Baisan & Bedzvin выпусцілі двухмоўны сінгл Bloodlands

Беларус Baisan і ўкраінец Bedzvin выпусцілі сінгл Bloodlands. Сінгл выходзіць у падтрымку кнігі Bloodlands 20/22: Belarus/Ukraine і змяшчае адзін трэк па-украінску і адзін па-беларуску.

Першы трэк «Фірман» — наследаванне лепшым музычным эксперыментам супрацы паэтаў з музыкамі, песня ваеннага часу з элементамі львоўскага дыялекту (гвары). Другі, «Эрас і Танатас», — рэзюмэ беларускай часткі кнігі і своеасаблівае падсуманне апошніх трох гадоў беларускага жыцця.

Слухаць сінгл можна на SpotifyYoutube і ўсіх іншых стрымінгавых платформах.

Volo Bedzvin — таленавіты віаланчэліст, вядомы беларусам па супрацы з Вольным тэатрам і ўзаемадзеянню з беларусамі Львова. Іх сустрэчу апісвае Байсан, — «Мы сустрэліся ў Вільні. Калі абмяркоўвалі альбом, высветлілася, што любімы ўкраінскі паэт Валодзі — Юрко Іздрык, а ў мяне акурат ёсць апошні асобнік яго перакладзенай кніжкі, карацей, стала зразумела, што з гэтым чалавекам можна мець справы. Пасля некалькіх рэпетыцый вырашылі, што скароцім музычнае выказванне — адзін трэк на беларускую палову кнігі і адзін на ўкраінскую. Каб было і падсумаванне і лёгкая недасказанасць, адпаведна бягучаму моманту ў рэгіёне».

Абодва тэксты ўзятыя з артбука, што друкуецца зараз і дасяжны для замовы на сайце лонданскага выдавецтва «Скарына». Сто працэнтаў кошту, якія чытач плаціць за кнігу, ідуць на рэабілітацыйны цэнтр «Ланка», створаны беларусамі ва Украіне. Першыя прэзентацыі кнігі адбудуцца ў Варшаве (9-га ліпеня, Hučna Fest), Празе (11-га ліпеня) і Берліне (13-га ліпеня).

budzma.org