Музыка і журналіст Ігар Палынскі запрасіў госцяй у падкаст «Гарады» на palatno.media бабруйчанку — Ірыну Хамрэнку-Ушакову. Яна шчыра расказала пра любоў да горада, падзеі ў час выбараў, двайную эміграцыю і смерць блізкага чалавека.
Пра што расказала Ірына ў падкасце «Гарады»:
— Пра жыццё і працу ў Бабруйску.
— Пра тое, ці ведаюць бабруйцы і жыхары раёна мясцовых чыноўнікаў?
— Дзе бабруйцы чытаюць, слухаюць і глядзяць навіны?
— З чым асацыюецца Бабруйск?
— Габрэйскае жыццё ў горадзе.
— Трэшовыя гісторыі з Бабруйска.
— Бабры і скульптуры.
— Рок за Баброў пачаўся ў Бабруйску.
— Знішчаны універсітэт.
— Тайм-клуб”1387″ — кропка прыцягнення, дзе праводзіліся культурніцкія ды адукацыйныя імпрэзы.
— Як запомніліся падзеі 20 года ў Бабруйску? Чэргі, каб паставіць подпіс.
— Пераезд ва Украіну, вайна і другая эміграцыя ў Польшчу.
— Ці плануе вяртацца ў Бабруйск і ў якіх умовах?
Топ атмасферных месцаў па версіі Ірыны:
«Крэпасць. Гэта месца сілы, дзяцінства, там была вайсковая частка, «мёртвая зона» з закінутымі будынкамі, дзе мы гулялі. Перад ад’ездам з крэпасцю я нават развітвалася».
«У нас быў прыгожы касцёл, але ў другой палове 20 ст знішчылі яго ўваходную частку і прыфігачылі туды «каробку», якая цяпер аварыйная, а раней там былі адміністрацыйныя кабінеты», — расказвае журналістка пра адну з мясцовых цікавостак, «гора-касцёл».
«Падонкафскую мову я ў горадзе не застала, бо вучылася ў той час у Менску. Але бабруйцы абмяркоўвалі і абражаліся. Турыстычны брэнд з гэтага не зрабілі, бо часта нейкія рандомныя дэпрэсіўныя фота падпісвалі «так выглядае цэнтр Бабруйска», гэта было крыўдна, — тлумачыць Ірына.
«Сацыялка — ідзе праз увесь стары горад, гэта габрэйскі Бабруйск, дзе былі праменады, свая атмасферы. Цяпер гэта месца з асаблівым вайбам, з кафэ і крамкамі».
«Сквер на Бярэзіне, ён некамфортны, але там стары гарадскі пляж з такімі ж старымі таполямі. Падабаецца, калі там не прыбіраюць лісце і ты ідзеш як па дыване жоўтым, і адчуваеш неверагодны пах ад лісця і ракі».
Размову цалкам можна паслухаць ніжэй: