кампенсацыі выплачваюцца ў стандартным парадку.

euroradio.fm