
Міністэрства замежных спраў Літвы 28 студзеня выклікала часовага паверанага амбасады Беларусі для ўручэньня дыпляматычнай ноты пратэсту праз аднаўленьне запуску паветраных балёнаў зь беларускай тэрыторыі.
«Ад прадстаўніка амбасады Беларусі патрабавалі, каб Менск неадкладна спыніў падобныя парушэньні і выконваў свае міжнародныя абавязкі па забесьпячэньні кантролю над паветранай прасторай і дзяржаўнай мяжой краіны», — адзначаецца ў заяве МЗС Літвы.
У МЗС Літвы расцэньваюць парушэньні паветранай прасторы Літвы з боку Беларусі «як сур’ёзныя парушэньні міжнароднага права, якія ўяўляюць пагрозу бясьпецы Літвы і грамадзянскай авіяцыі».
Згодна зь інфармацыяй замежнапалітычнага ведамства Літвы, 27-28 студзеня праз новыя інцыдэнты з кантрабанднымі балёнамі тройчы спынялі дзейнасьці Віленскага міжнароднага аэрапорту, у выніку чаго праз скасаваньне рэйсаў пацярпелі 700 пасажыраў.
