8 ліпеня 1993 года ў Мінску ў будынку Тэатра оперы і балета пачаў працу Першы з’езд беларусаў свету. Беларусы замежжа, якія доўгі час ўспрымаліся дзяржавай як калабаранты і здраднікі змаглі нарэшце прыехаць на Радзіму. Па ўспамінах удзельнікаў з’езда, а іх было больш за тысячу, гэта было вялікае свята, якое давала надзею на лепшую будучыню Беларусі. Як атрымалася ў часы без інтэрнэту і мабільнай сувязі сабраць такую вялікую колькасць людзей з розных куткоў свету? Як праходзіла падрыхтоўка да з’езда? Хто ўзяў на сябе фінансаванне? Распавядаем у артыкуле. Сваімі ўспамінамі падзялілася ўзельніца тых падзей, кіраўніца ЗБС «Бацькаўшчына» з 2009-га па 2021 год Алена Макоўская.
Арганізатарам з’езда выступіла Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», створанае ў 1990 годзе «дзеля захавання беларускай прысутнасці ў свеце, яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў».
«На Сход, на Усенародны Сход!» — гэтыя словы Янкі Купалы былі напісаны на франтоне Тэатра оперы і балета, дзе праходзіў з’езд. Ён сапраўды стаўся усенародным форумам, на які з’ехаліся беларусы з Англіі, Аргенціны, Аўстраліі, Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, ЗША, Кыргызстана, Казахстана, Канады, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Туркменістана, Узбекістана, Украіны, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі і Эстоніі. Тры дні амаль тысяча дэлегатаў з Беларусі і замежжа і больш за 200 гасцей з’езда дзяліліся ўспамінамі, досведам, сваім бачаннем будучыні Беларусі, абмяркоўвалі праблемы развіцця ўзаемаадносінаў Беларусі з яе амаль чатырохмільёнай дыяспарай.
Народны пісьменнік Беларусі, прэзідэнт «Бацькаўшчыны» Васіль Быкаў адкрыў Першы з’езд. Другім выступаў старшыня Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч. Сярод дэлегатаў былі міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, міністр інфармацыі і друку Анатоль Бутэвіч, народны паэт Ніл Гілевіч, адзін з найвядомых дзеячаў Беларускага замежжа, рэдактар газеты «Беларус» Ян Запруднік, кіраўнік Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель.
Кім былі беларусы-эмігранты для ўлады да З’езда?
Савецкая ўлада пэўны час увогуле разглядала беларусаў за мяжой як варожы ёй элемент. Пазней з лаяльнымі да СССР беларусамі ўлады сталі кантактаваць праз беларускую секцыю Савецкага камітэта «За вяртанне на Радзіму» і Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой, з 1955 года пачала выходзіць газета «За вяртанне на Радзіму» (з 1960 года — пад назвай «Голас Радзімы»).
З тымі ж, хто за мяжой заставаўся беларусамі без прасавецкіх ілюзій, савецкая наменклатура не кантактавала і асцерагалася іх.
Тагачасны міністр замежных спраў Пётр Краўчанка згадвае ў мемуарах: «Мой папярэднік на пасадзе міністра Анатоль Гурыновіч настолькі не хацеў уступаць у кантакты з прадстаўнікамі беларускай эміграцыі, што, калі яны з’яўляліся ў клубе ААН для прыёмаў імя Дага Хамаршэльда, Гурыновіч хаваўся ад іх у курылцы. Былы партызан і разведчык, быў, як кажуць, звязаны па руках і нагах ідэалагічнымі путамі і з усіх сілаў стараўся быць незападозраным у „сумнеўных“ сувязях за мяжой».
Пісьменнік Барыс Сачанка ў кнізе ўспамінаў піша, што «у Беларусі амаль усіх, хто апынуўся за мяжою і не выракся роднай мовы, гаварыў і пісаў на ёй, з чыёйсьці лёгкай рукі ахрысцілі „бебурнацамі“, гэта значыць беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі».
Як рыхтаваўся Першы з’езд беларусаў свету?
10 верасня 1990 года адбылася Устаноўчая канферэнцыя па арганізацыі Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Новая арганізацыя заяўляла, што яна ёсць «міжнароднай добраахвотнай грамадскай культурна-асветніцкай супольнасцю беларусаў і спрыяльнікаў беларускага народа на Бацькаўшчыне і ва ўсім свеце».
У прадмове да кнігі «Першы з’езд беларусаў свету» Ганна Сурмач, старшыня Рабочай групы па падрыхтоўцы З’езда, піша: «Летам 1992 года Беларусь наведала група нашых суродзічаў з амерыканскага горада Кліўленда. З іх удзелам 27 ліпеня адбылося паседжанне Рады ЗБС „Бацькаўшчына“, дзе быў створаны Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы сусветнага беларускага з’езда. Сустаршынямі Камітэта былі абраны прэзідэнт ЗБС Васіль Быкаў і ад дзяржавы — міністр замежных спраў Пётр Краўчанка. Для выканання канкрэтнай арганізацыйнай працы ЗБС стварыла Рабочую групу пад кіраўніцтвам сябра Рады Ганны Сурмач. У верасні 1992 г. у Кліўлендзе адбылася сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі».
У снежні 1992 года прайшла сустрэча з прадстаўнікамі эміграцыі, якая ўтварылася пасля распаду СССР — Першы сход беларусаў блізкага замежжа.
Ганна Сурмач у даўнім інтэрв’ю «Народнай Волі» успамінала, што гэтая плынь эміграцыі мела свае балючыя пытанні: «На Сходзе абмяркоўвалася дапамога землякам у зонах ваенных і міжнацыянальных канфліктаў на Каўказе, у Сярэдняй Азіі, у Прыднястроўі, вяртанне на Бацькаўшчыну высокапрафесійных кадраў, якія былі засланы на працу ў розныя куткі Савецкага Саюза і пасля яго развалу засталіся без працы, вяртанне дамоў беларускіх вайскоўцаў, дапамога ў стварэнні беларускіх суполак і наладжванні іх дзейнасці, усталяванне пастаянных кантактаў з радзімай…
У той час і дзяржаўныя структуры Беларусі выказвалі намер падтрымліваць замежных суродзічаў і бралі ўдзел у працы Сходу. Такое адбывалася ўпершыню ў гісторыі Беларусі і давала надзею на будучыню».
Дзяржава падтрымала ідэю правядзення Першага з’езда беларусаў свету. Саўмін прыняў спецыяльную пастанову «Аб пытаннях дзейнасці ЗБС „Бацькаўшчына“», згодна якой усім міністэрствам, выканкамам і іншым урадавым структурам даручалася дапамагаць дзейнасці Згуртавання беларусаў свету.
Грошы і візы
З беларусамі постсавецкай прасторы было прасцей — пасля вышэйзгаданага Сходу засталіся спісы людзей, якія згаджаліся прыехаць на радзіму яшчэ раз. А вось шмат каго з беларусаў заходняга свету насцярожвала перспектыва ехаць у Мінск, памятаючы пра ранейшае стаўленне ўлады. Але ў выніку эмігрантаў атрымалася пераканаць, што часы рэпрэсій засталіся ў мінулым. Незалежнаяя беларуская дзяржава нават забяспечыла ўсім удзельнікам з’езда бясплатныя візы.
Частку выдаткаў па правядзенні Першага з’езда беларусаў свету ўзяла на сябе дзяржава па просьбе ЗБС: канцэрт, Купалле і святочныя нумары дзяржаўных газет. Частку склалі прыватныя ахвяраванні. Астатнюю суму ўнесла «Бацькаўшчына».
Пра З’езд ад удзельнікаў
Алена Макоўская прыйшла ў «Бацькаўшчыну» адразу пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1992 годзе, брала ўдзел у падрыхтоўцы Першага з’езда беларусаў свету. Старшыня Рады ЗБС (2001–2009), кіраўніца «Бацькаўшчыны» з 2009-га па 2021 год.
«Першы з’езд беларусаў свету, безумоўна, быў значнай падзеяй, бо сведчыў пра ломку савецкіх стэрэатыпаў у стаўленні дзяржавы і грамадства да беларусаў замежжа, адкрыў для прадстаўнікоў беларускай дыяспары з Захаду шлях на Радзіму. Можна сабе толькі ўявіць, што адчувалі беларусы, якія жылі Беларуссю, але дзесяцігоддзямі не маглі вярнуцца дадому, калі межы нарэшце адкрыліся, калі беларуская дзяржава падала сігнал, што гатовая вітаць іх, — гаворыць Алена Макоўская ў інтэрв’ю Budzma.org. — Але гэты працэс не быў такім простым, як можа здавацца. Напярэдадні з’езда „Бацькаўшчына“, яе кіраўніцтва і актыў багата папрацавалі і з дзяржавай, і з грамадствам.
Кіраўніком Урада ў тыя часы быў Вячаслаў Кебіч, прадстаўнік савецкай наменклатуры, сярод якой даволі моцным быў стэрэатып успрымання беларусаў з далёкага замежжа як калабарантаў і здраднікаў. Перад з’ездам у арганізацыю таксама тэлефанавалі ветэраны Другой сусветнай вайны з перасцярогамі, што на мерапрыемства прыедуць памагатыя фашыстаў».
Паводле Алены Макоўскай, адначасова з працай па фармаванні станоўчай грамадскай думкі пра замежных суайчыннікаў «Бацькаўшына» прыкладала значныя намаганні, каб знайсці і звязацца з самімі суродзічамі за мяжой.
«Тады ж яшчэ не было інтэрнэту і сувязь ішла праз ліставанне і тэлефон. Даводзілася ў тым ліку пераконваць і замежных беларусаў, што вяртанне на Радзіму будзе бяспечным, бо людзі доўгі час пазбягалі любога кантакту з папярэдняй, савецкай сістэмай. Суродзічы з замежжа мелі шчырую занепакоенасць, наколькі дэмакратычныя ператварэнні, якія адбываліся ў краіне, будуць незваротнымі.
Нягледзячы на ўсе засцярогі з абодвух бакоў, падзея адбылася. З’езд праходзіў у вельмі ўзнёслай і ўрачыстай атмасферы, у атмасферы еднасці. Афіцыйнае прызнанне краінай сваёй дыяспары адбылося. Тады здавалася, што гэта будзе пачаткам шляху наперад, бо з’езд даў беларусам замежжа вялікую матывацыю развіваць і будаваць супрацоўніцтва з грамадскімі, палітычнымі сіламі і дзяржавай.
Нездарма тыя часы былі перыядам вялікага энтузіязму і надзей на тое, што Беларусь стане свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай дзяржавай, зможа адрадзіць сваю мову і культуру і нарэшце «зойме свой пачэсны пасад між народамі», — зазначае Алена Макоўская.
Ганна Сурмач, старшыня Рабочай групы па падрыхтоўцы З’езда, у інтэрв’ю Інфармацыйнаму цэнтру ЗБС у 2018 годзе казала: «Атрымалася галоўнае — ідэя аб’яднання беларускай нацыі ў межах сусвету пачала ўвасабляцца, стала неад’емнай часткай сучаснай гісторыі краіны».
«Што не ажыццявілася, дык гэта тое, пра што мы марылі і дзеля чаго трэба было аб’ядноўвацца. Мы пакуль што не маем беларускай па духу ўлады, маем незалежнасць дэ-юрэ, а дэ-факто — па-ранейшаму залежым ад суседняй Расеі. Мы не маем дэмакратыі і свабоды ў Беларусі, дзе не забяспечваюцца элементарныя правы чалавека — права на свабоду выбараў, свабоду голасу, на эканамічную свабоду. Па ўсіх гэтых прычынах Беларусь для сваіх сыноў і дачок не ёсць той Бацькаўшчынай, якая клапоціцца пра сваіх дзяцей», — сказала Ганна Сурмач.
Янка Запруднік (1926 — 2022, ЗША, Нью-Ёрк), у 2018 годзе казаў: «У гадах 60-х—70-х ды пачатку 80-х наростала й замацоўвалася перакананне, што Беларусі (са сваякамі ў ёй) я так і не пабачу».
«Нейкія змены» да лепшага ў сферы роднай мовы, агульна беручы, адбыліся й адбываюцца (прыкладам, у публікацыі разнастайных кніг), але боль у сэрцы застаўся, бо ў дзялянцы школьніцтва зруху не адбылося. Паўтараю словы сказаныя на Першым з’ездзе: «дзеці і далей не здольныя разумець мову сваіх дзядоў» (…) Дыскрымінацыя й знявага роднай мовы навідавоку і ў афіцыйнай сферы, пачынаючы ад кіраўніка дзяржавы праз усе ступені да нізавых бюракратаў«, — падкрэсліваў Янка Запруднік.
Па заканчэнні Першага з’езда Янка Запрудніка казаў: «Сёння адбылося нешта большае, чым прыняцце рэзалюцый. Сёння адбыўся творчы акт новага палітычнага значэння. Гэта здольнасць наша збірацца разам, не зважаючы на ўсе спрэчкі, дае найбольшую гарантыю таго, што мы на правільным шляху, хаця няпростым, які нярэдка ідзе пад гару. Але мы бачым накірунак, перспектыву, ведаем, што выйдзем на раўніну і тады будзе лягчэй».
Высновы
Першы з’езд беларусаў свету стаў першым рэальным крокам і вялікім прарывам у справе кансалідацыі беларускай нацыі.
Значнасць Першага з’езда беларусаў свету цяжка пераацаніць. «У найноўшай гісторыі нашай краіны месца Першага з’езда беларусаў свету знаходзіцца ў адным шэрагу з атрыманнем незалежнасці і аднаўленнем забароненай нацыянальнай сімволікі», — гаворыцца ў колішнім артыкуле ЗБС «Бацькаўшчына».
Па выніках з’езда Савет міністраў зацвердзіў Дзяржаўную праграму «Беларусы ў свеце» і стварыў Каардынацыйны савет па справах беларускай дыяспары пры ўрадзе.
І хаця не спраўдзіліся аптымістычныя спадзевы на тое, што дзяржава надалей будзе толькі паскараць развіццё супрацоўніцтва з беларускім замежжам, распрацаваны ЗБС «Бацькаўшчына» «Закон аб беларусах замежжа», які надзяляе прадстаўнікоў беларускай дыяспары юрыдычным статусам, праз дваццаць гадоў усё ж такі быў прыняты.
Ідэі Першага з’езда беларусаў свету, як бачым у 2023-м, ніколькі не згубілі актуальнасць. Увосень 2021 года Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» было ліквідаванае. Нацыянальная сімволіка перастала быць дзяржаўнай яшчэ ў 1995-м, а пасля 2020-га за яе выкарыстанне можна атрымаць турэмны тэрмін, незалежнасць — ізноў пад пагрозай.
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаныя матэрыялы інфармацыйнага і ЗБС «Бацькаўшчына», артыкула Дзяніса Марціновіча з сайта праекта 90s.by 90s.by