Алесь Бяляцкі завітаў у Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку

На фота: Алесь Бяляцкі, Анатоль Вап, Ілона Карпюк

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі ў рамках свайго афіцыйнага візіту на Падляшша наведаў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Яму правялі экскурсію па Цэнтры, распавялі і паказалі вынікі працы, а таксама пазнаёмілі з калектывам арганізацыі.

Гаворыць намесніца кіраўніка Цэнтра – Ілона Карпюк:

Цешуся тым, што цэнтр змог падтрымаць гэты цыкл сустрэч, які завершыцца прэзентацыяй, можна сказаць польскай прэм’ерай, дакументальнага кіно пра Алеся Бяляцкага «Bialiatski/Unbroken», які зрабіла літоўская каманда. Мяне яшчэ вельмі цешыць, што ў рамках гэтага напружанага часу атрымалася таксама запрасіць у Цэнтр беларускай культуры, каб пазнаёміць Алеся з нашымі супрацоўнікамі, каб паказаць тут новае месца, нашу перспектыву.

Са свайго боку Алесь Бяляцкі адзначыў важнасць з’яўлення Цэнтра беларускай культуры і падзяліўся ўражаннямі ад яго наведвання:

– Для мяне гэта новая беларуская інстытуцыя, якая падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні, што вельмі важна. Тое, што польская дзяржава надае ўвагу нацыянальным меншасцям, у прыватнасці беларусам, і дае ім магчымасць для развіцця культуры, адукацыі. І тутэйшым беларусам важна выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія дае гэты цэнтр, менавіта культурнай установы. Мне прыемна было пазнаёміцца з калектывам, убачыць памяшканне, у якім знаходзіцца зараз цэнтр.

racyja.com