
У беларускай эміграцыі няма «крызісу лідэрства». Галоўнае, што тут мусіць адбывацца, — фармаваньне дыяспары, ператварэньне савецкіх людзей у беларусаў. Працэс, між іншым, аб’ектыўны, няпросты, але і неабходны.
Сьцісла
- Для многіх беларусаў за мяжой выбар стаіць паміж супрацьлеглымі матывацыямі: «Страна для жизни» або «Жыве Беларусь!»
- Краіны, у якія збольшага пераехалі беларусы, яшчэ ня так даўно самі будавалі свае дэмакратыі на падставе нацыянальных дзяржаваў.
- Нацыянальнай дэмакратычнай дзяржавы Беларусі, як агню, баяцца двое: менскі дыктатар і Пуцін. Але для самой краіны гэта адзіны шлях да лепшае будучыні ўва ўсіх сфэрах.
- Эміграцыя — гэта ня проста ўцёкі ад тырана, гэта місія захаваньня беларускага нацыянальнага жыцьця, якое немагчымае на радзіме.
«Крызіс лідэрства»
Крытыку Сьвятланы Ціханоўскай назваць крытыкай можна хіба з залішняй ветлівасьці, бо гэта заўсёды чыста эмацыйны выкід зь пераходам на асобу і бяз тых аргумэнтаў, якія былі б дарэчы. Разумею, як хочацца менскаму правіцелю, каб Ціханоўскай не было. Але яна ёсьць як голас усіх беларусаў, і няма сумневу, што гэтае радыё існуе ў адным экзэмпляры. Мне думаецца, што яна ня проста шанцунак для Беларусі, яна больш чым палітычны шанцунак.
Гэта было зразумела ўжо з словаў «Марыла пра гэта ўсё жыцьцё», зь якімі яна пайшла на прэзыдэнцкія выбары 2020-га. Тут была і адвага, і іронія з усяго гэтага цырку, які назвалі выбарамі, пэрсанальны ўздым над дыктатурай, прыватная перамога. Гэты ўчынак няма з кім і чым у нас у сёньняшнім часе параўнаць.
Ціханоўская зь вялікім адрывам выйграла галасаваньне ў дыктатара, нягледзячы на інтэрпрэтацыі кшталту «галасавалі не за яе, а супраць яго», тым ня менш гэта была яна.
Яе імклівы асабісты рост у палітыцы адбываўся пры тым самым годным трыманьні сябе па-над палітыкай. Думаю, гэта быў адзін з фактараў, чаму прадстаўніцу Беларусі слухалі і слухаюць першыя асобы сьвету. Не ўяўляю нікога на яе месцы і разумею, наколькі гэта цяжка — штодня трансьляваць пра Беларусь, пра палітвязьняў, пра незалежнасьць — так, каб цябе пачулі.
Такога, падкрэсьлю, не было ніколі ў беларускай гісторыі. І гэта, на маю думку, больш, чым магчыма і даступна каму-небудзь іншаму на яе месцы.
Ціханоўская сваю эвалюцыю прайшла адразу. Інакш немагчыма было б прадстаўляць Беларусь і беларусаў у сьвеце, ствараць паўнавартасную беларускую дыяспару з мноствам профільных відаў яе дзейнасьці. Але нехта гэтай эвалюцыі яшчэ не прайшоў, хтосьці і не зьбіраецца гэтага рабіць, хтосьці выбірае «Страну для жизни» і яму больш камфортна далучыцца да «хороших русских», нехта крыўдуе на Ціханоўскую як на «нэафітку» (мы ўжо сорак гадоў скандуем «Жыве Беларусь!», а яна… Адкуль яна ўзялася?). Вось адкуль бярэцца ўяўны «крызіс лідэрства».
Эвалюцыя дыяспары
Новая беларуская эміграцыя вялізная, такія ж і чаканьні ад яе. Але яна надта стракатая ў сваёй разнастайнасьці поглядаў. І, натуральна, дыяспара будзе зьмяншацца. Бо тыя крытэры адзінства, якія маглі быць прымальнымі ў Беларусі ў 2020-м, зусім непрымальныя сёньня за мяжой. Беларуская дыяспара можа складацца з натуральных, а ня проста пашпартных беларусаў.
Маю на ўвазе, напрыклад, іранічную назву папулярнага блогу «Страна для жизни». Дома яна многіх натхняла, а пераехала ў эміграцыю і страціла свой сэнс. На маю думку, словы гэтыя зьвернутыя да таго, што ў нас у розумах і душах засталося ад савецкіх людзей і савецкай спадчыны. Часам гэтыя «карані» моцна жывучыя. Напрыклад, аўтар блогу Сяргей Ціханоўскі кажа, што актыўна вывучае ангельскую мову, і нічога ня кажа пра мову беларускую, гаворыць па-расейску. То бок ён на іншым эвалюцыйным шляху, і гэта ягоны выбар. Беларуская мова выглядае тут чымсьці лішнім, непатрэбным. Дакладна як для многіх яна выглядала ў Менску.
Трэба мець на ўвазе, што Беларусь ніколі не была «страной для жизни» пад расейскай уладай ці пад уладай расейскае мовы. Ніколі і ніхто ў Беларусі не змагаўся за «страну для жизни». І сёньня Беларусь цалкам сабе «страна для жизни» — для тых трох адсоткаў, што «штампуюць» палітвязьняў і адпраўляюць у турму за словы «Жыве Беларусь!»
Для дыяспары ў Польшчы ці Літве, дзе збудаваныя ўласна краіны для жыцьця, гэты лёзунг гучыць як мінімум дзіўна. Як нядобры «привет», што прыляцеў з-за ўсходняй мяжы.
Дыстанцыйнае адраджэньне
Моўнае пытаньне робіць рускамоўнага беларуса ненатуральным беларусам. Нельга ўявіць нашых суседзяў — літоўца ці паляка — хоць аднога, які ня ведае літоўскай ці польскай мовы. Вяртаньне да натуральнасьці цяжка, але адбываецца ва Ўкраіне. Няма сумневу, што шляхам адраджэньня пойдзе і Беларусь. Як яно там складзецца і калі, ня ведае ніхто, затое вядома, што ўжо сёньня адраджэньне для краіны мусіць рабіцца і рыхтавацца ў дыяспары.
Днямі сабраліся мы ў віленскай кнігарні, і прагучала звычайнае пытаньне эміграцыі: калі ж мы вернемся? Відавочна, ня заўтра. У Беларусі з 2020 году пазначыўся заняпад у эканоміцы, юрыспрудэнцыі, дэмаграфіі, навуцы, маралі — паўсюль… І якраз цяпер, празь пяць гадоў, гэты заняпад наблізіўся да мяжы невяртаньня. Неяк выяўляць сябе як беларуса стала небясьпечна, займацца беларускімі справамі — рызыкоўна. На афіцыйным узроўні ўсяляк ігнаруецца, прафануецца і нішчыцца беларуская самабытнасьць і культура. За дзяржаўныя грошы вядзецца татальная русыфікацыя.
Але за мяжой дзяржаўнае палітыкі русыфікацыі няма, сытуацыя спрыяе захаваньню ў сям’і і ў асяродках беларускай мовы, адукацыі і культуры — менавіта іх захаваньню для самой Беларусі. Гэтая роля дыяспары стала безальтэрнатыўнай. То бок эміграцыя — гэта ня проста ўцёкі ад тырана, гэта місія захаваньня беларускага нацыянальнага жыцьця, якое немагчымае на радзіме.
Пра тое, дарэчы, увесь час гаворыць Сьвятлана Ціханоўская. Думаю, большасьць адэкватных беларусаў падзяляюць гэтыя мэты і памкненьні.
Сяргей Дубавец, svaboda.org
