30 сакавіка адбудзецца анлайн-прэзентацыя рамана Шчэпана Твардаха “Кароль” у беларускім перакладзе

У межах цыклу «Санаторый пад клепсідрай» на старонцы «Прастора польскай культуры» 30 сакавіка а 15:00BY/14:00PL у прамым эфіры адбудзецца прэзентацыя культавага рамана Шчэпана Твардаха «Кароль» у беларускім перакладзе.

Мадэратар Андрэй Хадановіч разам з запрошаным госцем, гісторыкам і выдаўцом Андрэем Янушкевічам, абмяркуюць наступныя пытанні:

— «Кароль» як гістарычны раман, гангстарскі баявік і псіхалагічны дэтэктыў.

— Міжваеннае дваццацігоддзе, палітычны і крымінальны свет у творы.

— «Польская» і «яўрэйская» Варшава: шматкультурнасць або вайна культур?

— Праблема гвалту, віны і пакарання ў рамане.

— Чаго мы не ведалі пра лагер у Бярозе-Картузскай?

— Суб’ектыўнасць памяці і праблема «ненадзейнага» апавядальніка, якому не варта празмерна даваць веры.

— Асаблівасці мовы ў рамане і праблемы яго беларускага перакладу.

— Чым раман цікавы сучаснаму беларускаму чытачу?

Шчэпан Твардах — адзін з лідараў сучаснай літаратурнай сцэны Польшчы. Кожная выдадзеная ім кніга становіцца бестселерам. Аўтар такіх вядомых, скандальных і гучных раманаў як «Морфій» (2012), «Драх» (2014). «Кароль» (2016), «Каралеўства» (2018), «Пакора» (2020), «Холад» (2022). Піша таксама апавяданні, дзённікі і драматычныя творы. Узнагароджаны рознымі прэстыжнымі літаратурнымі прэміямі, сярод іх «Пашпарт часопіса «Палітыка»», Brücke Berlin-Preis, Узнагарода імя Касцельскіх. Паводле рамана «Кароль» у Польшчы быў зняты аднайменны серыял, які атрымаў выдатныя ацэнкі ад крытыкаў і стаў адным з самых паспяховых тэлевізійных праектаў.

budzma.org