Знішчыць усё нязручнае? І што ёсць «суцэльная ганьба». «Салідарнасць» абмеркавала з дырэктарам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксеем Ластоўскім, чым тлумачыцца жаданне ўладаў скараціць спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
У Беларусі, падобна, рыхтуюцца істотна скараціць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Тэлеграм-канал Спадчына апублікаваў красамоўнае даручэнне Мінскага аблвыканкама да раённых адміністрацый: чыноўнікі мусяць знайці дакументы і аргументы, каб пазбавіць ахоўнага статусу адразу сямі аб’ектаў у Клецкім раёне.
Пад знос, што адметна, прапануюць адправіць амаль выключна шляхецкія сядзібы. І парэшткі драўлянага ветрака ў вёсцы Шайкі Клецкага раёна, які быў захаваўся з XIX стагоддзя, але не перажыў «аховы» беларускае дзяржавы: шмат гадоў паціху дагніваў у аварыйным стане, летась абрынуўся і разбурыўся канчаткова. Адказнасць за тое ніхто не панёс — спісалі на стыхію.

Аўтары «Спадчыны» мяркуюць, што падобныя лісты будуць разасланыя і па іншых раёнах, а лёс помнікаў архітэктуры, якія выведуць з-пад аховы, незайздросны — іх могуць фізічна знішчыць, не пакідаючы ні памяці, ні слядоў.
«У раёнах няма ні істотных рэсурсаў, ні матывацыі»
Як мы шмат разоў бачылі, пры зручным выпадку дзяржава гандлюе нерухомай спадчынай. Прынамсі на пляцоўцы БУГБ-Маёмасць рэгулярна выстаўляюцца на продаж гістарычныя сядзібы альбо прадпрыемствы (нават за адну базавую — то-бок, 45 рублёў).
Але ж ад новых уласнікаў улады патрабуюць тое, што не спяшаюцца выконваць самі: падпісаць ахоўны статус, цягам некалькіх год правесці рэстаўрацыю паводле праекту, выкарыстоўваць гістарычныя помнікі толькі па дазволеным прызначэнні. І нават гэта не гарантуе, што аб’ект у інвестара не адбяруць назад.
Даведка
У беларускі Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў станам на сёння ўваходзяць 5696 аб’ектаў. Матэрыяльныя аб’екты падзеленыя па чатырох катыгорыях аховы: 0 — аб’екты сусветнага значэння (як Сафійскі сабор, дуга Струве, Каложская царква), 1 — міжнароднага (Косаўскі палац, фарты Брэсцкай крэпасці, урочышча Курапаты і г.д.), 2 — нацыянальнага (мноства касцёлаў, цэркваў, палацава-паркавых ансамбляў), 3 — рэгіянальнага (як сядзібы мясцовай шляхты, гарадская забудова, археалагічныя помнікі).
Для параўнання: у суседняй Польшчы пад аховай дзяржавы знаходзіцца больш як паўмільёна гісторыка-культурных аб’ектаў, у Літве — звыш 26 тысяч.
Чаму цяпер улады імкнуцца скараціць дзяржаўны спіс ГКК, калі маглі б перадаваць рэстаўрацыю і захаванне помнікаў архітэктуры ў прыватныя рукі? І што чакае аб’екты, якія застануцца без аховы — усё знясуць ды засеюць рапсам?
На думку акадэмічнага дырэктара Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксея Ластоўскага, сітуацыя больш складаная.

— Выключэнне са спісу не азначае аўтаматычнае разбурэнне помніка, — зазначае «Салідарнасці» эксперт — Так, калі гаворка ідзе пра продаж аб’ектаў, унесеных у спіс гісторыка-культурнай спадчыны — ёсць нюансы: на пакупніка накладваецца вялікая адказнасць за набытак, усе працы, якія будуць ажыццяўляцца на аб’екце, мусяць узгадняцца з Мінкультуры, праходзіць праз экспертныя праверкі. Што відавочна ўскладняе любую спробу аднавіць той жа палац.
Таму і раней гучалі галасы, у тым ліку з асяродку экспертаў, якія займаюцца спадчынай, каб максімальна зніжаць парог уключэння ў спіс ГКК.
З іншага боку, гэтае скарачэнне спісу могуць выкарыстоўваць і мясцовыя ўлады, якім муляюць вочы аб’екты, што ўжо не прадасі і вельмі цяжка аднавіць — але імі трэба апекавацца, правяраць іхны стан, рабіць нешта для аховы. А ў раёнах няма ні істотных рэсурсаў, ні, шчыра кажучы, матывацыі — і гэта структурная праблема.
Таму, мяркуе Аляксей Ластоўскі, сітуацыя з ахоўным спісам неадназначная. Выключэнне з яго можа як спрасціць продаж і аднаўленне закінутых шляхецкіх сядзібаў, палацаў, вінакурняў — так і прывесці да страты кантролю над гэтымі працэсамі, і новыя ўласнікі змогуць рабіць з помнікамі што заўгодна.
Лёс палацу ў Радзівілімонтах (уваходзіць у тыя 7 аб’ектаў у Клецкім раёне, што хочуць вывесці з-пад дзяржаўнай аховы — С.) эксперт называе суцэльнай ганьбай. Рэч у тым, што класіцыстычны драўляны палац быў пабудаваны прыканцы 18 стагоддзя па праекце італьянскага архітэктара, і гэта выдатны прыклад драўлянага дойлідства.

— Але ён стаіць занядбаны, — з прыкрасцю згадвае Аляксей Ластоўскі. — Калі я быў там гадоў 8 таму, усё зарасло хмызняком і кустоўем і паціху разбуралася. Відавочна, ужо ніхто не ўзязся б яго выкупляць, бо для прыватнага бізнесу гэта вельмі складаны і дарагі праект. А калі б з розумам падышлі, на дзяржаўным узроўні, з гэтага месца можна было зрабіць вельмі цікавы культурны аб’ект, звязаны з еўрапейскай гісторыяй.
— То можа, у гэтым і сутнасць? Ёсць меркаванні, што скарачэнне спісу ГКК дазволіць пазбавіцца, ці проста не замінаць разбурэнню «нязручнай» гісторыі. Прынамсі, «несавецкай, польскай». Ці пагодзіцеся?
— На маю думку, гэта ўсё ж перабольшанне. Сапраўды, ёсць моманты, на якія беларуская ўлада вельмі балюча рэагуе і хоча зменшыць іх прысутнасць у публічнай прасторы. Але па сутнасці, польскія шляхецкія сядзібы існуюць хутчэй як рэгіянальныя, краязнаўчыя аб’екты, не як месцы памяці.
То-бок, казаць пра мэтанакіраваную палітыку знішчэння памяці я не стаў бы. Мяркую, тут збег фактараў, а перадусім спецыфічнае стаўленне ўладаў да спадчыны як таго, што можа (ці не можа) прыносіць грошы. Нікому не прыйдзе ў галаву зачыніць, да прыкладу, Нясвіжскі палац з нелюбові да Радзівілаў — бо гэта ж курыца, якая нясе залатыя яйкі.

«Убудоўваецца ў ідэалагічную схему супрацьстаяння з Захадам»
Не сказаць, каб беларускія ўлады не займаліся рэстаўрацыяй гістарычных помнікаў наогул. На тое, у чым бацаць камерцыйны патэнцыял або прывабнасць для турыстаў, сродкі і сілы знаходзяць.
Так, з палацу Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе (Жлобінскі раён) пасля доўгіх мытарстваў стварылі музей і працягваюць аднаўляць сядзібныя будынкі. На пачатку 2026 года была адчыненая пасля маштабнай рэстаўрацыі капліца роду Ажэшкаў у Закозелі (Драгічынскі раён) — чыноўнікі асабліва падкрэслілі «вялізны турыстычны патэнцыял» помніка.

Летась у Мінску аднавілі вінакурню і гаспадарчыя будынкі Лошыцкай сядзібы, наўпрост цяпер ідуць працы на капліцы і млыне. Досыць шмат рэсурсаў укладваецца ў аднаўленне Крэўскага і Гальшанскага замкаў.
Аднак, калі гаворка ідзе пра касцёлы на ўсходзе Беларусі, дзе амаль не засталося вернікаў і ніхто не апякуецца станам помнікаў архітэктуры — гэтыя аб’екты паступова разбураецца, а беларуская дзяржава маўкліва назірае за знікненнем гэтага пласту спадчыны.
Цікава, што помнікі Другой сусветнай (у афіцыйнай гістарыяграфіі РБ — Вялікай айчыннай) вайны паказаныя сама меней у трох базах даных і інтэрактыўных картах. І налічваецца гэтых мемарыялаў звыш 8,5 тысяч — больш, чым усіх аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны наогул. Ды яшчэ асобна ў кожным раёне яны ўнесеныя ў адмысловы рэестр помнікаў і мемарыялаў, на загад Саўміна РБ. Чаму так сталася?
— Відавочна, што гісторыя Другой сусветнай вайны ёсць прыярытэтнай для афіцыйнай гістарычнай палітыкі, — гаворыць Аляксей Ластоўскі. — Згадайце Год гістарычнай памяці, ініцыятыву па расследаванні «генацыду беларускага народа», усю тую ўвагу, што надаецца гэтай тэме.
Беларуская ўлада імкнецца сябе рэпрэзентаваць як захавальінка памяці пра подзвіг народа і Перамогу. Гэта ўбудоўваецца таксама ў ідэалагічную схему супрацьстаяння з Захадам: заходнія краіны абвінавачваюць, што яны разбураюць магілы савецкіх салдат, а вось у Беларусі, глядзіце, гэтымі помнікамі апякуюцца.
У такой палітычнай кан’юнктуры ваенныя помнікі, натуральна, маюць пераважнае значэнне. Іх пільнуюць і мясцовыя ўлады, і наогул уся вертыкаль. І гэта зусім іншая сітуацыя, чым з занядбанымі палацамі і сядзібамі.
«Стаўленне беларускіх уладаў да помнікаў вельмі прагматычнае»
Калі прыгледзецца больш пільна, заўважым, што і да савецкіх помнікаў ва ўладаў Беларусі асаблівае стаўленне. Бо не толькі з 200-гадовага Пішчалаўскага замку робяць «шматфункцыянальны комплекс» з рэстаранамі. Не пашкадавалі ні першы мінскі аэравакзал, на месцы якога цяпер жылы квартал Мінск—Мір, ні гістарычны будынак шпіталя блізу Акадэміі навук.
Пры тым у суседніх краінах з савецкіх вязніц робяць музеі і месцы памяці, дый да іншых аб’ектаў падыходзяць не бяздумна. У Літве дагэтуль дыскутуюць пра лёс савецкага Палацу спорту, не спяшаючыся яго знесці, а ў Таліне на ўзбярэжжы ўсё яшчэ захоўваецца Гархол — узор позняга мадэрнізму і сімвал Алімпіяды-1980. То-бок, можна паспрачацца, хто больш адказны ў захаванні гістарычнай памяці.
— Насамрэч, не ўсё так адназначна, і прагматычныя матывы ёсць у кожным выпадку, — разважае Аляксей Ластоўскі. — У Вільні знеслі савецкі мадэрнісцкі кінатэатр, бо патрэбнае было месца ў цэнтры горада. А з палацам спорту вельмі складаная сітуацыя, паколькі ён знаходзіцца на старых яўрэйскіх могілках, і ў дыскусію пра лёс гэтага месца ўключаная яўрэйская абшчына, а аптымальнага рашэння пакуль няма.
Цалкам згодны ў тым, што стаўленне беларускіх уладаў да помнікаў архітэктуры, нават савецкага перыяду, вельмі прагматычнае. Можам узгадаць, які быў лёс першага музея Вялікай Айчыннай вайны — пры ўсёй той увазе, што надаецца гэтай тэме, — яго папросту знеслі пад камерцыйную забудову.
У Еўропе часта можна бачыць, як імкнуцца інтэграваць новыя камерцыйныя аб’екты і старую забудову, каб не зносіць яе. Гэта куда даражэй і складаней, але сведчыць пра павагу да сваёй спадчыны. У нас жа — безліч адваротных прыкладаў.
Так было з першай мінскай электрастанцыяй, фактычна знішчанай дзеля няўдалага праекту гатэля Kempinski на беразе Свіслачы. Альбо возьмем выпадак Маскоўскага аўтавакзалу — выдатнага ўзору постмадэрнісцкай архітэктуры Мінска. Аднак дзеля нейкіх закулісных дамоўленасцяў гэты помнік таксама разбурылі.



Таму нельга казаць, што беларуская дзяржава абараняе выключна савецкі пласт спадчыны і знішчае ўсё іншае. На жаль, мы нярэдка бачылі, як у нашай краіне знішчаліся помнікі архітэктуры, дэкаратыўнага мастацтва позняга мадэрнізму.
— Агулам у плане захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі вы хутчэй аптыміст ці песіміст? Не паспее гэты рэжым разбурыць усё, да чаго дацягнецца?
— Спадчына — такая рэч, якая ствараецца стагоддзямі, і знішчыць яе адным махам вельмі складана. Калі бальшавікі прыйшлі да ўлады, колькі намаганняў яны прыкладалі, каб знішчыць сакральную архітэктуру? Але ж не атрымалася. Зараз, на шчасце, улады не ставяць перад сабой такіх мэтаў, хоць і маюць камерцыйныя прыярытэты.
Такі падыход, на маю думку, непазбежна прывядзе да паступовага разбурэння важных аб’ектаў. Наогул, пытанне рэстаўрацыі гістарычных аб’ектаў — тое, што ў беларускай дзяржаве недапрацоўваюць, хоць ёсць і пазітыўныя прыклады.
Хацелася б, каб стаўленне да спадчыны ўключала ў сябе не толькі прагматычны, але і каштоўнасны чыннік, і навуковы падыход. Але цяпер, на жаль, пераважаюць іншыя фактары і разлікі.
