5 кніг ад Максіма Жбанкова

Культурны аналітык і галоўная навалач белкульт-журналістыкі, як сам апісвае сябе Максім Жбанкоў, раіць кнігі пра мроі электрычных авечак, глабальную поп-культурную сітуацыю, багемныя мемуары і іншы смак беларушчыны для exlibris.belarus.

Фота: @flejtmotiv

1. Эрнэст Хемінгуэй «І ўзыходзіць сонца» (пераклад Юркі Гаўрука)

Файны пераклад, моцная проза. Узгадаў, за што любіў гэтага аўтара падлеткам. І зразумеў, што першая любоў не іржавее.

Жыццёвы досвед, самазакаханасць напалам з аўтаіроніяй, жорсткая рэдактура слоўніка, адчайная прага спрацаваць на максах — нязменная формула сапраўднага пісьменства. Працуе дагэтуль.

2. Cаймон Рейнольдс «Ретромания. Поп-культура в плену собственного прошлого»

Выдатны прыклад разумнага ды трапнага разбору глабальнай поп-культурнай сітуацыі. Віншавальная паштоўка ўсім шыбанутым меламанам і папсовым фрыкам.

Так — сістэмна, канцэптуальна, дакладна — у нас, на жаль, не піша ніхто. Варта прачытаць, прынамсі, каб зразумець — чаму.

3. Marek Hlasko «Piękni dwudziestoletni»

Біг-біт камуністычных аўтсайдэраў ды культурных вычварэнцаў. Мемуарная кніжка польскага багемнага героя сярэдзіны мінулага стагоддзя. Чытай і гары. Танчы алка-бугі з Раманам Паланскі.

Калі пашчасціць, хтосьці напіша падобнае й пра цябе. Калі пашчасціць, усё адно ніхто не паверыць.

4. Вольга Гапеева «Самота, што жыла ў пакоі насупраць»

Еўрапроза даваеннай якасці. Надзвычай цікава назіраць моцнае прафесійнае сталенне даўно знаёмай (здаецца) аўтаркі. Той выпадак, калі ў жыцці за мяжой адбудоўваецца прынцыпова іншы смак беларушчыны.

Адзін з нешматлікіх галасоў, якія важна чуць.

5. Xavier Dollo, Djibril Morissette-Phan «The History of science fiction. A graphic novel adventure»

Мапы зорных вандровак, мроі электрычных авечак, авантуры шалёных навукоўцаў ды дзівосныя сцэнары (нібыта) немагчымай будучыні. 196 старонак шыкоўнага коміксу пра жыццё і прыгоды аднаго з найбольш змястоўных і прарочых жанраў «нізкай» культуры.

budzma.org