Ругінене заявіла, што летась Літва затрымала рэкордна вялікія абʼёмы кантрабанды зь Беларусі: «І мы ня спынімся»

Перахоплены мэтэазонд з кантрабанднымі цыгарэтамі зь Беларусі. 12 лістапада 2024

Камісія па нацыянальнай бясьпецы Літвы зноў вывучала сытуацыю з кантрабандысцкімі мэтэазондамі зь Беларусі.

На паседжаньні Камісіі па нацыянальнай бясьпецы Літвы зноў абмяркоўвалі сытуацы ю зь Беларусьсю, у тым ліку тое, што тычыцца кантрабандысцкіх балёнаў з цыгарэтамі.

Пра гэта паведаміў агенцтву BNS дарадца прэм’ер-міністра Літвы Ігнас Альгірдас Дабравольскас:

«Пакуль гэтая сытуацыя ня вырашаная, гэтыя пытаньні будуць рэгулярна разглядацца ў Камісіі па нацыянальнай бясьпецы. Таксама закранутае пытаньне грузавікоў, дзе праблема таксама яшчэ ня вырашаная», — заявіў ён.

Прэмʼер Літвы Інга Ругінене па выніках паседжаньня заявіла, што ў мінулым годзе літоўскія службы затрымалі рэкордна вялікія абʼёмы кантрабанды, і а сёлета чакаецца яшчэ больш высокі вынік.

«Мы ня спынімся. Вынік у канцы году быў вельмі добры. Я радая і дзякую службам. Былі дасягнуты сапраўды выдатныя лічбы, я ўжо і не ўзгадаю такіх затрыманьняў і такой апэратыўнасьці. Я дакладна ведаю, што службы будуць мець больш шырокае бачаньне гэтай сытуацыі, і вельмі спадзяюся, што мы зможам пахваліцца добрымі вынікамі і сёлета», — сказала прэмʼер-міністар журналістам.

Тым не менш кіраўніца ўраду Літвы падкрэсьлівае, што зьмяншэньне колькасьці кантрабандысцкіх паветраных балёнаў у апошнія тыдні ацэньваць пакуль рана.

«Я нават не хачу ацэньваць памяншэньне колькасьці балёнаў, таму што, па-першае, гэта быў сьвяточны пэрыяд — мы ўсе разумеем, што ў Расеі і Беларусі сьвяточны пэрыяд працягваецца да 15 студзеня. Па-другое, быў пераменлівы вецер — і спрыяльны, і неспрыяльны, які дзьме ў бок Беларусі, а ня ў наш бок. І па-трэцяе — выпаў сьнег, і яго даволі шмат», — сказала Ругінене.

«Ёсьць пэўныя фактары, якія не дазваляюць усебакова ацаніць усю сытуацыю. Для гэтага патрэбны больш працяглы пэрыяд, і мы ўсё яшчэ знаходзімся ў рэжыме пільнасьці і вельмі асьцярожна ацэньваем сытуацыю», — дадала яна.

На фоне скарачэньня плыні шароў міністар унутраных спраў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч на мінулым тыдні паведаміў BNS, што пакуль ня бачыць неабходнасьці адмяняць рэжым экстрэмальнай сытуацыі дзяржаўнага ўзроўню, уведзены месяц таму з-за гэтай кантрабанды.

Паводле Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, летась агулам было перахоплена 635 грузаў цыгарэт, перапраўленых зь Беларусі ў Літву на паветраных балёнах. У 2024 годзе такіх грузаў было 226, у 2023 годзе — некалькі, а ў 2022 годзе не было зафіксавана ніводнага.

Балёны зь Беларусі летась парушылі працу больш за 300 авіярэйсаў, у асноўным у Віленскім аэрапорце, закранулі 47 тысяч пасажыраў і прывялі да закрыцьця аэрапортаў амаль на 60 гадзін у агульнай складанасьці.

У сувязі з тым, што ўрад Літвы раней на некалькі тыдняў абмяжоўваў працу памежных пунктаў зь Беларусьсю, Менск адмаўляецца выпускаць са сваёй краіны зарэгістраваныя ў Літве грузавікі. Кіраўнікі Літвы расцэньваюць дзеяньні ў сувязі з кантрабандай і затрыманьнем грузавікоў як гібрыдную атаку менскага рэжыму.

svaboda.org