Хведар Нюнька стаяў ля вытокаў Таварыства беларускай культуры ў Літве, якое ўзначальваў дваццаць пяць гадоў, ад моманту заснавання, спрыяючы адраджэнню, захаваню і пашырэнню беларускай прысутнасці ў Літоўскай Рэспубліцы.
Дзякуючы дзейнасці спадара Хведара ў Вільні сёння працуе беларуская гімназія, імёнамі славутых беларусаў названыя некаторыя вуліцы горада, на магілах беларускіх дзеячаў усталяваныя помнікі і дзясяткі мемарыяльных дошак, а таксама захаванае месца забойства Кастуся Каліноўскага на Лукішскім пляцы. Пад кіраўніцтвам Хведара Нюнькі Таварыствам беларускай культуры былі праведзеныя пяць Канферэнцый беларусаў Балтыі.
Хведар Нюнька ўражваў сваёй нястомнасцю, энергічнасцю і меў актыўную грамадзянскую пазіцыю, заўжды браў актыўны ўдзел у грамадкіх акцыях і кампаніях – выступаў у абарону беластоцкай газеты “Ніва”, у падтрымку Дома Марыянаў у Лондане, дапамагаў усталёўваць крыжы ў Курапатах… Усяго не пералічыць.
З “Бацькаўшчынай” Хведар Якубавіч быў ад самага пачатку, і не пакідаў Згуртаванне без падтрымкі нават у самыя неспрыяльныя для арганізацыі перыяды. Ён быў верным сябрам і паплечнікам нашага Згуртавання.
ЗБС «Бацькаўшчына»
Радзім Гарэцкі: “Выдатны віленскі беларус, мой сябар Хведар Нюнька”