На Пятрашунскіх могілках у Коўне 25 сакавіка сабралася больш сотні людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць Клаўдзія Дуж-Душэўскага, беларускага патрыёта, аўтара эскізу нацыянальнага сцяга, ковенскага архітэктара.
Ініцыятаркай рэканструкцыі надмагілля стала кіраўніца суполкі «Коўна беларускае» Ніка Выгоўская. Паводле спадарыні Выгоўскай, да стварэння помніка спрычыніліся беларускія актывісты (данатамі ад 5 еўра да 800), літоўскія ўлады, прадстаўнікі Саюза стралкоў Літвы і іншыя.
На цырымонію прыйшоў Марус Душаускас-Дуж — праўнук Клаўдзія Дуж-Душэўскага. «Ведаю свайго продка толькі па партрэтах. Знаў, што ён быў інжынерам, потым я высветліў, што ён быў яшчэ і вельмі актыўным удзельнікам барацьбы за незалежнасць і будаўніцтва беларускай незалежнай дзяржавы, быў аўтарам бел-чырвона-белага сцяга. Вялікі дзякуй, што падтрымліваеце памяць пра майго прадзеда», — сказаў ён.
Адзін з сігнатараў (падпісантаў) Акта аб аднаўленні незалежнасці Літвы 1990 года Саўліс Печалюнас нагадаў, што беларусы і літоўцы амаль адначасова атрымалі незалежнасць у 1918 годзе, але Беларусі «не пашанцавала».
«Зараз мы вельмі жадаем, каб ва Украіне хутчэй скончылася барацьба за нашыя агульныя чалавечыя каштоўнасці. Гэта вырашальная бітва не толькі для ўкраінцаў, але і для беларусаў. Праз яе ў Беларусі ёсць шанец вярнуць сабе незалежнасць», — сказаў сігнатар. Саўліс Печалюнас таксама ўзгадаў, што Клаўдзій Дуж-Душэўскі быў выгнаннікам — «Літва заўжды прымала суседзяў». «Месца яго пахавання заўжды будзе для беларусаў месцам, куды можна прыйсці, каб падняць свой дух і набрацца сілы для добрых спраў», — зазначыў ён.
Паводле гісторыка Томаша Блашчака з Інстытута Вялікага Княства Літоўскага, яшчэ гадоў 15 таму магіла Дуж-Душэўскага была «забытым беларускім месцам памяці ў Коўне». «Сёння, калі часы для ўсіх беларусаў свету вельмі складаныя, гэта месца — магіла аўтара беларускага сцяга — вяртаецца ў свядомасць беларусаў», — сказаў ён.
Прадстаўнік Саюза стралкоў Літвы Стасіс Ігнатавічус нагадаў, што «літоўцы з беларусамі змагаліся разам супраць ворагаў яшчэ з часоў Грунвальда». «На гэтых і іншых могілках пахаваныя тыя, хто змагаўся супраць бальшавізму як у Літве, так і ў Беларусі. Партызаны, якія змагаліся з камуністамі на тэрыторыі Беларусі, прахадзілі ваенную падрыхтоўку ў тым ліку ў шэрагах літоўскіх стралкоў, шмат каго з іх уганаравалі вышэйшымі ўзнагародамі Літоўскай Рэспублікі. Свабода — гэта анёл, дыктатура — д’ябал. Жадаем, каб як мага хутчэй анёл перамог чорта ў Беларусі», — сказаў Стасіс Ігнатавічус.
У раскладзе цырымоніі знайшлося месца і неспадзяванцы, як сказала Ніка Выгоўская. Аказваецца, 25 сакавіка ў Коўна адмыслова прыляцелі нашчадкі габрэйскай дзяўчынкі, уратаванай Клаўдзіем Дуж-Душэўскім падчас нямецкай акупацыі Коўна. Яны таксама прыйшлі на адкрыццё новага помніку беларускаму патрыёту.
За ратаванне габрэяў падчас Другой Сусветнай вайны Клаўдзій і Алена Дуж-Душэўскія 13 красавіка 2004 года пасмяротна атрымалі ўзнагароду прэзідэнта Літвы.
Клаўдзій Дуж-Душэўскі нарадзіўся ў мястэчку Глыбокае Дзісненскага павета Віленскай губерні ў сям’і збяднелых шляхцічаў 27 сакавіка (паводле іншых звестак 26 красавіка) 1891 года.
Пасля школы вучыўся ў Вільні ў рэальным вучылішчы, дзе паглыблена вывучаў прыродазнаўчыя і фізіка-матэматычныя дысцыпліны. Менавіта тут ён пазнаёміўся з многімі беларускімі палітычнымі і культурнымі дзеячамі, сярод якіх быў і яго зямляк Вацлаў Ластоўскі.
У 1918 годзе працаваў загадчыкам бежанскага аддзела Белнацкама, з лістапада 1918 года з’яўляўся сябрам Віленскай беларускай рады. Восенню 1919 — дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі, дзяржаўны сакратар ва ўрадзе Ластоўскага. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1921 арыштаваны польскімі ўладамі. Вызвалены 7 лютага 1921 года; эміграваў у Літоўскую рэспубліку. У 1920–1930-я гг. працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства. У 1927 ён скончыў факультэт будаўніцтва Літоўскага ўніверстітэта ў Каўнасе (факультэт адлучаны і ператвораны ў Каўнаскі тэхналагічны ўніверсітэт), атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-будаўніка, пасля чаго працаваў інжынерам.
У 1944–1946 гадах — дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта, на будаўнічым факультэце атрымаў пасаду загадчыка кафедры гісторыі архітэктуры.
У снежні 1946 — маі 1947 знаходзіўся пад следствам у Вільні. «За недастатковасцю сабраных доказаў для перадачы ў суд» яго справа была спынена. Пасля вызвалення працаваў галоўным інжынерам праектаў Інстытута праектавання пры Савеце Міністраў Літоўскай ССР. Зноў арыштаваны ў лютым 1952 года. Асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст з адбыццём пакарання ў выпраўленча-працоўных лагерах, з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем правоў тэрмінам на 5 гадоў. У 1954 тэрмін зняволення быў скарочаны да 10 гадоў, а 16 красавіка 1955 года ён быў датэрмінова вызвалены ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя. Памёр 25 лютага 1959 года.