12.12.: У Варшаве ладзяць унікальны паказ нямога фільма «Галька» з жывым музычным суправаджэннем і хорам

Скрыншот кадра са стужкі «Галька»

Экранізацыя аднайменнай оперы Станіслава Манюшкі будзе дэманстравацца з жывым музычным суправаджэннем, створаным вядомай беларускай кампазітаркай Вольгай Падгайскай. Пасля паказу адбудзецца дыскусія пра супольную культурную спадчыну Беларусі і Польшчы, у якой прыме ўдзел у тым ліку рэжысёрка Мара Тамковіч.

Паказ адрэстаўраванага польскай стужкі «Галька» рэжысёра Канстанты Мегліцкага адбудзецца ўвечары 12 снежня ў варшаўскай Kinoteka. Паказ аб’яднае класіку польскага міжваеннага кінематографу, музычную спадчыну
Станіслава Манюшкі і сучасную беларускую кампазітарскую творчасць.

У паказе будуць задзейнічаныя ансамбль камернай музыкі Five-Storey Ensemble, Concordia Choir пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай, а таксама салісты – барытон Міхаіл Ліла і сапрана Караліна Ружа. Агулам на падзеі выступяць каля 20 выканаўцаў.

«Перш чым пачаць працу над музыкай, я глыбока пагрузілася ў сюжэт фільму і лёс яго галоўнай гераіні, імкнучыся адчуць трагедыю таго, што з ёй здарылася, – кажа Вольга Падгайская. – Мне хацелася перадаць гэты боль і эмацыйную атмасферу сродкамі музыкі. Я захавала ключавыя арыі і харавыя фрагменты з оперы Станіслава Манюшкі, а атмасферную музыку і пераходы напісала самастойна. Мне хацелася даць музыцы Манюшкі новае дыханне, прапанаваць сучасную інтэрпрэтацыю, захаваўшы пры гэтым яе эмацыйную глыбіню. Слухачы змогуць ацаніць, ці ўдалося мне стварыць цэласную музычную прастору, якая падкрэслівае драматызм фільму і раскрывае трагедыю яго гераіні».

Ад постаці Станіслава Манюшкі, што спалучае ў сабе беларускую і польскую культуры, будзе адштурхоўвацца дыскусія пра супольную польска-беларускую спадчыну і тое, як выкарыстоўваць яе патэнцыял для сучаснага дыялогу паміж нацыямі.

У дыскусіі возьмуць удзел беларуска-польская рэжысёрка Мара Тамковіч, бізнесовец і мецэнат Мацей Радзівіл, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і дырэктар Цэнтру імя Юльюша Мерашэўскага Лукаш Адамскі. Мадэраваць размову будзе кінакрытыца і арганізатарка «Нямой ліхаманкі» Ірэна Кацяловіч.

Інфармацыя пра падзею:
Дата: 12 снежня 2026 года
Час: адкрыццё дзвярэй – 17:30, пачатак – 18:00
Месца: Kinoteka, зала 4 (pl. Defilad, 1, Варшава)
Уваход: бясплатны, паводле папярэдняй рэгістрацыі праз спасылку
Мова: фільм будзе дэманстравацца з беларускімі субтытрамі

baj.media