Беларускага ЛГБТК+ актывіста і медыяспецыяліста Яўгена Базюка абвясцілі ў вышук у Беларусі і Расіі пасля таго, як КДБ залічыў яго ва ўдзельнікі ініцыятывы Heta Baza, якую КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фармаваннем”. Сам Яўген распавёў “Вясне”, што яго супрацоўніцтва з арганізацыяй абмежавалася адной анлайн-лекцыяй, аднак гэта не перашкодзіла сілавікам прыйсці з вобшукам да яго бацькоў у Брэсце.

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома пра пераслед беларускага ЛГБТК+ актывіста і медыяспецыяліста Яўгена Базюка. Пасля адной анлайн-лекцыі для праваабарончай ініцыятывы Heta Baza спецслужбы ўнеслі яго ў спіс удзельнікаў “экстрэмісцкага фармавання”, правялі вобшук у доме яго бацькоў у Брэсце і абвясцілі ў вышук.
Яўген Базюк родам з Брэста, пэўны час жыў у Мінску. З 2023 па 2025 год ён працаваў у незалежным медыя “ДазХiп”, якое піша пра гендар і сексуальнасць, дзе займаўся стварэннем і мантажом відэакантэнту. Акрамя таго, актывіст супрацоўнічаў з шэрагам праваабарончых і ЛГБТК+ ініцыятыў: выступаў як запрошаны эксперт у “Прызматыцы”, здымаў відэа для Respect-Protect-Fulfill, а таксама стварае кантэнт для сацсетак арганізацыі “Іншыя”.
У чэрвені 2024 года Яўген з’ехаў у Літву. Паводле яго слоў, прамой пагрозы на той момант не было, але ён адчуваў сябе ў небяспецы, бо працаваў у Беларусі падпольна. Праз некалькі месяцаў, калі праваабаронцы пачалі фіксаваць хвалю рэпрэсій супраць квір-людзей і ЛГБТК+ актывістаў, ён вырашыў не вяртацца. Цяпер Яўген знаходзіцца ў Літве і рыхтуе дакументы для падачы на статус уцекача.
Адзіная лекцыя і статус “экстрэміста”

24 лютага 2026 года Яўген правёў адукацыйную анлайн-лекцыю пра лідарства ў ЛГБТК+ супольнасці ў межах праваабарончай праграмы ініцыятывы Heta Baza. Як сцвярджае актывіст, да і пасля гэтага ён з ініцыятывай ніяк не супрацоўнічаў.
Аднак у пачатку красавіку 2026 года КДБ Беларусі прызнаў Heta Baza “экстрэмісцкім фармаваннем”, а імя Яўгена аказалася ў спісе яго ўдзельнікаў.
“Наколькі мне вядома, усе пералічаныя імёны нібыта ўдзельнікаў гэтага “фармавання” – гэта таксама лектары, якія аднойчы выступілі спікерамі на той жа самай адукацыйнай праграме, – распавёў Яўген. – Менавіта гэтая праграма чамусьці трапіла пад увагу, і нас унеслі туды як удзельнікаў арганізацыі”.
Ужо 13 красавіка асабісты Instagram-акаўнт актывіста прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Яўген мяркуе, што сілавікі звярнулі ўвагу на яго старонку праз прэзентацыю з той самай лекцыі, дзе былі пазначаныя яго сацсеткі як спікера.
Вобшук у бацькоў і пагрозы
10 ліпеня 2026 года супрацоўнікі КДБ прыйшлі з вобшукам у дом бацькоў Яўгена ў Брэсце. Сілавікоў цікавіла праваабарончая дзейнасць сына і яго сувязі з недзяржаўнымі арганізацыямі, распавядае суразмоўца.
Як стала вядома Яўгену са слоў маці, вобшук прайшоў без грубага ціску, але сілавікі не патлумачылі, у межах якой справы і па якім артыкуле яны дзейнічаюць, а таксама не выдалі бацькам ніякіх дакументаў ні да, ні пасля следчых дзеянняў.
Падчас візіту супрацоўнікі КДБ папрасілі ў маці тэлефон і ў асабістай перапісцы ў Telegram знайшлі літоўскі адрас Яўгена. Там жа яны выявілі і яго Instagram-акаўнт. Прычым, як адзначае актывіст, брэсцкія сілавікі пра гэтую старонку нават не ведалі, нягледзячы на тое, што яна ўжо некалькі месяцаў лічылася “экстрэмісцкай”.
Сыходзячы, супрацоўнікі КДБ папрасілі бацькоў перадаць сыну папярэджанне, каб ён “сядзеў ціха і спакойна” і спыніў сваю дзейнасць, інакш яны могуць прыйсці з вобшукам зноў.
Вышук у Беларусі і Расіі
23 кастрычніка 2026 года Яўген Базюк выявіў, што абвешчаны ў вышук па ініцыятыве МУС Беларусі. Сам актывіст звязвае цікавасць сілавікоў выключна са сваёй публічнай асветніцкай дзейнасцю ў ЛГБТК+ сферы і працай у якасці вядучага сацсетак шэрагу арганізацый, прызнаных беларускімі ўладамі “экстрэмісцкімі”. Па якім канкрэтна крымінальным артыкуле супраць яго распачатая справа, пакуль невядома.
