«Тое, што яны называюць “экстрэмізмам”, у кнізе і праўда ёсьць. Мая свабода»

«Апошняя кніга пана А.» — у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яшчэ адна мая кніга прозы пад забаронай. Да «Сабакаў» дадаўся пан А. — і цяпер яны крочаць разам па эўрапейскіх дарогах», —  піша на сваёй старонцы ў facebook Альгерд Бахарэвіч.

А калі падрабязьней — гісторыя такая.

6 сакавіка менскі Цэнтральны суд прызнаў «Апошнюю кнігу пана А.» экстрэмісцкай літаратурай. Разам з рознымі нумарамі часопіса «Архэ» і часопіса «Наша гісторыя» ды календаром«Не маўчы па-беларуску». Пра тое, што будзе суд, я ведаў. Вынік таксама быў прадказальны. Але ёсьць і што-нішто новае. Гэтым разам працэс ініцыявала ня нейкая там мытня і нейкая камісія, а фармаваньне пад назвай губазік. Які і зьвярнуўся ў суд і ў міністэрства інфармацыі з патрабаваньнем забараніць кнігу. Маю афіцыйны ліст (адрасаваны ня мне), дзе напісана, што «Апошнюю кнігу пана А.» праверылі на экстрэмізм з дапамогай розных відаў экспэртызы і што прыкметы экстрэмізму ў ёй такія відавочныя, што і экспэртыза ніякая не патрэбная. Тэкст там наогул варты самага пяшчотнага цытаваньня, але пакуль што лянота ўсё гэта набіраць на клявіятуры.

Што ж, тое, што яны называюць «экстрэмізмам», у кнізе і праўда ёсьць. Мая свабода.

Кнігу ўсе, хто хацеў, даўно прачыталі — яшчэ ў 2020-м (выд. «Янушкевіч-Вясна»). Хто не пасьпеў — купіў і прачытаў перавыданьне 2022 году (выд. «Вясна», Прага). Водгукаў на яе было вельмі шмат. Празь месяц «Апошняя кніга пана А.» выйдзе ў нямецкім перакладзе ў Бэрліне (edition.fototapeta) і ў канцы красавіка будзе прэзэнтаваная на Ляйпцыгскім кніжным кірмашы. 

Так што віншую маіх чытачоў і выдаўцоў. Як аўтар цяпер ужо дзьвюх экстрэмісцкіх кніг: раману «Сабакі Эўропы» і экстрэмісцкай казкі для дарослых на 500 старонак ганаруся намі і абяцаю працаваць далей.

budzma.org