У фільме «Д’ябал носіць Prada — 2» знялася беларуска. Яна іграе «знакамітую актрысу» побач з Мэрыл Стрып

Атрымаць гэтую ролю былая беларуская журналістка Ганна Трубачова змагла дзякуючы свайму стылю.

Ганна Трубачова. Тут і далей фота з яе фэйсбуку

У фільме «Д’ябал носіць Prada — 2» Міранда Прыстлі (Мэрыл Стрып) перажывае заход кар’еры і крызіс традыцыйнага часопіснага бізнэсу. Каб ажывіць сваё выданне, яна просіць дапамогі ў былой асістэнткі Эмілі (Эн Хэтэўэй), якая займае высокую пасаду ў групе люксавых брэндаў.

Былая беларуская журналістка Ганна Трубачова ў фільме «Д’ябал носіць Prada — 2» павінна была стаць адной са статыстаў — ці то зявакай, ці то папарацы. Але дзякуючы свайму арыгінальнаму стылю атрымала ролю «знакамітай актрысы».

Але пра ўсё па парадку. Дзесяць гадоў таму беларуская журналістка Ганна Трубачова пераехала ў ЗША. Час ад часу яна здымаецца ў масоўцы кіно. Пра свае прыгоды распавядае ў фэйсбуку.

Летась Ганне неймаверна пашанцавала: яна атрымала ролю ў адным з самых доўгачаканых сіквелаў — «Д’ябал носіць Prada — 2». Прытым тую ролю, на якую не разлічвала, бо не ўваходзіла ў прафсаюз акцёраў масоўкі.

Пашанцавала праз тое, што паўсядзённы стыль Ганны даволі яркі і небанальны. У той знакавы дзень яна прыехала на ўскраіну Нью-Ёрка да гіганцкага будынка студыі, каб атрымаць убор для здымкаў.

Вобраз беларускі (а ў ім можна было пабачыць аксаміт, скуру і пёры) уразіў касцюм-дызайнераў. Пасля традыцыйнага «good to see you again» яны параіліся і прынеслі сукенку, якая больш нікому не падышла.

«Мне выдаюць тую самую дызайнерскую сукенку, якая, клянуся богам, сапраўды ні на кім больш не села б — не толькі таму, што трэба быць вельмі высокай і худой, але і харызматычнай — не кожны яшчэ пацягне, як тут кажуць: чорнае ў падлогу з даўжэзным хвастом, каўнер — вароніна пяро, а паміж кавалкамі, з якіх пашыта сукенка, праглядае мая белая скура.

Прыбраная, выходжу і тут жа пачынаю глядзець звысоку, а ўсіх нязгодных са мной ператвараць у жаб. «Нібыта нарадзілася ў гэтай сукенцы», — паведамляю касцюмерам. Звычайная працэдура — сфатаграфаваць касцюм на акцёры, — але замест пратаколу пачынаецца імправізацыя».

Паклікалі аператараў — «Здымайце яе, яна асаблівая». Ганна ўвайшла ў вобраз і атрымлівала бясконцыя кампліменты.

У выніку Ганну зацвердзілі на ролю «знакамітай актрысы №61», якая разам павінна ўдзельнічаць у сцэне Met Gala (гэта штогадовы дабрачынны баль Інстытута касцюма Музея Метраполітэн у Нью-Ёрку).

Вось як беларуска згадвае дзень здымак: «У масоўцы як мінімум паўтысячы чалавек, у арганізатараў галава кругам. Але схема звыклая: касцюмеры, макіяж, стылісты па прычосках, фатаграфіі, бясконцае чаканне ў перапынках».

Здарылася і кур’ёзная сітуацыя ў прыбіральні: адна з жанчын, якая здымалася ў масоўцы, з надзеяй звярталася да кожнай, хто заходзіў, ці няма ў яе зубной ніткі. Маўляў, гэта яе першыя здымкі ў масоўцы, магчыма, пашанцуе ўбачыць Мэрыл Стрып, а тут зубы не пачышчаныя. Ні ў кога ніткі не было.

Ганна ж прыдумала арыгінальнае рашэнне праблемы — вырвала некалькі валасоў з накладных пасмаў, якія ёй давялося прычапіць дадаткова да гнязда ў стылі «Марыя-Антуанэта ўдала правяла ноч».

«Дама анямела, бясконца дзякуе, а пасля ў дадатак атрымлівае маё нечаканае прызнанне: не ўспрымайце сябе занадта сур’ёзна».

За Ганну вельмі хвалявалася яе сястра, якая марыла, каб Ганна сустрэлася з Мэрыл Стрып на здымачнай пляцоўцы.

«І на 14‑й гадзіне 16‑гадзіннай змены я пішу ёй, што больш не магу глядзець на Мэрыл Стрып, што яна толькі што сама абрынулася на прыступках проста побач са мной, між іншым спытала ў спадара Тучы, ці варта ім вяртацца на зыходную кропку. Напэўна, варта, кажа яна, таму што калі вернешся, то хутчэй за ўсё пачуеш, што «we are wrapped», маўляў, «усё, скончылі», а не вернешся — дык будзеш зноў і зноў узыходзіць па лесвіцы, каб цалаваць каленку каралевы балю».

У выніку працоўны дзень для Ганны цягнуўся 16 гадзін і 6 гадзін — для Мэрыл Стрып. Ці адчувала беларуска сябе нейкай асаблівай у момант здымкаў побач з сусветнай зоркай? Кажа, што не.

«Але, прызнацца, нешта займальнае я ўсё ж адчула, калі мяне вывелі ў, так бы мовіць, ушчыльненую сцэну, дзе акцёры, фанаты, фатографы і журналісты ўжо выстраіліся ўздоўж дывановай дарожкі. Мяне першую паставілі на яе даваць бязгучнае інтэрв’ю. І вось стаю я на верхніх прыступках лесвіцы, гляджу ў бок парка і бачу неверагодную колькасць людзей, што выстраіліся ўздоўж агароджы Цэнтральнага парка: усе яны прыйшлі паглядзець на здымкі фільма і не разыходзіліся да пятай раніцы, пакуль мы ўсе працавалі дубль за дублем. Цікавая гісторыя, думаю: ці буду я калі-небудзь бліжэй да ўдзелу ў сапраўдным кіно…».

Ужо дома, вярнуўшыся са здымак, Ганна даведалася, што роля, якую ёй даверылі прадзюсары, прадугледжвала ўдзел у прафсаюзе (для акцёраў масоўкі, якія туды ўваходзяць, значна лепшыя ўмовы працы). Упершыню Ганна атрымала чэк з ашаламляльнай сумай — кажа, пасля яго ніколі ў жыцці не заікнецца, што 16‑гадзінная змена можа быць стамляльнай.

А агент беларускі напісаў, што за яе ўжо падалі прашэнне на прыняцце ў той самы прафсаюз.

«Каб вы разумелі: прафсаюзныя акцёры атрымліваюць значна больш, ім усюды першым зялёнае святло, лепшыя ролі і перспектывы».

Цяпер Ганна лічыць тую ролю «знакамітай актрысы №61» лёсавызначальнай — пасля яе кар’ера пайшла ў гару.

«Нядаўна я была на здымках, грым да якіх мне рабіла двойчы ўладальніца «Оскара». «Я цябе памятаю з «Д’ябал носіць Prada — 2», — сказала Джудзі».

Ганна раіць усім заўсёды заставацца самім сабой — бо менавіта ў гэтым ёсць сіла.

І сапраўды, хто яго ведае, ці атрымала б яна ролю побач з галівудскай зоркай, калі прыехала б за касцюмам не ў сваім звычайным эпатажным вобразе, а ў сціплых джынсах ды джэмперы.

nashaniva.com