КДБ дадаў у склад «экстрэмісцкага фармавання» «Позірк» яшчэ пяць чалавек

У пераліку «экстрэмісцкіх фармаванняў» на сайце МУС Беларусі 25 жніўня з’явіліся новыя прозвішчы: іх дапісалі да ранейшага складу асоб, якія нібыта маюць дачыненне да навінавага анлайн-выдання «Позірк», раней абвешчанага беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Скрыншот сайта медыяпраекта «Позірк»

У дакумент пад назвай «Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі 25 жніўня 2026 года дададзеныя асабовыя звесткі: Руслана Бацянкова, Вольгі Быкоўскай, Захара Шчарбакова, Аляксандра Янусіка і Арцёма Лявы. Яны прызнаныя ўдзельнікамі «экстрэмісцкага фармавання» «Позірк» у адпаведнасці з рашэннем Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі ад 19 жніўня 2026 года.

Нагадаем, рашэнне пра прызнанне медыяпраекта «экстрэмісцкім фармаваннем» упершыню было прынятае Міністэрствам унутраных справаў 19 снежня 2024 года. На той момант у складзе «фармавання» МУС назваў журналістаў Таццяну Каравянкову, Аляксандра Класкоўскага, юрыста Рамана Кісляка, аналітыкаў Пятра Рудкоўскага і Аляксандра Фрыдмана.

Таксама ў персанальным пераліку «экстрэмістаў» была згаданая «Агенцыя навінаў» (пад ранейшай назвай «Naviny.by» як складнік экстрэмісцкага фармавання «Інфармацыйнае агенцтва ЗАТ «БелаПАН», якому быў нададзены «экстрэмісцкі» статус паводле рашэння КДБ ад 1 лістапада 2021 года).

У рашэнні МУС згадваліся і інтэрнэт-рэсурсы, праз якія нібыта здзяйснялася «экстрэмісцкая дзейнасць»:

  • інтэрнэт-партал «Позірк» з ідэнтыфікатарамі https://pozirk.online або https://bpn-info.online;
  • старонка ў Facebook з назвай «Pozirk — Навіны пра Беларусь»;
  • старонка ў X з назвай «Pozirk»;
  • YouTube-канал з назвай «Позірк»;
  • Telegram-канал з назвай «Pozirk. Навіны пра Беларусь»;
  • TikTok-канал з назвай «pozirk_online»;
  • старонка ў Instagram з назвай «pozirk_online»;
  • акаўнт на Spotify з назвай «Позірк. Размовы пра Беларусь»;
  • электронная пошта pozirk@pozirk.online.

«Экстрэмісцкім» быў прызнаны і лагатып медыяпраекта — «у выглядзе фону чырвонага колеру, у цэнтры якога — мастацкая выява чалавечага вока з упісанай літарай «П» белага колеру ўнутры чорнага круга».

Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (арт. 361–1 КК) ці  за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 КК). Санкцыі гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.

baj.media