
Размова з Алегам Кабзаром.
– Алег, коратка раскажы як, калі і чаму апынуўся ты ў Польшчы.
– Калі я з Гомеля прыехаў ў Менск паступаць у Акадэмію Мастацтваў Беларусі, пазнаў на уступных экзамінах дзяўчыну Іяланту з Польшчы, якая таксама прыехала на экзаміны ў тую ж Акадэмію.
Мы паступілі. У часе вучобы пабраліся і пасля заканчэння Акадэміі ў 1995 годзе прыехалі жыць у Польшчу, у Бельск-Падляшскі – родны горад жонкі.
– Шмат грамадзян Беларусі па розных прычынах з’язджае ў Польшчу, асабліва апошнім часам. Аднак рэдка хто з іх звязваецца з нашым тут беларускім асяроддзем. У тваім выпадку было інакш. Чаму?
– Большасць беларусаў не паслуголўваецца роднай мовай, таму і беларускае асяроддзе іх не цікавіць.
На працягу трыццаці гадоў улады Беларусі гадавалі чалавека-postsoveticusa… i гэта рабілі і робяць вельмі спраўна.
– Асабліва памятаем цябе з выступаў на сцэне „Бардаўскай восені” ў Бельску-Падляшскім, а найбольш з песень на словы Надзеі Артымовіч. Як Яна і Яе паэзія паўплывала на тваю творчасць?
– Спачатку (пасля нашага прыезду ў Польшчу) я не меў мастацкай майстэрні і таму маляваў у пленэры вулачкі старога Бельска. Аднаго разу да мяне малюючага падышла сціплая жанчына у доўгім паліто і мы замянілі некалькі словаў. Гэта была Надзея. З часам пасябравалі.
Калі пачуў яе паэзію, адразу – гэтай паэзіі адчуў нейкі ўласны рытм і мелодыю. Так пачаў пісаць песні на словы Надзі. У 2010 годзе мы запісалі дыск. „Бераг”, які складаўся з аўтарскага чытання вершаў і маёй музычнай інтэрпрэтацыі тэкстаў Надзі. Думаю, што паэтыка Яе вершаў нейкім чынам перайшла і на мае краявіды.
– Фармат „Бардаўская восені” крыху іншы цяпер чымсці калісь. Як да гэтага ставішся?
– Так, фармат, як „Басовішча”, так і „Бардаўскай восені” моцна змяніўся ў апошнія гады. Праўду гаворачы фестываль бардаў натхніў мяне да напісання ўласных песняў па беларуску. На „Барды” чакалася як на cвяты… Ды і адбываліся яны не толькі ў Бельску, але і многіх асяродках – пляцоўках беларускай культуры на Падляшшы.
– Ты разнастайны мастак, бо – музыка, оперны спявак і яшчэ жывапісец. Ад імя рэдакцыі шчыра дзякую за прыгожыя карціны, якія падабраў ты да нашага календара. Калі пачаў ты маляваць краявіды Падляшша? Што цябе ў іх натхняе?
– Дзякуй шаноўнай рэдакцыі „Часопіса” за прапанову паказаць мае краявіды вашаму чытачу. Падляшша я пачаў маляваць як толькі апынуўся ў Польшчы. У другой палове 90-ых гэта былі пейзажы самога Бельска і ваколіц, а калі пераехаў у Беласток –Беласточчына. Малюю яе па сённяшні дзень. Старыя вулачкі Беластока, Супрасля ды і Тыкоціна, рэкі Нарва і Супрасль – вось мае матывы.
Падляшша напамінае мне мае роднае Палессе. Амаль не карыстаюся фотаздымкамі. Важнае для мяне ўласнае бачанне краявіду. Многае экспрэсіі карціны дадае самая прырода, таму малюю ў пленэры. А святло кожны дзень бывае рознае.
– Як часта наведваеш Беларусь? Не шкадуеш, што адтуль з’ехаў?
– У Беларусі бываю штогод, улетку. Там – у Гомелі, горадзе майго дзяцінства – жыве мая мама. Там могілкі маіх продкаў.
Настальгія па родным краі існуе заўсёды. Калі б сказаў інакш, была б то няпраўда.
– Дзякуй за размову
