
Грамадзяне Беларусі, якія маюць таксама грамадзянства іншай краіны, павінны ўязджаць у Беларусь і выязджаць з яе паводле беларускага пашпарта. Калі дзейнага пашпарта няма, за мяжой можна атрымаць пасведчанне на вяртанне, аднак пакінуць Беларусь паводле гэтага дакумента ўжо нельга. Гэта вынікае з тлумачэння Міністэрства замежных справаў.
Начальніца ўпраўлення ў пытаннях грамадзянства і выезду за мяжу галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Святлана Барысенка нагадала, што Беларусь не прызнае за сваімі грамадзянамі прыналежнасці да грамадзянства іншай дзяржавы.
«Гэта азначае, што грамадзянін Беларусі, нягледзячы на наяўнасць у яго грамадзянства іншай дзяржавы, павінен уязджаць у нашую краіну і выязджаць з яе тэрыторыі паводле пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь», – заявіла прадстаўніца МЗС.
Гэтае правіла распаўсюджваецца і на дзяцей, якія нарадзіліся за мяжой. Згодна з беларускім заканадаўствам, калі на момант нараджэння дзіцяці хаця б адзін з бацькоў быў грамадзянінам Беларусі, дзіця аўтаматычна набывае беларускае грамадзянства незалежна ад месца нараджэння. Наяўнасць у яго грамадзянства і пашпарта іншай краіны гэтага не змяняе.
Калі беларус знаходзіцца за мяжой без дзейнага беларускага пашпарта – напрыклад, тэрмін дзеяння дакумента скончыўся, ён страчаны або непрыдатны для выкарыстання, – можна звярнуцца ў беларускае пасольства або консульства па пасведчанне на вяртанне.
«Гэта дакумент, які пацвярджае права на аднаразовы ўезд у Рэспубліку Беларусь», – патлумачыла Барысенка.
Аднак выкарыстаць яго для зваротнай паездкі нельга.
«Звяртаем увагу, што пасведчанне на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь не можа быць выкарыстана для выезду з Рэспублікі Беларусь», – падкрэслілі ў МЗС.
Такім чынам, чалавек без дзейнага беларускага пашпарта можа паводле пасведчання вярнуцца ў Беларусь, аднак для наступнага выезду яму спатрэбіцца аформіць беларускі пашпарт.
Беларуска адмовілася ўязджаць з дзецьмі
Пытанне апынулася ў цэнтры ўвагі пасля гісторыі беларускі, якая жыве ў Нямеччыне. Як пісаў «Белсат», жанчына вырашыла не ўязджаць у Беларусь з двума дзецьмі пасля размовы з памежнікамі.
Абодва дзіцяці нарадзіліся ў Нямеччыне і маюць нямецкае і расейскае грамадзянствы, атрыманыя па бацьку. Іхная маці – грамадзянка Беларусі. Раней сям’я неаднаразова прыязджала ў Беларусь, выкарыстоўваючы замежныя пашпарты дзяцей, і, паводле жанчыны, праблемаў не ўзнікала.
Аднак падчас апошняй паездкі памежнікі паведамілі маці, што яе дзеці лічацца грамадзянамі Беларусі.
«Мне сказалі: «Вы ўязджаеце ў Беларусь. Але вашыя дзеці павінны зрабіць беларускія пашпарты. Без беларускіх пашпартоў мы іх не выпусцім»», – расказвала жанчына.
Паводле яе, на мяжы таксама заявілі, што само патрабаванне існавала і раней, аднак са студзеня 2026 года яго выкананне пачалі кантраляваць больш строга. У выніку жанчына вырашыла не ўязджаць у краіну, баючыся, што не зможа аформіць дзецям беларускія дакументы без удзелу іхнага бацькі, а затым вывезці іх назад у Нямеччыну.
Юрыст бачыць палітычную логіку
Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк у эфіры «Белсату» заявіў, што раней памежнікі маглі фактычна заплюшчваць вочы на адсутнасць беларускага пашпарта ў народжаных за мяжой дзяцей беларусаў, аднак цяпер патрабаванні пачалі ўжываць больш строга.
На ягоную думку, тое, што адбываецца, звязана не столькі са зменай заканадаўства, колькі з палітыкай уладаў у дачыненні да беларусаў, якія жывуць за мяжой.
«Тут трэба шукаць палітычную логіку. Яна ў тым, каб стварыць чалавеку нязручнасці, зменшыць ягоныя рычагі ўплыву. Няма логікі, акрамя загаду пераследаваць чалавека з палітычных матываў, паказаць, што „мы тут улада, хаця б таму, што можам зрабіць табе дрэнна“», – заявіў Кірылюк.
Юрыст таксама лічыць, што абавязковае афармленне беларускіх дакументаў дзецям дазваляе дзяржаве лягчэй вызначаць іхныя сувязі з іншымі грамадзянамі.
«Іхная матывацыя простая – усім зрабіць беларускія пашпарты, каб было лёгка знаходзіць у базах, хто да каго мае дачыненне. Вось і ўсё. А далей ужо выпускаць ці не выпускаць – рашэнне будзе прымаць афіцэр на мяжы», – сказаў Кірылюк.
