Вячаслаў Бортнік: Ненармальна заставацца разам, калi не кахаеш i не шчаслiвы

Праваабаронца і адкрыты гей Вячаслаў Бортнік нарадзіўся ў Беларусі і шмат гадоў жыў і працаваў на радзіме — пакуль не закахаўся ў амерыканца Шона. Гісторыя іх кахання пачалася 20 гадоў таму — і за гэты час у іх жыцці паспелі адбыцца кардынальныя змены. «Новы Час» пагаварыў з Вячаславам пра тое, як гэта — 20 гадоў быць разам, пра жыццё ў Амерыцы, правы чалавека і, вядома, пра Беларусь.

Вячаслаў Бортнік у Вашынгтоне

— Пачну з відавочнага: даволі часта гамафобная рыторыка выкарыстоўвае штамп «заходнія каштоўнасці» і падае гэта так, быццам ЛГБТК-людзі з’явіліся ў 21 стагоддзі як прадукт прапаганды. Ці сутыкаліся вы асабіста з такой рыторыкай і як вы на гэта рэагуеце?

— Сутыкаўся i шмат пiсау ў свой час на гэты конт у беларускiх i замежных СМI. Глупства непамернае i хлусня, але паспяхова выкарыстоўваецца дзяржавай дзеля манiпуляцыi грамадскай думкай.

Па-першае, аднаполыя стасункі заўсёды былі неад’емнай часткай беларускай гісторыі. Ад Сярэднявечча і амаль што да 20 стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі закон быў больш талерантным да гомасэксуалаў, чым на Захадзе. З імёнаў знакамітых геяў дастаткова згадаць Мікалая Румянцава, які калісьці валодаў маім родным Гомелем. А расійцы павінны ведаць, што першы маскоўскі цар Іван Грозны быў бісэксуалам.

Калі казаць пра нашы часы, дык з канца 80-х і да нядаўняга часу Гомелем кіравала так званая «гейская мафія», шмат хто з якой пасля перайшоў на высокія дзяржаўныя пасады ў Мінску. У савецкія часы крымінальны пераслед гомасэксуалаў выкарыстоўваўся як дадатковы інструмент прыгнёту любога іншадумства. Сёння дзяржава намерана падагравае анты-гейскія настроі, каб пры патрэбе ачарнiць Захад ці даць выпусціць пару бяспраўнаму і адчайнаму насельніцтву.

— Як да вас прыйшло асэнсаванне сваёй сэксуальнасці і наколькі яна вызначае вашу ідэнтычнасць? 

— Гэта быў доўгi i нялёгкi шлях да самапрыняцця. Толькi ў 19 гадоў я перастаў змагацца з самiм сабой. На той час у Беларусі яшчэ iснаваў крымiнальны пераслед гомасэксуалаў. Маё блiжэйшае кола сяброў, куды ўваходзiлi высокаадукаваныя, прагрэсiўна настроеныя, творчыя людзi, дапамагло тады не зламацца. Мне пашанцавала болей, чым некаторым з маiх беларускiх знаёмых, якiя так i не змаглi прыняць сябе. Хтосьцi спiўся, хтосьцi падсеў на наркату цi нават скончыў самагубствам.

Сэксуальная арыентацыя — безумоўна, важная частка маёй ідэнтычнасцi; гэта тое, што я не магу змянiць, нават калi б хацеў. Я ганаруся тым, кiм я ёсць сёння, i мяне зусiм не хвалюе, цi хтосьці прымае маю арыентацыю, цi не.

— 20 гадоў таму вы пазнаёміліся са сваім цяперашнім мужам. Раскажыце, калі ласка, як гэта адбылося? Наколькі я разумею, вы тады яшчэ жылі ў Беларусі — якая талерантнасцю не вызначалася ніколі, а тады тым больш. Якімі былі тыя часы? Якой была гей-Беларусь дзевяностых-нулявых? І ці былі ў вас адметныя месцы ў Гомелі і Мінску?

— Мы пазнаёмiлiся ў 2003-м, на мiжнароднай праваабарончай канференцыi ў Мексiцы. У той час я ўзначальваў беларускi аддзел Amnesty International, а Шон працаваў у вашынгтонскiм офiсе арганiзацыi. Праз паўтара месяца ён прыляцеў у Мінск да мяне. Так пачаўся наш дзесяцiгадовы раман на адлегласцi. Толькi ў 2013-м мы змаглi распiсацца.

Вячаслаў і Шон, Мінск 2019

Вы пытаецеся пра Беларусь дзевяностых-нулявых. I грамадства, i дзяржава былi больш талерантнымi ў тыя часы. У 90-х i на пачатку нулявых, калi Iнтэрнэт яшчэ не меў такога распаўсюду, як сёння, былi гей-дыскатэкi, клубы, часопiсы «Сустрэча» i «Форум Лямбда», прайшлi першыя прайд-фестывалi i першы на постсавецкай прасторы гей-парад (у 2001-м), нават iснавалi дзве зарэгiстраваныя ЛГБТ-арганiзацыi. У Гомелi спецыялiзаваных клубаў, цi зарэгiстраваных арганiзацый не было, але гей-жыццё было даволi яскравае: вечарыны, гей-фрэндлi клубы, дзвіжуха на плешках ды гей-пляжы. Часцей мы ездзiлi тусавацца ў Мінск: «Сустрэча», «Оскар», «Вавiлон», «Люцiк», «Нарцыс», «6А», «Буфет Ёё». А зазiрнуць на Панiкоўку — гэта было проста MUST.

— Вы ўжо 10 гадоў жывяце ў ЗША. Што змянілася ў вашым жыцці пасля пераезду? Калі не ўлічваць навакольны кантэкст.

— Шмат чаго змянiлася. Перш за усё, гэта пачуццё Свабоды. Канешне, у кожнага разуменне свабоды сваё, але я кажу пра Свабоду з вялiкай лiтары. Гэта не толькi пра ўнутраную свабоду (яна ў мяне заўсёды была), але i пра вонкавыя гарантыi павагi да цябе як да Чалавека. Падобнае адчуванне ў мяне было менавiта толькi ў студэнцкiя гады, што прыпалi на першую палову 90-х. У Беларусi нiколi нельга было быць звонку такiм, якi ты ёсць унутры — такое iснаванне у стане перманентнай шызафрэнii. Так жыць цяжка: трэба заўсёды «фiльтраваць базар», тлумачыць, чаму ты не вярблюд, хвалявацца, цi звольняць з працы, цi дойдзеш сёння дадому жывы, а маiм сябрам з дзецьмi — цi адбярэ дзяржава дзiця. Жах!

2017 год

Гэта ўсё лягчэй успрымалася, калi мне было 20-30. У гэтым узросце шмат хто з нас быў рэвалюцыянерам-рамантыкам. Калi табе пад 50, хочацца ўжо якой-нiякай пэўнасцi i стабiльнасцi: мець задавальняючую працу, камфортнае жытло, магчымасць вандраваць па свеце, бавiць вольны час з добрымi сябрамi  ў любiмай рэстарацыi, займацца дабрачыннасцю. Памятаеце Цоя: «Вайна — справа маладых»? Сёння ў мяне есць усё, чаго б нiколi не было ў Беларусi: каханы чалавек, любiмая праца, бяспека, павага, магчымасцi персанальнага росту, творчасць, СВАБОДА.

— Як думаеце, ці будзе гэта магчымым калі-небудзь у Беларусі? І што для гэтага павінна адбыцца?

— Будзе, а вось калі — невядома. Ведаю, што гэта адбудзецца, калі Беларусь будзе рухацца ў дэмакратычным кірунку. Пры аўтарытарызме, на жаль, мне не ўяўляецца гэткая магчымасць.

Што рабіць? Пачынаць трэба з сябе, свайго асяроддзя — сяброў, калег, сям’i. Не мае сэнсу біцца галавой у сцяну. Пераконваць трэба тых, хто вагаецца ці яшчэ не мае асабістага погляду на праблему. Зацятых гамафобаў не пераканаеш — і не трэба. Вядома, кожны павінны ўяўляць, што справа гэта небяспечная, і быць гатовым да магчымых наступстваў.

Гей-прайд у Варшаве. 2012 год

— Ці пішаце вы зараз штосьці пра свой досвед і ўвогуле на тэму сэксуальнасці? Можа быць, артыкулы ў СМІ ці штосьці мастацкае?

— З маёй працай усё цяжэй знаходзiць час на творчасць, але спрабую. Працоўную кар’еру ў ЗША я пачаў даволi позна, таму мне трэба рухацца хутчэй, чым звычайнаму амерыканцу. Падаў матэр’ялы ў зборнiк па ЛГБТ тэматыцы, якi рыхтуецца беларускай бiблiятэкай у Лондане. Таксама падрыхтаваў тэксты для зборнiка беларускiх пiсьменнiкаў замежжа «Беларус». Частка з iх публiкавалася анлайн, але на беларускай мове яны выйдуць упершыню. Хачу таксама давесцi да розуму свае дзённiкi. 

Ад рэдакцыі «Новага Часу»: напрыканцы гэтай размовы прапануем вам апавяданне Вячаслава Бортніка, напісанае ў 2020 годзе.

— Амерыка — узор дэмакратыі для іншых краін. Але, тым не менш, нават там правы ЛГБТК-людзей былі ўзаконеныя адносна нядаўна. За што змагаюцца людзі ў ЗША і ці ёсць у гэтай барацьбы свае адметнасці?

— Усё так. Амерыканскаму ЛГБТ-руху спатрэбiлася больш за 50 гадоў, каб дасягнуць таго, што маем сёння. Але нават у дэмакратычнай Амерыцы няма гарантый. Шэраг кансэрватыўных штатаў прасоўваюць законапраекты, якiя адкiдаюць правы ЛГБТК на дзесяцiгоддзi таму, i не толькi ЛГБТК, а і, напрыклад, жанчын. Гiсторыя паказала, что дэмакратычныя iнстытуты, якiя будавалiся стагоддзямi, можна расхістаць i аслабiць за 3-4 гады.

Сёння адным з самых важных законапраектаў для ЛГБТК-супольнасцi з’яўляецца «Акт Роўнасцi» (Equality Act). У выпадку прыняцця, мiж iншым, будзе забаронена дыскрымiнацыя ў такiх сферах, як працаўладкаванне, жыллё, банкаўскiя крэдыты, суд прысяжных, знаходжанне ў публiчных месцах. Законапраект быў ухвалены Палатай прадстаўнiкоў мiнулага Кангрэса ЗША, але нават не патрапiў на разгляд Сената. Палата прадстаўнiкоў пераабiраецца кожныя два гады, то-бок трэба ўсё пачынаць спачатку. У некаторых (я б сказаў, гамафобных) штатах можна ажанiцца, але табе наўпрост адмовяць у працы праз сэксуальную арыентацыю цi не будуць абслугоўваць у рэстарацыi. Яшчэ горшая сiтуацыя для транс-людзей: могуць нават арыштаваць за знаходжанне ў публiчным месцы. 

Таксама вядзецца праца па забароне булiнгу ў адукацыйных установах, узмацненнi аховы ЛГБТК-бiзнэсаў i г. д.   

Шон і Вячаслаў

— Вы з Шонам пабраліся шлюбам у 2013 годзе — і гэта тое, што дагэтуль немагчыма сабе ўявіць у Беларусі. Ці можаце вы на ўласным прыкладзе расказаць, што такое аднаполы шлюб і чаму трэба дамагацца ўзаконьвання стасункаў для квір-людзей?

— Збольшага наш шлюб нiчым не адрознiваецца ад натуральнага. Прызнаюся вам, што нiколi не жадаў анiякага шлюбу персанальна для сябе, бо заўсёды лiчыў яго рэлiктавым iнстытутам патрыярхальнага прыгнёту. Але ж той самы шлюб адыграў велiзарную ролю ў маiм жыццi — перш за ўсё таму, што вырашылася галоўнае пытанне: як быць разам з чалавекам, якога кахаю. Усё астатняе — ужо тэхнiчныя моманты, таксама важныя: атрыманне легальнага статусу, уладкаванне на працу, нерухомасць, падаткi, сацыяльная бяспека i г. д.

Калi б у мяне не было магчымасцi зарэгiстраваць шлюб з каханым чалавекам, то я быў бы зусiм у iншым месцы i становiшчы сёння. Права на шлюб павiнна распаўсюджвацца на квiр-людзей, бо гэта частка правоў чалавека ўсiх людзей без выключэння. Шмат гетэрасэксуалаў не разумеюць, навошта ЛГБТК-людзям шлюб — бо iм нiколi не даводзiлася быць у сiтуацыi, калi б iм не дазволiлi наведаць мужа, жонку цi дзiця ў шпiталi, бо яны не з’яўляюцца сваякамi. Цi апынуцца на вулiцы пасля страты каханага мужа цi жонкi, бо не маеш права спадкаемцы.

— ЛГБТК-людзі — адна з «чырвоных ануч», якімі цяперашнія аўтакраты ў нашым рэгіёне пужаюць грамадства і апраўдваюць вайну. Што вы адчуваеце як чалавек і як праваабаронца, калі назіраеце за тым, што адбываецца на нечужой для вас прасторы?

— Адчуваю абурэнне на ўладу i спачуваю ЛГБТК-людзям. Усiм цяпер цяжка, але ЛГБТК-людзi ў найгоршым стане. Улады дэманструюць палiтычную iмпатэнцыю. Замест таго, каб вырашаць набалелыя праблемы грамадскасцi, яны шукаюць, каго абвiнавацiць у сваім бяссiллi. Лягчэй за ўсё для гэтай мэты абраць найменей абароненыя групы.

Шон і Вячаслаў, 2019 год

— 20 гадоў разам — вялікае выпрабаванне. Можна сказаць, такое «маленькае жыццё». Што было самым цяжкім для вас за гэты час? І які момант згадваецца першым, калі вы думаеце пра шчасце?

— Цягам першых 10 гадоў цяжэй за ўсё была нявызначанасць, немагчымасць быць разам доўгi тэрмiн. Бясконцае хваляванне, цi дадуць мне цi Шону вiзу наступным разам. Нiколi не было дакладна вядома, цi пабачымся зноў, цi наша сустрэча будзе апошняй. Нашы планы на жыццё былi кароткатэрмiновымi, пра больш сур’ёзнае можна было толькi марыць. Жылi ад сустрэчы да сустрэчы, ад паездкi да паездкi. А паездкi вымагалi значных ахвяр, фiнансавых у тым лiку. Напрыклад, я ахвяраваў сваёй прафесiйнай кар’ерай; не шукаў сталай працы, каб мець магчымасць ездзiць. Працаваў фрылансерам, што ў Беларусi было нялёгка.

Узнагарода ад прэзідэнта ЗША за валанцёрскую службу

Вялiкi шчаслiвы момант — калi даведалiся пра рашэнне Вярхоўнага суда ў чэрвенi 2013-га, акурат дзесяць гадоў таму. Гаворка ідзе пра згаданы вышэй «Акт аб абароне шлюбу» 2013 года (бо таксама быў яшчэ адзін закон у 2015-м). Згодна з гэтым дакументам, шлюбам лічыўся толькі саюз мужчыны і жанчыны. Калі ён быў скасаваны Вярхоўным судом, аднаполыя шлюбы, якія ўжо існавалі ў некаторых штатах, пачалі прызнавацца на федэральным узроўні. То-бок квір-людзі атрымалі такія самыя правы ў шлюбе, як і гетэрасэксуалы. Наша мара здейснiлася — цяпер ужо нiшто не магло нас разлучыць.

Вячаслаў з Шонам

— Сучасная псіхалогія стасункаў гаворыць, што «раз і на ўсё жыццё» — гэта міф. Ці верыце вы ў тое, што можна да канца жыцця пражыць з адным чалавекам?

— Веру, але гэта рэдкая з’ява. Я сам закохваўся не раз i не два. Гэта нармальна. Ненармальна заставацца разам, калi не кахаеш i не шчаслiвы.

— Паводле той інфармацыі, якая ёсць у адкрытым доступе пра вас, вы шмат гадоў займаліся праваабарончай дзейнасцю. Ці былі ў вас кейсы, звязаныя з ЛГБТК-супольнасцю? 

— Былi, канешне. У свой час я каардынаваў працу беларускай Мiжнароднай Амнiстыi па правах ЛГБТ. Мы працавалi па цэлым шэрагу кейсаў у розных краiнах свету. Amnesty працавала i па беларускiх кейсах. У апошнiя гады я троху адышоў ад праваабарончай дзейнасцi праз дзяржпрацу, але дасюль кансультую — напрыклад, ILGA-Europe падчас падрыхтоўкi iх штогадовай справаздачы па правах ЛГБТК.

Вячаслаў з калегамі

— Правы чалавека — адна з самых важных і самых складаных (асабліва для беларусаў) тэм. Як патлумачыць на пальцах важнасць захавання правоў чалавека ў краіне?

— Мяркую, што беларусы разумеюць важнасць захавання правоў чалавека, але яны таксама разумеюць, што абараняць свае правы у Беларусi можа быць даволi небяспечна. Некаторыя, асаблiва старэйшае пакаленне, лiчаць, што сама канцэпцыя правоў чалавека — фiкцыя, бо нiякiх правоў нiколi не iснавала пры дыктатуры i не можа iснаваць. Надзея толькi на маладых.

Вячаслаў Бортнік у Курапатах, 2019

— Дэмакратычныя сілы Беларусі рыхтуюць шэраг дакументаў і механізмаў, якія дапамогуць трансфармацыі дзяржавы пасля сыходу рэжыму. У тым ліку распрацоўваецца і новая Канстытуцыя, у якой, выглядае на тое, няма месца для ЛГБТК-людзей. Людзі, якія курыруюць працу над праектам, гавораць, што спачатку трэба змяніць меркаванне грамадства, а потым прымаць закон. Ці так гэта, як на вашу думку?

— На сённяшнi дзень забарона дыскрымiнацыi на глебе сэксуальнай арыентацыi замацавана канстытуцыйна ў 11 краiнах свету, нават у такiх, як Куба i Непал. Я лiчу, што не абавязкова чакаць пакуль зменiцца грамадскае меркаванне, бо можна не дачакацца. Таксама лiчу, што павiнна весцiся дыскусiя з шырокiмi коламi грамадства.

Зразумела, што замацаванне правоў ЛГБТК канстытуцыйна — не адзiная магчымасць i шлях, якiмi трэба рухацца. Калi не праз Канстытуцыю, то можна i трэба прасоўваць антыдыскрымiнацыйныя гарантыi на заканадаўчым узроўнi.

— У Беларусі ўлады рыхтуюць глебу для пераймання расійскага гамафобнага досведу — прыняцця закону аб гей-прапагандзе. Міністэрства інфармацыі нядаўна разаслала дакумент, у якім кнігарні і выдавецтвы просяць сачыць за тым, што можа нашкодзіць «традыцыйным каштоўнасцям». Цалкам магчыма, што гэта будзе яшчэ адным інструментам для рэпрэсій. У турмах «палітычных» пагражаюць «апусціць» — такім чынам зрабіўшы ўмовы іх існавання яшчэ больш невыноснымі. Як вы думаеце, з улікам усяго гэтага, што можа змяніць стаўленне беларусаў да ЛГБТК-людзей у будучыні?

— У сiтуацыi, якая складваецца сёння, чакаць якiх-небудзь змен у стаўленні грамадства да ЛГБТК-людзей не ўяуляецца магчымым. Усiм нам застаецца запасцiся цярпеннем. Перамены няўхільныя, але лёгка не будзе.

Ева Арлова, novychas.online,
фота з асабістага архіву Вячаслава Бортніка

СНІД забраў майго сябра, але гэтага магло б і не здарыцца (2020)

Вячаслаў Бортнік

У мінулым годзе СНІД забраў у мяне аднаго з самых блізкіх людзей. Аддаючы сабе справаздачу ў тым, што мы амаль ніколі не ўладныя над тым, каму і калі сыходзіць, я, тым не менш, разумею, што ўсё магло скласціся зусім па-іншаму.

Ліхія 90-я

З Дзімам (імя зменена. — В.Б.) я пазнаёміўся ў першы год пасля заканчэння ўніверсітэта; да мяне дадому яго прывёў мой тагачасны палюбоўнік. Дзіму было 16, і ён быў амаль на шэсць гадоў за мяне малодшы. З таго самага дня мы сталі неразлучныя на доўгія гады. Гэта не была рамантычная сувязь, хоць у Дзімы спачатку і былі да мяне такія пачуцці. Я ж палюбiў яго як малодшага брата ці, правільней казаць, «сястру«. Бацькі Дзімы былі алкаголікамі, і ён часта знікаў (а часам і жыў) у мяне. У мяне самога бацька быў алкаголікам, і я добра разумеў, як гэта. Я настаяў, каб Дзіма скончыў вечаровую школу. А потым, натхніўшыся прыкладам майго сябра-цырульніка, ён з адзнакай скончыў вучэльню і ўладкаваўся працаваць у найлепшы салон горада. 

Напрыканцы 90-х уся гей-моладзь Гомеля круцілася ў нашай з Дзімам тусоўцы. Мы былі зусім абязважаныя: начамі знікалі ў бандыцкім клюбе «Лайт», куды нас заўсёды пускалі бясплатна дзякуючы знаёмству з адміністрацыяй і ахоўнікамі. Чаго мы толькі не вытваралі! Эпатавалі гамяльчукоў, цалуючыся ва ўсіх навідавоку ў самым людным месцы горада, «запальвалі« на плешках есцы сустрэчы гееў, звычайна вакзалы цi паркi — В.Б.) і гей-пляжы, апраналіся ў драг (дрэг-квін (англ.: Drag queen, ад drag: мужчынскае адзенне, якое апранаецца жанчынай, або жаночая вопратка, якая надзяваецца мужчынам, queen — каралева) — слэнгавы выраз, які выкарыстоўваецца дзеля абазначэння артыстаў (звычайна мужчынскага полу), якія выкарыстоўваюць жаночыя вобразы, пераапранаючыся ў жаночую вопратку — В.Б.) і хадзілі ноччу на вакзал за паддачай, дзяліліся палюбоўнікамі, станавіліся сведкамі і ахвярамі замахаў на забойства… Ні ў Дзімы, ні ў мяне на той момант не было сур’ёзных стасункаў — мы проста зрывалі дзень. Нам ніхто не быў патрэбны, таму што ў мяне быў ён, а ў яго быў я. Але часы мяняліся; з імі мяняліся і мы. Ліхія 90-я заканчваліся…  

У вольным палёце

У нейкі момант Дзіма пасталеў — ці, прынамсі, мне так падалося. У яго завязаліся сур’ёзныя адносіны, чаму я быў бязмерна рады. З часам ён пачаў аддаляцца. Мы больш не бачыліся і не стэлефаноўваліся кожны дзень, як раней, але сувязь, вядома, падтрымлівалі. Да таго часу Дзіма стаў свайго роду легендай у гей-асяроддзі горада — перш за ўсё, дзякуючы сваёй надзвычайнай прыгажосці. І стары, і малы марыў займець яго хаця б на адну ноч. Дзіма выдатна разумеў гэта і трымаўся адпаведна, з некаторай напышлівасцю і пачуццём уласнай перавагі. Хоць у душы, і я гэта выдатна ведаю, ён заставаўся ўсё тым жа ранімым дзіцём. 

Калі для мяне 2000-я сталі перыядам нейкай стабілізацыі, лепшага разумення, чаго я хачу ад жыцця, то для Дзімы яны былі не менш хвацкімі, чым 90-я. Ён памяняў траіх бойфрэндаў (гэта калі лічыць толькі сур’ёзныя адносіны), паспеў пажыць у Кіеве і злётаць пару разоў у Егіпет, праматаў кватэру, якая дасталася пасля смерці бацькоў, і падаўся шукаць шчасця ў Маскву. Мы сустракаліся ўсё радзей. Пры аказіі я працягваў даваць яму парады па жыцці, але Дзіма да іх больш не прыслухоўваўся. Яго несла. 

Канец

У 2010-х мы зусім рэдка бачыліся; усё больш перапісваліся ў сацсетках або балбаталі па тэлефоне. Дзіма рэдка наведваўся ў Гомель, а я і таго радзей (у 2013-м я перабраўся на СМЖ у ЗША). Апошні раз мы бачыліся зімой 2015-га. Дзіма усё неяк спрабаваў прабівацца ў Маскве, дзе яму даводзілася шмат працаваць, знаходзіцца ў адзіноце і дзе за кожным вуглом чакалі дробныя й буйныя непрыемнасці. Ён ніколі не пакідаў мару падарожнічаць па свеце. Нават неяк думаў збіраць грошы на паездку да мяне, у Амерыку.

У 2018-м я даведаўся пра ягоную хваробу. Падрабязнасцей Дзіма не хацеў расказваць. Казаў, што нешта з крывёй і лекары не могуць вызначыць, што менавіта. Зачасціў у Гомель на бясплатнае лячэнне (хто б яго стаў лячыць у Маскве?). Часам намякаў, што гэта можа быць рак. У 2018-2019-х мы часта чацiлiся ў мэсэнджары; звычайна ні пра што сур’ёзнае. Дзіма цікавіўся жыццём у ЗША, расказваў пра чэмпіянат свету па футболе, часта прыгадвалі мінулае. Часам запэўніваў мяне, што яму ўжо лепей, і ніколі не паказваў слабасці. У верасні 2019-га я нядоўга быў у родным Гомелі, ён таксама.

Дзіма пісаў мне, што моцна страціў у вазе і ніяк не можа набраць, і што я яго не пазнаю, калі ўбачу.

Дамовіліся сустрэцца, але ў апошні момант ён адмяніў стрэлку і тэрмінова пакаціў у Маскву. Некалькі месяцаў да гэтага мне сніўся сон, што мы ніяк не можам пабачыцца. Сон аказаўся прарочым. Але нават тады ў мяне не было і найменшага ўяўлення, як яму хранова, а тым больш пра тое, што Дзіму засталося жыць усяго два месяцы. Мы працягвалі чаціцца ў сацсетках: 8 лістапада прыйшло апошняе паведамленне, а 10-га Дзімы не стала.

Стыгма

Паміраў Дзіма ў хоспісе для хворых на СНІД у Светлагорску. Наша агульная блізкая сяброўка даведалася пра тэрмінальную стадыю за два тыдні да ягонае смерці. Тое, што яна ўбачыла ў хоспісе, пазбавіла яе сну на доўгія тыдні.

«Жывы труп», — сказала яна мне, і мы пагаласілі ў WhatsApp. Паступова мы даведаліся пра тое, што Дзіма хаваў гадамі. Канчатковы дыягназ быў пастаўлены ў 2018-м, калі ён злёг з цяжкай пнеўманіяй. Пісаў мне, «што ледзь не здох» тады. Да таго часу Дзіма жыў з ВІЧ ужо шмат гадоў, ведаў пра гэта, але наўмысна не тэставаўся. Таксама ўваходзiў у групу адмоўнікаў ВІЧ/СНІД УКантакце. Нават пасля дыягназу ён больш за паўгода не пачынаў тэрапію, а калі пачаў, было ўжо занадта позна. 

Яшчэ больш, чым прызнацца самому сабе, Дзіма баяўся, каб пра ягоны статус даведаўся нехта іншы. Але, як высветлiлася, многія ўсё роўна ведалі. Мая сяброўка лаялася на Дзіму за тое, што ён запусціў хваробу. Лекары ў Светлагорску таксама галасілі, а ён толькі ўсміхаўся: усё да лепшага. Самае балючае — Дзіма вельмі не хацеў, каб пра гэта даведаўся я. Калі думаю пра гэта, у мяне сціскаецца сэрца. Я ведаю чалавека, які жыве з ВІЧ з 80-х гадоў і цудоўна сябе адчувае. Па сутнасці з таго часу, калі Дзіма яшчэ пад стол хадзіў. 

Я не злуюся на Дзіму. Гэта быў ягоны выбар — свядомы ці несвядомы. Я злуюся на стыгму, якая падштурхнула яго да такога выбару. Я злуюся на стыгму, якая прымушала майго сябра гадамі займацца самападманам, адмаўляцца ад дапамогі. Я злуюся на стыгму, якая павольна разбурала і, у рэшце рэшт, забіла майго сябра. Я ведаю, я проста ўпэўнены, што ўсё магло скласціся зусім па-іншаму. 

Дзіма не хацеў, каб ягоная гісторыя была агучана. Яго больш няма з намі, і я не магу маўчаць. Не хачу, каб ягоная гісторыя паўтаралася.