Беларуская рэжысёрка Юля Шатун – пра свой пераезд у Польшчу, шлях у кіно і фільм “Межы”, які з’явіўся ў сетцы

У красавіку на анлайн-платформе VODBLISK можна паглядзець паэтычнае кінаэсэ Юлі “Межы”. Backstage пазнаёміўся з творчым светам гэтай таленавітай аўтаркі.

Юля Шатун – маладая беларуская фільммэйкерка, сцэнарыстка, аператарка. Яна яскрава дэбютавала з поўнаметражным фільмам “Заўтра”, выйграўшы Нацыянальны конкурс кінафестывалю “Лістапад”.

А пасля на Міжнародным кінафестывалі дакументальнага кіно ў Марсэлі ўзяла адразу 4 узнагароды: прыз за лепшы дэбютны фільм, прыз імя Віктара Рэно, згадванне імя Жоржа дэ Барэжара і спецыяльнае згадванне журы “Надзея Марселя”. У 2018 годзе гэта была адзіная стужка, якая атрымала такую ​​колькасць узнагарод на буйным французскім фестывалі.

Кіно – дорага і цяжка

У мяне не было нейкага такога выразнага моманту, калі я вырашыла, што хачу быць рэжысёрам. Мне ўвогуле здаецца, што “хачу здымаць кіно” гучыць неяк глабальна. Аб’ектыўна здымаць кіно вельмі цяжка, гэта адна з самых складаных формаў мастацтва менавіта з пункту гледжання тэхнічных магчымасцей. Гэта табе не комп, за які ты можаш сесці і напісаць, напрыклад, аповесць! Таму я і лічу, што калі б мне дакладна адразу прыйшла такая думка пра кіно, я б наадварот спужалася! 

Мне проста ўвогуле заўсёды было цікава мастацтва. Я пісала сцэнарыі, рабіла пастаноўкі, фатаграфавала – нешта заўсёды прыдумляла. І проста ў нейкі момант з’явілася ідэя зрабіць кіно. Не пачаць ім займацца афіцыйна, а проста рэалізаваць адзін канкрэтны праект. То бок кіно цалкам стала працягам маіх іншых захапленняў, якія заўсёды прысутнічалі.

Яшчэ для мяне дзіўна жадаць адразу быць толькі рэжысёрам. Як па мне, ты прыходзіш да таго, каб здымаць фільм, ужо таму, што цікавішся і цікавіўся нейкімі іншымі рэчамі. Карацей, для мяне фраза “я хачу быць рэжысёрам” гучыць як “я хачу быць багатым і знакамітым”. Штосьці абстрактнае і незразумелае!

Скрын з фільма “Заўтра” Юлі Шатун

Фільм “Заўтра” і страх расчаравання

У мяне ўжо былі нейкія напрацоўкі і мне вельмі было цікава паспрабаваць зрабіць фільм. Рабіла яго я, мой лепшы сябра Мікіта Аляксандраў і мае бацькі, якія выконвалі галоўныя ролі. Я нікому нічога не казала, нікога больш не прыцягвала, камеру проста пазычыла ў знаёмых. 

Я зняла яго ў снежні, а за мантаж села як раз незадоўга да дэдлайну на “Лістапад”. То бок ён у мяне ляжаў недзе паўгады. Была рызыка, што гэты матэрыял увогуле нікуды не пойдзе. Аб’ектыўна быў страх, які знаёмы, здаецца, многім. Калі ты доўга над чымсьці працуеш, а пасля трэба гэта мантаваць, рэдагаваць. Ты заўсёды адцягваеш гэты момант, бо не хочацца лоб у лоб сутыкнуцца з тым, што ў цябе штосьці не атрымалася. Тым больш у маім выпадку, калі ўсё гэта рабілася на не вельмі якасную камеру і мы ледзь-ледзь выправілі колер. 

Але пасля я зразумела, што мне патрэбна паставіць нейкую кропку і вырашыла адправіць стужку на фестываль “Лістапад”. Гэта было самае простае рашэнне: не трэба рабіць англійскія субцітры, бясплатная падача. Ну і гэта не з’яўлялася нейкай высокай планкай: у конкурс нацыянальных стужак трапіць можна было. 

І вось калі амаль перад падачай мы з Мікітам фільм зрабілі, першы раз разам яго паглядзелі… і ўсміхнуліся, як быццам усё зразумелі ў гэты момант! Не, канешне, мы не ўбачылі, якія мы геніі (смяецца), але ў нас удзвюх было адчуванне, што менавіта фільм мы сапраўды зрабілі. Можна зняць што заўгодна, але ці будзе гэта фільмам? А вось у нас ён быў. 

Канешне, я заўсёды вельмі нізка ацэньваю свае ідэі, таму такога выбуху я не чакала. Перамогі не чакала! Больш за тое, я на фестываль фільм падала пад псеўданімам.

Калі ў цябе нічога няма

А яшчэ ўявіце, што вам патрэбна зрабіць кіно без грошай, тайна і хутка. Я здымала зімой, з нейкіх месцаў нас выганялі самымі паскуднымі словамі. 

Насамрэч я ўсё здымаю прыкладна так. Намагаюся зыходзіць з таго, што ёсць. Прыдумаць можна ўсё што заўгодна, выпісаць нейкіх герояў, але ж без добрага якаснага кастынгу, без нармалёвай арганізацыі здымак рэалізаваць такі праект будзе немагчыма. То бок: калі ў цябе нічога няма, няма і іншага выйсця, апроч: карыстацца тым, што побач. Таму, напрыклад, я і вырашыла здымаць сваіх бацькоў. Не то каб яны супер гарэлі, але пагадзіліся, не адмовіліся дапамагчы. Наадрэз адказацца было бы зусім жорстка, я ж іх не на сцэну прасіла выходзіць! Кіно ў гэтым плане прасцей.

Карацей, я нават не ўяўляю, што можа быць інакш. У мяне з’явяцца магчымасці, будзе каманда хаця б 10 чалавек. Я проста змагу прыйсці аднойчы на пляцоўку і спакойна здымаць. Цяжка ўявіць!

Кіно і немагчымасць самастойнасці

Ну вось ёсць у мяне такая рыса, калі я штосьці прыдумала, мне хочацца пайсці і самой усё ціха зрабіць. Каб як мага менш людзей пра гэта ведала. Гэта бадай што пра мае страхі: калі мне хтосьці дапаможа, штосьці для мяне зробіць, я ўжо буду несці адказнасць. Кіно ўвогуле стрэсавы момант: трэба прыходзіць, размаўляць з людзьмі, дзяліцца з імі сваімі ідэямі, заахвочваць іх, каб яны захацелі з табою працаваць. І атрымоўваецца, што гэта той самы від мастацтва, дзе шмат залежыць і ад іншых, а не толькі ад цябе. 

Таму мне да гэтай пары цяжка з гэтым змірыцца. Нядаўна для кароткага метра патрэбны былі акцёры, я зразумела, што можна ж напісаць на фб, спытаць, канешне, хтосьці адгукнецца, але не магу пакуль што вось так… Пры гэтым разумею, што быць у кінавытворчасці незалежным – бессэнсоўна і не карысна. Бо ўсё роўна адзін ты такую справу рабіць не можаш!

Бацькі Юлі Шатун

Не/нармалёвая прафесія

Не сказаць, што мае бацькі калі-небудзь лічылі, што гэта нармалёвая справа, але яны шчыра рады маім поспехам. 

У першым выпадку я іх нават разумею. Калі ў мяне будзе дзіця, выбраць, канешне, за яго я не змагу, але калі бы мела магчымасць… Я б зрабіла так, каб яму не было цікава мастацтва як прафесія. Гэта загадзя цяжкі і незразумелы шлях. Таму і перажыванні маіх родных зразумелыя: любыя бацькі найперш хочуць, каб у цябе было ўсталяванае, добрае ў бытавым сэнсе, простае жыццё. З кіно, бадай што, такім тваё жыццё не будзе.

“Межы”

Там ёсць чатыры гарады: Мінск, Масква, Мазыр і Гусеў. Гусеў – гэта месца, дзе я нарадзілася. 

Частку кадраў, якія я выкарыстала ў фільме, мой тата здымаў на плёнку ў Гусеве і Мінску яшчэ да майго нараджэння. У гэтым фільме можна пабачыць, як яны гуляюць па сталіцы ў канцы васьмідзясятых. Дарэчы, пераклад субцітраў рабілі мая маці і тата, так што гэта цалкам сямейны фільм. 

Першапачаткова я не збіралася гэты фільм адпраўляць на фестывалі і паказваць шырокаму гледачу.  Зрабіла яго ў якасці задання ў кінашколе па прадмеце “Рэжысура мантажу”.

Нам сказалі зрабіць кінаэсэ пра межы ў кіно. У фільме я ўжо больш паглыблена распрацавала тэму, вырашыла не рабіць акцэнт толькі на кіно. Я тады і зразумела, што кадры таты вельмі кладуцца на канцэпт мой. Гісторыя пра межы як быццам пачынаецца з архіўных кадраў, калі мяне яшчэ ўвогуле не было на гэтым свеце. А зараз ужо гэтыя гарады здымаю я. Ад гэтага я і пачала адштурхоўвацца. Што тычыцца тэксту ў фільме, то ён, як і відэашэраг, рабіліся адначасова. Пісала хутка, насамрэч у мяне больш часу займае рэдактура. Правіць – куды больш складана. Тым больш,  што вельмі доўга правіць напісанае – гэта і ёсць пісаць.

На занятку ў кінашколе ў Маскве я доўга не вырашалася папрасіць паглядзець мой фільм і зрабіла намаганне, толькі калі зразумела, што такім чынам магу проста спазніцца на цягнік у Мінск.

Сапраўды, калі я рабіла гэты фільм, я не думала, што я буду яго паказваць. Але майму выкладчыку гэты фільм добра зайшоў, а ён такі чалавек, што проста так нічога хваліць не будзе! Ды і на той момант я сама была задаволена тым, што атрымалася. Калі шчыра мне ў кінашколе больш цяжка было паказваць свае працы, бо там як раз спецыялісты, якія адразу табе даюць фідбэк, а ён не заўсёды можна быць прыемным. 

У цэлым, я лічу, што гэта добрая якасная праца, калі вы цікавіцеся беларускім сучасным кіно, то паглядзіце (смяецца).

Адукацыя: правільнага адказу няма

У цэлым, я лічу, што мець адукацыю ў сферы мастацтва – не абавязкова.

Табе, канешне, не патрэбны нейкі сертыфікат, ты і без яго можаш рабіць кіно. Мне проста здаецца, што кінашкола можа памагчы з разуменнем, а што і як ты будзеш здымаць. Маскоўскую кінашколу новага кіно я выбрала асэнсавана. Я лічу, што трэба акурат ісці да канкрэтных рэжысёраў, падыход якіх табе адпавядае. Я пачала вучыцца з-за Дзмітрыя Мамуліі, да гэтага слухала ягоныя лекцыі, чытала артыкулы. І вось мне адгукалася тое, пра што ён казаў. Там сапраўды даюць вельмі карысную інфармацыю.

Такое навучанне можа паскорыць працэс разуменне, што такое кіно як мастацтва, як яго ствараць, з чаго пачынаць. Гэта ж не рамяство, ну як табурэтку зрабіць, дзе дастаткова разумець, якія аб’ектывы, планы, ракурсы ёсць і што яны даюць. Патрэбна, і гэта самае складанае, на інтэлектуальным узроўні зразумець, што здымаць і як! А для гэтага патрэбна нейкім чынам аналізаваць рэальнасць, уцяміць яе, мець нейкія навыкі і мастака, і філосафа. І ў маёй кінашколе шмат працавалі і ў гэтым напрамку. Але гэта не значыць, што МШНК – цалкам тэарэтычная. Не, такое паглыбленне наўпрост хутчэй цябе прыводзіць да якаснай практыкі.

Недахоп адзіны ў такой адукацыі: нейкія ідэі, якія мне раней здаваліся добрымі, зараз такімі ўжо не з’яўляюцца (смяецца).

Заставацца беларускім рэжысёрам

Я нейкі час не ўсведамляла, што я адчуваю. Бо мы спачатку хутка з’язджалі з Беларусі, пасля гэтаксама з Украіны. Пасля прыехалі ў Польшчу, горад Познань, дзе я ніколі не была. Зараз прайшоў ужо год – і мабыць, мне нармалёва! Мне важна думаць, што гэта такія часовыя прыгоды. У мяне няма думак, што я больш ніколі не змагу вярнуцца ў Беларусь. 

Мне яшчэ вельмі дапамагае тое, што я не адна – я тут ужо з мужам. Не быць адной – вельмі важна. Калі б я была там, дзе нікога не ведаю, думаю, мне было б вельмі самотна. Больш да таго, за гэты год прыехала ў Польшчу шмат сяброў і як быццам бы ў той жа Варшаве ўжо збіраецца невялічкі Мінск. 

Мяне нельга, умоўна кажучы, пазбавіць таго вопыту, які я маю, нават калі я не ў Беларусі. З іншага боку – выпадак, калі адна даследчыца напісала некалькі кніг пра Японію, аднак ніколі там не была, з кіно не магчымы. Немагчыма, калі здымкі па сюжэце павінны быць у Беларусі. Таму, у цэлым, пытанне гэта для мяне адкрытае… Як здымаць сапраўднае, звязанае с рэчаіснасцю кіно, калі цябе ў Беларусі ўжо няма… Пакуль няма.

Алёна Сойка, backstage.place