
Бліжэйшым часам Літва павінна зацвердзіць лінію пашырэння санкцый на Беларусь, – кажа літоўскі палітык Жыгімантас Павілёніс, намеснік старшыні камітэта па міжнародных справах, былы пасол Літвы ў ЗША.
– Літоўскі міністр замежных спраў дасягнуў згоды да гэтай нашай пазіцыі ў Бруселі. Мы ўключылі новыя крытэрыі для санкцый. Мы будзем цяпер за кожнае злачынства, за кожны паветраны шар адказваць сілай і ўзмацненнем санкцый. Таму што гэтая «хунта» не разумее нічога іншага. Калі ён думае, што так лёгка з літоўцамі абыдзецца, як з некаторымі амерыканцамі ён зараз абыходзіцца, то можа не жартаваць.
Паводле Жыгімантаса Павілёніса, лукашэнкаўскаму рэжыму не варта ў цяперашніх умовах разлічваць на паляпшэнне стасункаў з Літвой:
– Мы не прызнаем і не будзем прызнаваць гэтую нелегітымную «хунту», якая там сядзіць з падтрымкай Пуціна. Для нас гэта тое ж самае зло, якое забівае ўкраінцаў кожны дзень. І ўжо гібрыдным спосабам агрэсіўна дзейнічае ў Літве, унутры краіны. Мы гэтага ніколі не прабачым, як і многіх іншых злачынстваў, якія Лукашэнка зрабіў за 30 гадоў. Так што ён там можа думаць што хоча.
Нагадаем, Беларусь неаднаразова арганізоўвала гібрыдныя атакі на Літву ў выглядзе паветраных шароў з кантрабандай. У сувязі з гэтым часта закрываўся віленскі аэрапорт, а некаторыя рэйсы перанакіроўваліся ў іншыя аэрапорты ці разварочвалі ў зваротным кірунку.
