
Запрашаем на анлайн-сустрэчу
“Польская дзіцячая паэзія па-беларуску” ў межах цыклу сустрэч
“Санаторый пад клепсідрай”, прысвечаных польскай літаратуры і яе беларускай рэцэпцыі. Будзем размаўляць з вядомым журналістам, паэтам і перакладчыкам дзіцячай паэзіі
Андрэем Скурком. Матэрыялам для абмеркавання паслужаць тры польскія кнігі, пераствораныя ім па-беларуску. Дзве з іх – вершы
Марыі Канапніцкай і
Яна Бжэхвы – бясспрэчная літаратурная класіка, даўно правераная часам. Трэцяя, сучасная, служыць таму, каб зацікавіць юнае пакаленне творчасцю стваральніка польскай і беларускай оперы
Станіслава Манюшкі.
Трансляцыя сустрэчы
29 студзеня
18:00BY/16:00PL
@Прастора польскай культуры
Яшчэ і сёння можна сутыкнуцца з прыкрым стэрэатыпам, што дзіцячая літаратура – “другая ліга” прыгожага пісьменства, а яе перакладанне – несур’ёзны занятак, лягчэйшы ў параўнанні з перакладам літаратуры “дарослай”. Разам з мадэратарам сустрэчы, паэтам і перакладчыкам
Андрэем Хадановічам, наш госць развее гэты недарэчны міф, паказаўшы нетрывіяльнасць арыгінальных твораў і далёка не лёгкі, але найцікавейшы працэс іх перастварэння. Удзельнікі дыскусіі прачытаюць вершы ў арыгінале і ў перакладзе, а таксама абмяркуюць наступныя пытанні.
Чым каштоўная польская дзіцячая паэзія і як можна зацікавіць ёй беларускіх юных чытачоў і чытачак?
Чаму адэкватны пераклад можа быць не-даслоўным?
Непазбежныя страты і магчымыя знаходкі па дарозе ад арыгінала да перакладу.
“Я прыходжу не дзеля таго, каб вучыць дзяцей ці іх забаўляць. Я прыходжу з імі спяваць”: Марыя Канапніцка як дзіцячая паэтка.
“Сцяпанка Гудзімуха” як узорны верш для дзяцей: спалучэнне свету рэальнасці і фантазіі, жартаўлівасці і сур’ёзнасці.
Як перакладаць неперакладальнае: культавы верш Яна Бжэхвы “Хрушч” і яго беларуская версія.
“Татуля Манюшка, або Рыфмаваная біяграфія бацькі польскай і беларускай оперы”: што і чаму змянілася ў перакладзе?
