Голда Мэір — жанчына-легенда. Прэм’ер-міністарка Ізраіля, якую называлі мамай усіх яўрэяў, прайшла да сваёй пасады вялікі і цікавы шлях. У першай частцы спецпраекта «Улада» «Салідарнасць» расказвае пра тое, як дзяўчынка з Пінску стала першым амбасадарам Ізраілю ў СССР.
«З’ехаць у Амерыку было амаль тое ж самае, што паляцець на Месяц»
Голда Мабовіч, якая пасля насіла імёны Голды Мэерсан (па мужу) і Голды Мэір (пасля іўрытызацыі прозвішча), нарадзілася ў 1898 годзе ў Кіеве, але пра горад у яе ўспамінаў амаль не засталося.
У пяць гадоў яна разам з сям’ёй пераехала ў Пінск, на радзіму маці, дзе выхоўваць і карміць унукаў дапамагалі дзядуля і бабуля.
«Вобраз Пінска я захавала — магчыма, таму што я столькі чула і чытала пра яго. Многія з тых, каго я сустрэла ў наступным жыцці, былі родам з Пінска», — успамінала Голда Мэір у сваёй аўтабіяграфіі «Маё жыццё».
Пакуль бацька Голды шукаў працу ў ЗША, сям’я жыла ў Пінску ў беднасці і ў страху перад антысемітызмам царскіх улад.
«Больш за ўсё я памятаю „пінскер блоттэ“, як мы іх называлі, — балоты, што здаваліся мне тады акіянамі гразі, якіх нас навучылі баяцца, як чумы. Для мяне яны назаўжды звязаныя з маім заўсёдным жахам перад казакамі. Аднойчы зімовым вечарам я гуляла з дзецьмі на ўскрайку забароненага балота, як раптам, адкуль ні вазьміся — а можа, і проста з самага балота — выскачылі казакі верхам і панесліся далей, пераскокваючы праз нашы скурчаныя дрыготкія целы», — успамінала Голда Мэір.
Але гэта быў перыяд дзяцінства, і ў дзяўчынкі засталося таксама нямала цёплых успамінаў пра горад. Яе сям’я з’ехала з Пінска, калі Голдзе было 8 гадоў: бацька знайшоў дастойную працу ў ЗША і паклікаў блізкіх да сябе.
«У тыя часы з’ехаць у Амерыку было амаль тое самае, што адправіцца на Месяц. Можа, мама і цёткі плакалі б не так горка, калі б ведалі, што я вярнуся ў Расію як пасланнік яўрэйскай дзяржавы, або што як прэм’ер-міністр Ізраілю я буду сустракаць пацалункамі і слязьмі сотні і сотні рускіх яўрэяў. Але мінулыя гады неслі нашым сваякам, якія засталіся ў Пінску, нешта страшнейшае за слёзы (Халакост — рэд.), і адзін Бог пра гэта ведаў», — успамінала Голда Мэір.
На параходзе дзяўчынка з Пінска пасябравала з іншымі дзецьмі: яны расказвалі адзін аднаму, якія неверагодныя багацці чакаюць іх у «залатой краіне». Рэальнасць аказалася больш суровай, але ўсё ж у Мілуокі сям’і жылося нашмат лягчэй, чым у Пінску.
«У мамы была звычка заяўляць, што ў Мілуокі ўсё горш, чым у Пінску. Напрыклад, садавіна. Хто ў Пінску мог есці садавіну? Ва ўсякім разе, не наша сям’я. Але мама працягвала ўсхваляць усё, што было „дома“. Мяне гэта вельмі злавала, але я з часам навучылася не выбухаць кожны раз, калі яна рабіла гэта», — успамінала Голда Мэір.
Як Голда пацягнула мужа з ЗША ў Палестыну
Ужо ў юнацтве Голда па прыкладзе старэйшай сястры стала актывісткай сіянісцкага руху. Ды якой актывісткай! Яе малады чалавек, імігрант з Літвы Морыс Мэерсан, быў шакаваны, калі Голда паставіла яму ўльтыматум: ці яны разам пераязджаюць у Палестыну, ці вяселля не будзе.
Пераехаць з ЗША ў пустынную абяднелую Палестыну, якая апынулася пасля Першай сусветнай вайны пад брытанскім кіраваннем! Морысу прыйшлося пагадзіцца: у маі 1921 гады яны адплывалі з Амерыкі на параходзе.
У той час у Палестыне пражывала ўсяго некалькі дзясяткаў тысяч яўрэяў. Тых, хто прыязджаў, чакала цяжкая сялянская праца ў асяроддзі арабскага насельніцтва, незадаволенага «панаехаўшымі».
Голда, якая мела сацыялістычныя погляды, працавала ў Кібуцы (сельскагаспадарчай камуне) нароўні з усімі, але са з’яўленнем у сям’і дзяцей матэрыяльнае становішча стала жудасным.
З беднасці пачалі паступова выходзіць з прасоўваннем няўрымслівай і вельмі працаздольнай Голды па «грамадскай» лініі. У 1928 годзе яе адправілі ў ЗША і Еўропу для збору ахвяраванняў і агітацыі за яўрэйскую дзяржаву ў Палестыне.
Пасля муж, які шчыра кахаў Голду, не вытрымаў яе сталай адсутнасці. Яны хоць і не развяліся, але жылі асобна.
У 1930-1940-х гадах Голда Мэір была адным з лідараў, якія ўсімі сіламі падтрымлівалі нелегальную міграцыю габрэяў у Палестыну: брытанцы ўсталёўвалі квоты і выступалі супраць рэзкага павелічэння яўрэйскага насельніцтва.
У рэшце рэшт яўрэі ў Палестыне сабраліся ў сілу, якая была здольнай даць адпор арабскім атакам пасля сыходу брытанцаў і абвясціць незалежнасць Ізраіля. Свет, шакаваны Халакостам, падтрымаў стварэнне яўрэйскай дзяржавы.
«Я два разы ледзь не патрапіла ў Пінск»
У верасні 1948 года Голда Мэір адправілася ў Маскву ў якасці першага амбасадара Ізраіля ў СССР. Сітуацыя на той момант склалася дастаткова незвычайная. З аднаго боку, Савецкі Саюз горача падтрымаў абвяшчэнне незалежнасці Ізраіля: Масква жадала знізіць брытанскі ўплыў у рэгіёне, да таго ж былі спадзяванні, што Ізраіль пойдзе па сацыялістычным шляху развіцця.
З іншага боку, да таго моманту ў СССР ужо актыўна праводзілася палітыка антысемітызму. Голда Мэір прыехала ў Маскву ў верасні, а ў студзені таго ж года ў Мінску НКУС забіла рэжысёра Саламона Міхоэлса, які ў гады вайны займаўся тым жа, чым раней Голда Мэір: ездзіў па ЗША, збіраючы ахвяраванні для сваёй краіны.
Знаходжанне ізраільскага амбасадара ў Савецкім Саюзе аказалася бессэнсоўным: Крэмль вырашыў, што новая дзяржава трапляе пад уплыў Захаду, і нічога не хацеў чуць ні пра дапамогу Ізраілю зброяй, ні пра дазвол савецкім яўрэям эміграваць.
Нечаканыя і сумныя наступствы мелі зносіны з Голдай Мэір для жонкі Вячаслава Молатава. Па ўспамінах ізраільскага палітыка, на прыёме з нагоды гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі Паліна Жамчужына сказала ёй на ідышы «Я — габрэйская дачка» і пахваліла Голду за паход у маскоўскую сінагогу, дзе яе сустрэлі дзясяткі тысяч мясцовых яўрэяў.
Праз некалькі месяцаў Жамчужыну арыштавалі, абвінавацілі ў «злачыннай сувязі з яўрэйскімі нацыяналістамі» і саслалі ў лагер.
Знаходзячыся ў СССР, Голда Мэір нават не змагла з’ездзіць у горад дзяцінства.
«Я два разы ледзь не патрапіла ў Пінск. У 1939 годзе, калі я знаходзілася ў Польшчы з даручэннем ад працоўнага руху, я захварэла ў той самы дзень, калі мусіла туды паехаць, і паездкау адмянілі.
Улетку 1948 года, калі я была прызначаная амбасадарам Ізраіля ў Савецкім Саюзе, мяне ахапіла раптоўнае жаданне паехаць у Пінск і ўбачыць на свае вочы, ці не застаўся ў жывых хто-небудзь з маіх сваякоў пасля нацыстаў, але савецкі ўрад не даў мне дазвол.
Я спадзявалася, што з часам мне яго ўсё ж дадуць, але напачатку 1949 года мне давялося вярнуцца ў Ізраіль, і паездка ў Пінск была адкладзеная на няпэўны час. Можа, яно было і да лепшага, пасля я даведалася, што з усёй нашай вялізнай сям’і ў жывых застаўся толькі адзін далёкі сваяк», — успамінала Голда Мэір.
Вядома, што яна не валодала рускай мовай, добра ведала толькі ідыш і англійскую. А ці ведала маленькая Голда хоць некалькі слоў па-беларуску? Гэта так і засталося загадкай.
Амбасадарам у СССР Голда Мэір прабыла ўсяго сем месяцаў. Адзін з бацькоў-заснавальнікаў ізраільскай дзяржавы Давід Бэн-Гурыён у сувязі з крахам спадзяванняў на супрацоўніцтва з Саветамі прапанаваў ёй пасаду міністра працы і сацыяльнай абароны.
Гэта будзе далёка не вяршыняй палітычнай кар’еры Голды: пасля яна ўзначаліць МЗС і ўрад краіны.