Беларусы прывезлі з Капенгагена «крыж каралевы Сафіі»

Што думаюць пра артэфакт Алесь Пашкевіч і Аляксей Ластоўскі.

Створаная беларусамі рэпліка крыжа Дагмар, ці крыжа Сафіі Менскай. Фота тут і далей: арганізатараў беларускай экспедыцыі

22 жніўня ў Капенгаген прыбыў «першы беларускі пірацкі флот» з залатой рэплікай Крыжа Дагмар — сярэднявечнага артэфакта, які ўдзельнікі экспедыцыі звязваюць з Сафіяй Менскай, князёўнай XII стагоддзя і каралевай Даніі.

Каля знакамітай Русалачкі беларусы зладзілі тэатралізаваную бойку на шаблях, пасля селі ў чоўны і выправіліся па гавані дацкай сталіцы. На Каралеўскай плошчы прайшлі канцэрт і цырымонія перадачы копіі, а затым яе прэзентавалі ў Нацыянальным музеі Даніі, дзе захоўваецца арыгінал. Завяршылася падарожжа наведваннем храма ў Рынгстэдзе — месца пахавання Сафіі.

Ніхто, вядома, не збіраўся выкрадаць музейную рэліквію: «пірацкай» акцыю назвалі іранічна. Беларусы прывезлі ў Капенгаген яе сучасную копію, якую за амаль чатыры тысячы еўра вырабіў грузінскі ювелір Ілія Чакветадзэ. У будучыні рэпліку плануюць перадаць Музею вольнай Беларусі ў Варшаве.

Самі ўдзельнікі называлі сваёй місіяй не літаральнае вяртанне музейнага артэфакта, а «вяртанне ў гістарычную памяць постаці Сафіі Менскай». Але яшчэ да высадкі «флоту» задуму пачалі крытыкаваць гісторыкі. Ці быў гэта сапраўды крыж Сафіі? Ці можна называць гэту акцыю «вяртаннем нацыянальнай святыні»? І ці нараджаюцца гістарычныя міфы падчас яркіх медыяакцый?

Мы пагаварылі пра гэта з гісторыкам Алесем Пашкевічам і дырэктарам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксеем Ластоўскім. Абодва прызнаюць: версія пра сувязь крыжа з Сафіяй мае права на абмеркаванне, а сама ініцыятыва нікому надта не шкодзіць. Але яе перспектывы яны бачаць па-рознаму.

Рэпліка крыжа на бюсце Сафіі Менскай у Нацыянальным музеі Даніі

Што ў гэтай гісторыі вядома дакладна

У Нацыянальным музеі Даніі захоўваецца невялікі залаты крыж-рэліквія, аздоблены перагародкавай эмаллю. У Даніі ён вядомы як Крыж Дагмар — паводле імені багемскай прынцэсы Маркеты Пржэмыслаўны, якая пасля шлюбу з каралём Вальдэмарам II стала дацкай каралевай Дагмар.

Крыж знайшлі ў XVII стагоддзі ў царкве Святога Бента ў Рынгстэдзе, дзе знаходзіцца каралеўскі некропаль. Рэліквію перадалі ў Каралеўскую кунсткамеру, палічыўшы, што яна магла належаць Дагмар. Але надзейнай фіксацыі, з якой менавіта магілы паходзіць артэфакт, не захавалася.

Сам Нацыянальны музей Даніі называе прадмет візантыйскім залатым крыжам з эмаллю. Яго датаванне застаецца дыскусійным: даследчыкі адносяць яго да перыяду ад XI стагоддзя да прыкладна 1200 года. Музей таксама асцярожна піша, што ў XVII стагоддзі толькі меркавалі, нібыта крыж належаў каралеве Дагмар.

Аляксей Ластоўскі звяртае ўвагу: перад намі не той выпадак, калі адна безумоўная версія раптам сутыкнулася з фантазіяй аматараў. Навука дакладна не ведае ні месца стварэння крыжа, ні ўсіх яго ўладальнікаў, ні нават таго, у чыёй магіле яго знайшлі.

— Сам крыж відавочна належыць да візантыйскай традыцыі. Хутчэй за ўсё, ён быў выраблены ў самой Візантыі, магчыма, у Канстанцінопалі. Гэта вельмі якасная праца, якая патрабавала высокаразвітай ювелірнай майстэрні. Але дакладна сказаць, дзе ён быў створаны, мы не можам, — тлумачыць гісторык. — Не маем мы і дакладнай фіксацыі яго знаходкі. У XVII стагоддзі падчас работ у каралеўскім некропалі былі парушаныя некалькі магіл. Таму цалкам магчыма, што рэчы перамяшаліся і крыж з аднаго пахавання трапіў у іншае.

Менавіта гэтая няпэўнасць і пакінула месца для іншай версіі.

Арыгінал крыжа Дагмар у Нацыянальным музеі Даніі

Як Крыж Дагмар стаў «Крыжом Сафіі»

У 1978 годзе дацкая медыявістка і былая кіраўніца Нацыянальнага музея Фрыцэ Ліндаль выказала гіпотэзу: крыж магла прывезці ў Данію Сафія Менская.

Сафія, якую таксама называюць Полацкай, паходзіла з княжацкага роду і ў 1157 годзе выйшла замуж за Вальдэмара I Вялікага. Яна стала каралевай Даніі і маці двух будучых дацкіх каралёў. Паводле версіі Ліндаль, Сафія магла прывезці рэліквію з сабой, а пасля перадаць дачцэ Рыксе. Пахаванне Рыксы знаходзілася побач з магілай Дагмар і было пашкоджанае падчас даўніх работ у некропалі.

У 2021 годзе да гэтай гіпотэзы вярнулася Лізавета Дубінка-Гушча. У артыкуле для рэцэнзаванага Journal of Belarusian Studies яна параўнала Крыж Дагмар з Крыжом Еўфрасінні Полацкай. Даследчыца звярнула ўвагу на падабенства формы, колераў эмалі і некаторых мастацкіх дэталяў і нават дапусціла, што крыжы маглі быць вырабленыя адным майстрам.

Аляксей Ластоўскі лічыць, што абмяркоўваць такую версію можна. Аднак яна складаецца з некалькіх паслядоўных дапушчэнняў, кожнае з якіх не мае канчатковага пацвярджэння:

— Крыж мог перадавацца ў сям’і. Сафія сапраўды паходзіла з земляў, хрысціянізаваных ва ўсходняй, візантыйскай традыцыі. Таму яна выглядае магчымым каналам, праз які падобны артэфакт мог трапіць у Данію. Але трэба разумець, што гэта толькі гіпотэза. Яе можна абмяркоўваць, можна спрабаваць шукаць пацверджанні. Але яна ніколі не пяройдзе ў стан, калі мы зможам дакладна сказаць: «Гэта быў крыж Сафіі». Адпаведных крыніц, якія б гэта пацвердзілі, папросту няма. А паколькі паходжанне артэфакта цьмянае, можна выстаўляць і іншыя гіпотэзы, якія будуць мець падобную ж вартасць.

«Без уласнай гісторыі копія крыжа нічога не вартая»

Калі Ластоўскі аддзяляе магчымую навуковую гіпотэзу ад занадта смелай публічнай інтэрпрэтацыі, то Алесь Пашкевіч ставіць пад сумнеў і саму культурную перспектыву новай рэплікі:

— Я не вельмі разумею, навошта ўсё гэта. На стварэнне нацыянальнага міфу гэта гісторыя не цягне, бо Сафія Менская — невядомая для большасці беларусаў постаць, пра яе трэба доўга тлумачыць. Узгадалі крыж, зрабілі копію — але навошта? Гэта проста дарагая рэч за чатыры тысячы еўра. Любы заможны чалавек можа замовіць сабе падобную біжутэрыю. Міфы так не ствараюцца, — кажа гісторык.

Беларускія «піраты» ў Капенгагене

Для Алеся Пашкевіча каштоўнасць пэўнага прадмета вызначаецца гісторыяй, якую рэч паспела перажыць разам з грамадствам, і эмоцыямі, якія ён выклікае. 

У такім кантэксце ён прапануе параўнаць новую рэпліку з копіямі Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Яны таксама не з’яўляюцца арыгіналамі, але маюць для беларусаў значна большую вагу. Справа не толькі ў вядомасці самой Еўфрасінні. Створаны ў 1161 годзе крыж знік падчас Другой сусветнай вайны, а яго лёс дагэтуль невядомы. Вакол страты ўзнікла таямніца, надзея на вяртанне і перакананне, што знікненне крыжа сімвалізуе трагічны лёс беларускай спадчыны.

— Крыж Еўфрасінні мог бы не стаць настолькі папулярным, калі б ён не знік. Вакол яго ўзнік арэол: яго вывезлі, схавалі, мы не ведаем, дзе ён. Гэта стварыла таямніцу і адчуванне, што для беларусаў важна яго вярнуць, — разважае Алесь Пашкевіч. — Таму і копія ўжо нешта ўвасабляе: на яе падае святло гісторыі сапраўднага крыжа, ягонага лёсу і таямніцы.

З Крыжом Дагмар такой гісторыі ў беларускай культуры няма:

— Ён захоўваецца ў Капенгагене. Ляжыць сабе ў музеі, яго ніхто не хавае. Каб нехта выкупіў на аўкцыёне сам старажытны артэфакт, гэта ўжо мела б каштоўнасць хаця б таму, што перад намі была б сапраўдная тысячагадовая рэч. Але калі мы вырабляем копію прадмета, які не паспеў пражыць у беларускай свядомасці ніякай гісторыі, адна толькі заява не надае яму вагі. У гэтага крыжа няма перажытага беларусамі досведу. Ён не ўдзельнічаў ні ў якіх гістарычных падзеях. Без уласнай гісторыі яго копія нічога не вартая як гістарычны артэфакт. Яна застаецца біжутэрыяй, — падсумоўвае ён.

«Калі людзям падабаецца такі дзвіж, то ён таксама мае права на існаванне»

Аляксей Ластоўскі ацэньвае экспедыцыю мякчэй. На яго думку, не ўсё, што робіцца вакол гісторыі, павінна адпавядаць фармату акадэмічнай канферэнцыі. Публічная гісторыя можа быць гульнёй, прыгодай і нават забаўляльным атракцыёнам:

— Гэта безумоўна медыяакцыя, скіраваная на тое, каб сабраць як мага больш увагі. Бярэцца ідэя, выказаная даследчыкамі, і ператвараецца ў забаўляльную прыгоду, разлічаную на медыйную раскрутку. Я сам у гэтым сэнсе крыху кансерватар, але калі людзям падабаецца такі дзвіж, то ён таксама мае права на існаванне. Добра, калі гісторыя вывучаецца ў кабінетах, але яна павінна знаходзіць водгук у сэрцах людзей.

Беларусы — удзельнікі экспедыцыі ў Капенгагене. Дызайн «пірацкага» сцяга распрацаваў Уладзімір Цэслер

Праблему Ластоўскі бачыць у сцвярджэннях, якія пачынаюць суправаджаць акцыю:

— У аснове праекта ляжыць вельмі хісткая версія. Казаць пра статус гэтага крыжа як нацыянальнай святыні беларусаў — відавочнае перабольшванне і скажэнне. Яго сувязь з Беларуссю і Сафіяй не даказаная. А каб нейкая рэч стала нацыянальным сімвалам, яна павінна пражыць вялікую гісторыю ў свядомасці людзей. Недастаткова проста зрабіць амбіцыйную заяву і назваць яе святыняй.

Ініцыятарка і арганізатарка экспедыцыі Марыя Грыц з рэплікай крыжа

Ці могуць нацыянальныя міфы і сімвалы стварацца штучна

За гісторыяй пра крыж стаіць больш шырокае пытанне: ці можа грамадства свядома стварыць сабе новы міф?

Алесь Пашкевіч сумняваецца, што жыццяздольныя нацыянальныя міфы ўвогуле можна паспяхова канструяваць штучна паводле загадзя складзенага плана. Для гэтага патрэбны не толькі рэч і інфармацыйная кампанія, але і грамадскі запыт, эмацыйны драйв і адпаведны гістарычны момант.

— Я не думаю, што міфы ўвогуле ствараюцца так: маўляў, вось вакол гэтага варта зрабіць міф, а вакол іншага не варта. Калі нешта замацоўваецца, гэта адбываецца больш натуральна. У пэўны момант вобраз можа стрэліць, а можа і не. Шмат залежыць ад патрэбы часу. Калі ж міф пачынаюць рабіць штучна, гэта часта ні да чаго не прыводзіць.

Класічным прыкладам Алесь Пашкевіч называе Краледворскі рукапіс у Чэхіі. У XIX стагоддзі яго выдалі за помнік старажытнай чэшскай літаратуры, але пазней высветлілася, што гэта падробка. Тым не менш рукапіс паспеў адыграць сваю ролю ў часы нацыянальнага адраджэння: грамадству быў патрэбны доказ старажытнасці і культурнай велічы чэхаў.

У беларускай гісторыі падобную функцыю, паводле Алеся Пашкевіча, часткова выканалі кнігі Міколы Ермаловіча:

— Напрыканцы 1980‑х амаль нічога падобнага па-беларуску не было. Людзям, асабліва інтэлігенцыі, былі патрэбныя натхняльныя творы, якія дазвалялі ганарыцца сваёй, беларускай, а не савецкай, мінуўшчынай. Ермаловіч разбураў адны міфы і адначасова ствараў іншыя — напрыклад, пра Вялікае Княства Літоўскае як выключна беларускую дзяржаву. Пазней акадэмічная навука шмат чаго не пацвердзіла. Але ў той момант кнігі адказвалі на рэальную грамадскую патрэбу і таму спрацавалі.

Сёння, лічыць гісторык, інфармацыйнае поле ўжо не пустое. Ёсць гістарыяграфія, прафесійныя даследчыкі і магчымасці хутка праверыць гучную версію. Паўтарыць сітуацыю канца 1980‑х ужо не атрымаецца.

«Нам не трэба даказваць, што мы еўрапейцы»

Адзін з галоўных пасылаў экспедыцыі — паказаць, што беларускія землі ўжо ў Сярэднявеччы былі ўключаныя ў еўрапейскую палітычную і культурную прастору. Сафія стала каралевай Даніі, а яе дзеці — часткай некалькіх еўрапейскіх дынастый.

Алеся Пашкевіча такі аргумент не пераконвае:

— Уся наша гісторыя — еўрапейскі кантэкст. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага — еўрапейская. Нашы магнаты вучыліся ў Еўропе, падтрымлівалі сувязі з еўрапейскімі дварамі, сюды прыходзілі еўрапейская культура і ідэі. Нам не трэба праз старажытную князёўну, якую тысячу гадоў таму выдалі замуж, яшчэ раз даказваць, што мы еўрапейцы. 

Аляксей Ластоўскі глядзіць на пошук еўрапейскіх сувязяў інакш. Ён звязвае яго з цяперашнім становішчам беларусаў, раскіданых па розных краінах пасля вялікай хвалі эміграцыі:

— Тут ёсць відавочны парадокс. З аднаго боку, людзі шукаюць свае карані, сваю спадчыну, тое, што было прызабыта або страчана. З іншага — беларусы цяпер расцярушаныя па ўсім свеце. Такая сітуацыя натуральна прымушае шукаць нешта беларускае па-за межамі Беларусі. І раптам высвятляецца, што нашыя сляды можна знайсці ў Капенгагене, Рынгстэдзе, у дацкай дынастычнай гісторыі.

Ці прынесла акцыя карысць

Аляксей Ластоўскі лічыць, што ініцыятыва ўжо прынесла відавочную карысць: пра Сафію Менскую, Крыж Дагмар і сярэднявечныя сувязі паміж Полацкай зямлёй і Скандынавіяй загаварылі людзі, якія раней нічога пра іх не ведалі:

— Ажывілася дыскусія пра адносіны паміж Даніяй і Полацкай ды Менскай землямі. Генеалагічныя і міжнародныя сувязі таго часу даследаваныя слаба і вядомыя вузкаму колу людзей. Цяпер іх абмяркоўваюць — і гэта карысна, — кажа ён. — Самае страшнае, калі мінулае нам нецікавае і ўспрымаецца як далёкая краіна. Калі вакол гісторыі здымаюць фільмы, ствараюць турыстычныя аб’екты або ладзяць такія акцыі, гэта заўсёды выклікае спрэчкі. Але праз спрэчку мы даведваемся нешта новае пра сябе і фармулюем уласныя пазіцыі.

На яго думку, нават недаказаная версія не нанясе вялікай шкоды, калі публічна называць яе менавіта гіпотэзай:

— Крыж нікуды не знікне і не будзе выкрадзены піратамі. Людзі сабралі грошы, зрабілі рэпліку, атрымалі магчымасць для прыгоды. Але адначасова яны пачалі абмяркоўваць абставіны знаходкі крыжа, яго паходжанне і ўласныя карані. Таму пазітыў у гэтай гісторыі таксама ёсць.

Алесь Пашкевіч не верыць, што рэпліка замацуецца як значны беларускі сімвал, але прызнае каштоўнасць самаарганізацыі:

— Я ацэньваю скептычна перспектыву таго, што гэты вобраз замацуецца. Але людзі самі ўсё зрабілі: ні на каго не чакалі, ні на каго не перакладалі адказнасць, нічога не патрабавалі. Калі ў іх ёсць рэсурсы, імпэт і жаданне, гэта можна толькі вітаць. 

Зрэшты, пасля падарожжа ў Капенгаген у рэплікі крыжа з’явілася ўласная біяграфія. Яна стала артэфактам беларускай эміграцыі, публічнай акцыі і вялікай спрэчкі пра тое, ці можна стварыць нацыянальны міф у ювелірнай майстэрні. Пакуль жа самае дакладнае азначэнне гэтай рэчы залежыць ад таго, хто на яе глядзіць. 

nashaniva.com