Цярпеў пераслед за беларускую мову, прайшоў ГУЛАГ, не кінуў служэнне: ксёндз-беларус Віктар Шутовіч

Беларускі нацыянальны рух быў далёка не маналітным. Адна з яго плыняў — каталіцкія святары, якія імкнуліся пабудаваць Беларусь праз Каталіцкі Касцёл і ў ім самім. Адным з тых, хто хацеў дагрукацца да нацыянальнай свядомасці беларусаў з амбона, быў ксёндз Віктар Шутовіч, які нарадзіўся 27 кастрычніка 1890 года.

Беларускі рух — гэта найперш людзі, якія былі носьбітамі ідэі. Галоўным яе падмуркам напачатку ХХ стагоддзя была мова — беларуская мова. Пранікнутыя нацыянальнай ідэяй асобы імкнуліся пашыраць беларускую мову ва ўсе сферы жыцця. Напэўна, самай кансерватыўнай і непадатлівай для моўных змен сфера грамадства была Царква. Што Праваслаўная, дзе панавала царкоўна-славянская мова літургіі і руская мова царкоўных зносін, што Каталіцкая, дзе імша яшчэ вялася на лаціне, а мовай казанняў была польская. Такі быў час. Але і ў той сапраўды складаны час былі людзі, якія нават у самым, падавалася б, неспрыяльным асяроддзі імкнуліся зрабіць перамены.

Іх імёны не на слыху. Як і імёны соцень іншых з плеяды тых, хто прыняў нацыянальную ідэю і дзейнічаў. Асаблівай плынню нацыянальнага руху была плынь каталіцкі святароў. Чаму асаблівай? Справа ў тым, што шанцаў прабіцца каліўцу беларускай ідэі ў моцным кансерватыўным Каталіцкім Касцёле амаль не было. Устоі, традыцыя, падпарадкаванне. Да таго ж, так склалася, што ў Расійскай імперыі Каталіцкі Касцёл быў свайго роду сімвалам супрацьстаяння імперыі, сімвалам змагання за «польскасць» (хоць пад яе пападала і ідэя адраджэння Вялікага Княства Літоўскага). Але ж… знайшліся людзі, якія так званую беларускую ідэю неслі і туды.

Найперш, гэта каталіцкія святары аднаго пакалення. Калі імёны Адама Станкевіча іВінцэнта Гадлеўскага крыху вядомыя, то постаці Язэпа Рэшаця, Язэпа Германовіча, Уладзіслава Талочкі штосьці кажуць хіба даследчыкам-адмыслоўцам. Сярод іх і ксёндз Віктар Шутовіч — непахісны, прынцыповы, крыху наіўны ў веры ідэалам, але трывала вытрымаўшы пераслед за мову і веру. Дзень нараджэння святара, які стаяў каля вытокаў беларускага Касцёла, добрая нагода праліць свет на яго жыццяпіс.

Ксёндз Шутовіч з Шутавіч

Будучы каталіцкі святар і рухавік беларускай справы Віктар Шутовіч нарадзіўся 27 кастрычніка 1890 года ў вёсцы Шутавічы ў ваколіцах Смаргоні. Паходзіў Віктар з вялікай сялянскай сям’і каталіцкага веравызнання, дзе хрысціянскія каштоўнасці лічыліся найвялікшым скарбам. Усё ж — гістарычная Віленшчына, рэгіён не занядбаны, там адукацыя і культура былі ў пашане. 

Вёска Шутавічы, сучасны краявід

Бацькі Шутовіча былі пісьменныя, і амаль усе іх дзеці атрымалі сярэднюю і нават вышэйшую адукацыю. Сын Віктар вучыўся спачатку ў Ашмянах, а потым, у 1909 годзе паступіў у Віленскую духоўную семінарыю. Тут і пазнаёміўся, а пазней і пасябраваў з многімі ў будучыні вядомымі беларускімі святарамі і грамадскімі дзеячамі, галоўным чынам добрыя адносіны наладзіліся з Адамам Станкевічам. Семінарысты былі звышактыўнымі: у хуткім часе пры семінарыі быў створаны беларускі гурток, адчыненая бібліятэка, завязаны кантакт з рэдакцыяй газеты «Наша Ніва».

Семінарыю Шутовіч скончыў у 1913-м годзе, і ўжо 29 чэрвеня таго ж года быў высвечаны на святара. У прынцыпе, малады айцец Віктар мог бы на гэтым і спыніцца: атрымаць парафію, выправіцца ў які-небудзь касцёл і служыць да канца зямных дзён па замкнёным коле касцельнага календара… І нікуды не высоўвацца. Але ж гэта не яго шлях, ён пакліканы быў да іншага. Адчуваючы здольнасці і прагу да навукі, яго далейшы шлях ляжаў у Пецярбург, дзе дзейнічала духоўная каталіцкая акадэмія.

Ксёндз Віктар Шутовіч

Акадэмічны гурток і прыклад Багушэвіча

У сталіцы імперыі каталіцкая духоўная акадэмія была часткай беларускага нацыянальнага руху. Так склалася яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Яшчэ ў 1912-м годзе ў акадэміі паўстаў і распачаў дзейнасць беларускі гурток з ініцыятывы Люцыяна Хвецькі. Што праўда, нацыянальныя аб’яднанні ў акадэміі былі і ў палякаў, і ў літоўцаў, і ў латышоў.

Каталіцкая акадэмія ў Пецярбургу

Калі гурток аформіўся, то пачалася дзейнасць: сходкі, дыскусіі, лекцыі. У мерапрыемствах гуртка бралі ўдзел і беларусы — навучэнцы свецкіх інстытуцый. Дзейнічала і бібліятэка беларускіх кніг, закладзеная за ахвяраванне Магдалены Радзівіл. Як пісаў ксёндз Адам Станкевіч, які прыбыў у акадэмію ў адзін год з Віктарам Шутовічам «галоўным заданнем беларускага гуртка было паглыбленне ведаў аб Беларусі. Рабілася гэта праз рэфераты…». Гэта зараз людзі маюць хуткі доступ да інфармацыі ўлюбым выглядзе і фармаце, а тады дзейсным сродкам пашырэння ведаў было рэферыраванне: адзін чытаў нешта і сцісла пераказваў іншым. На адной з сустрэч свой рэферат прысвечаны Францішку Багушэвічу, чытаў Віктар Шутовіч. Францішак Багушэвіч быў не толькі аўтарытэт у беларускай справе, але і яго зямляк: ад Шутавіч да Кушлян не так ужо і далёка.

Францішак Багушэвіч

Прыклад Багушэвіча натхняў Шутовіча. На канікулах, калі наведваў бацькоў, ён падтрымліваў сувязь з моладдзю, якую заахвочваў да чытання беларускіх кніжак i газет. У роднай вёсцы з яго падачы ладзіліся беларускія вечарыны, ставіліся п’есы, для якіх менавіта Шутовiч рыхтаваў увесь песенны рэпертуар. Маючы добры музычны слых i валодаючы прыемным голасам, ён сам артыстычна выконваў беларускія песні i нават арганізаваў у вёсцы харавы калектыў.

Духоўны сын прафесара, апостала адраджэння

Канешне, дзейнасць гуртка ў акадэміі не абышлася без чыннага ўдзела чалавека, які падтрымліваў беларусаў у сталіцы імперыі. Гаворка пра прафесара Пецярбургскага ўніверсітэта Браніслава Эпімах-Шыпілу. Яго яшчэ называюць «патрыярхам беларускага адраджэння».

Браніслаў Эпімах-Шыпіла

Пан прафесар падтрымліваў моладзь: апекаваўся, прасоўваў, дапамагаў грашыма беларусам, якія станавіліся сейбітамі на нацыянальнай ніве. Вынік такой працы — выдатныя дзеячы хвалі беларускага адраджэння. Адам Станкевіч у адной з прац пералічваў духоўных дзяцей Шыпілы. Імёны — гучныя! Янка Купала, Браніслаў Тарашкевіч, Зміцер Жылуновіч, Клаўдзі Душэўскі… І — ксёндз Віктар Шутовіч. Ён таксама залічаны да кагорты тых, каго падтрымліваў і натхняў пранікнуты ідэямі беларускасці прафесар.

Ксёндз Віктар Шутовіч

Трэба меркаваць, што Шутовіч і Шыпіла падтрымлівалі шчыльныя прыяцельскія адносіны і пасля таго, як ксёндз Віктар пакінуў Петраград і іх з прафесарам раздзялілі пасляваенныя межы. У 1930-м годзе Шыпіла пісаў ліст Шутовічу. А гэта, на хвілінку, ліст за межы СССР! У лісце колішні прафесар піша, што з ім здарыліся непрыемнасці: вобшук, арышт, высылка ў Ленінград, «дзе апынуўся выкінутым на брук»… І гэта была не метафара: навуковец сапраўды не мог знайсці сабе цягам месяцаў ні кватэры, ні пакойчыку. Яшчэ ў лісце ён пісаў, што больш не зможа дасылаць Шутовічу беларускія кнігі, якіх пазбаўлены і сам.

Ксёндз Віктар Шутовіч (злева) з сябрам

Адзін з першых, хто стаў казаць па-беларуску

Але вернемся ў 1910-я… Першая сусветная зацягнулася, у імперыі спее рэвалюцыя. З-за матэрыяльных прычын Шутовіч быў вымушаны спыніць далейшую вучобу ў акадэміі і выправіцца служыць парафіяльным ксяндзом. У лютым 1917 года айцец Шутовіч быў накіраваны віленскім біскупам Эдвардам Ропам на пасаду пробашча парафіі Святога Язэпа ў Барадзенічы Браслаўскага павету. Тут ксёндз Віктар, зараджаны беларускім духам, пачаў дзейнічаць. 

Касцёл у Барадзенічах

Пра гэты перыяд жыцця Шутовіча ксёндз Пётр Татарыновіч пісаў: «Тут ён разгарнуў адразу вельмі актыўную працу, уводзячы беларусізацыю ў касцёле, не толькі беларускія казані, але пацеры, песні і касцельныя запісы вяліся па-беларуску. Ён арганізаваў беларускія школы, пашыраў беларускія газеты і кніжкі, вучыў народ у святыні і па-за ёй пры ўсякіх нагодах любіць сваю мову і сваю культуру, змагацца за свабоду свайго народа».

Што цікава, мясцовыя жыхары прынялі ксяндза-беларуса з імпэтам, ім спадабалася беларуская мова ў іх родным касцёле. Час быў, канешне, той яшчэ: выбух рэвалюцыі, развалены фронт Першай Сусветнай, голад, бандытызм, вайна бальшавікоў і адроджанай Польшчы… Вір падзей! А ў ім трэба было захоўваць свядомасць і проста выконваць абавязкі пастыра для людзей. Пэўная стабільнасць надышла ў 1921-м годзе пасля Рыжскага міру. Парафія ксяндза Шутовіча аказалася ў складзе Польскай дзяржавы.

Касцёл у Барадзенічах

Шутовіч быў адным з першых, хто пачаў уводзіць беларускую мову ў Касцёле. Гэта быў важны крок. Нацыянальная палітыка імперыі выкруціла свядомасць насельніцтва так, што ўсталявалася трывалая формула: каталік = паляк, праваслаўны = рускі. А тут — беларуская мова ў каталіцкай святыні. Гэта смелы і важны крок!

Палітычная справа ксяндза

Смеласці спрыяў рэгіён. Тут служылі адданыя беларускай справе святары, тут былі моцныя суполкі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Менавіта ў Дзісненскім павеце была арганізаваная першая рэгіянальная структура БХД яшчэ ўлетку 1917-га, пры тым што сама партыя ўзнікла на які месяц-два да гэтага.

Гурток БХД існаваў і ў Барадзенічах і Іказні. Іх залажыў А. Станкевіч, але доўгі час нагляд над ім меў брадзеніцкі пробашч ксёндз Шутовіч. Удзел у палітычных справах тады не ішоў насуперак служэнню ў касцёле. Наадварот, спрыяў. Але ж гэта было ў 1917-м. Час ішоў, у міжваеннай Польшчы беларуская дзейнасць святароў не віталася ні на царкоўным узроўні, ні на свецкім. Ксёндз-беларус, актывіст БХД выклікаў заклапочанасць ва ўладаў і Шутовіча прымусілі пакінуць свой прыход: ён быў пераведзены вікарыем у Ліду.

Адам Станкевіч

Газета «Беларуская Крыніца» ў 1927 годзе пісала: «12 студня сёл. г. па загаду Я. Э. Віленскага Арцыбіскупа Ялбжыкоўскага вядомы беларускі народны дзеяч Кс. В. Шутовіч пазбаўлены парафіі ў Барадзенічах, Браслаўск. пав., і назначаны на вікарага ў Ліду. Дэлегацыя ад усей парафіі, просьбы з цэлым мноствам подпісаў, каб затрымаць у Барадзенічах Кс. Шутовіча не памаглі нічога».

А далей — горай: у 1928-м годзе ксяндза Віктара арыштавалі. Адам Станкевіч пісаў: «У звязку з выбарамі былі масавыя арышты беларускіх выбарных працаўнікоў. Сярод арыштаваных было нямала сябраў БХД. Усім ім закідалася проціўдзяржаўная акцыя. Па выбарах, ведама, іх усіх вызвалялі, бо ніякай дзейнасці яны не вялі».

Пасля гэтых падзей ксёндз Шутовіч быў вымушаны падацца за мяжу.

Выбары ў Польшчы (1928)

Амерыка! Тут я ўбачыў праўдзівую дэмакратыю…

Выбар, куды выправіцца, паў на Злучаныя Штаты Амерыкі. Паспрыяла гэтаму тое, што там былі свае людзі — ксёндз Ян Тарасевіч, які прасоўваў беларускую ідэю сярод эмігрантаў. Віктар Шутовіч напісаў ліст ксяндзу Яну ў Гарвард, з просьбай знайсці яму сталы прытулак і, па-магчымасці, працу. Адказ прыйшоў праз некалькі месяцаў. Атрымаўшы патрэбныя дакументы і грошы на дарогу, айцец Віктар у красавіку 1929 года выехаў у Злучаныя Штаты.

Ксёндз Ян Тарасевіч

Беларускі часопіс «Шлях моладзі», які выдаваўся ў Вільні, паведамляў пра гэта: «Ведамы беларускі дзеяч кс. В. Шутовіч выехаў у Амерыку, дзе ўжо працуе на грунце рэлігійным. Адтуль ужо хіба арцыбіскуп Ялбжыкоўскі не выгане яго?!». Адам Станкевіч таксама пісаў пра гэта: «Цяпер жа ў падмогу кс. Я. Тарасевічу прыбыў у Амерыку кс. В. Шутовіч, трэба спадзявацца, што праца за беларускую мову ў святыні сярод нашай эміграцыі пойдзе ўперад у вольнай Амерыцы яшчэ шпарчэй».

Злучаныя Штаты Амерыки, 1929 год

Спадзявацца, канешне, можна было, але рэчаіснасць была крыху іншая.  Грамадскія, палітычныя і канфесійныя супярэчнасці сярод грамадскіх дзеячаў на Бацькаўшчыне пераносіліся і ў Штаты, дзе яшчэ больш абвастраліся і рабіліся хранічнымі. Адсутнасць багатых і ўплывовых людзей сярод самой эміграцыі, нізкая нацыянальная самасвядомасць, брак уласна беларускіх цэркваў і касцёлаў выклікалі натуральныя цяжкасці і збівалі імпэт да працы. Віктару Шутовічу давялося жыць у каталіцкім кляштары айцоў-салятынаў, большую частку часу — напружана працаваў: пісаў артыкулы, якія дасылаў у адзіную беларускую газету «Беларуская трыбуна», што выходзіла ў Чыкага, перакладаў на родную мову рэлігійную літаратуру. Быў у гушчы грамадскага жыцця.

Але ж, пражыўшы тры гады ў ЗША, а. Віктар вярнуўся на Радзіму. У адным з лістоў да сябра ён пісаў: «Другім чалавекам я вярнуўся з Амерыкі. Там убачыў я вялікія гурты народаў. У грамадзянстве там вярхі з нізамі роўныя. Толькі ў Амерыцы я ўбачыў праўдзівую дэмакратыю». У тым жа лісце а. Віктар пісаў: «Але добра птушцы ў залатой клетцы, ды лепей ёй на зялёнай ветцы. Так мне было і ў Амерыцы… Амерыкане вымагалі ад мяне адрачыся свайго і аддацца зусім для іх, так прынамсі мне здавалася… Гэта мне паказалася неразумным і ледзь не здрадай Бацькаўшчыне».

Вяртанне і адыход ад спраў

У 1932 годзе ксёндз Шутовіч усё ж прыехаў у Вільню і адразу быў прызначаны вікарыем у Харошчы каля Беластоку. Час для беларускай справы быў вельмі неспрыяльны, таму Шутовіч быў вымушаны падладжвацца пад патрабаванні ўладаў. У касцельнай, школьнай і катэхізацыйнай працы ён павінен быў карыстацца польскай мовай — так патрабавала вышэйшае каталіцкае духавенства. Да таго ж за Віктарам Шутовічам пастаянна сачылі пільныя вочы, і слухалі вострыя вушы: каб абы чаго лішняга не зрабіў.

Касцёл у Харошчы

Грамадскую дзейнасць святар згарнуў, але ўзяўся за пяро і шмат пісаў у розныя перыядычныя выданні, перапісваўся з сябрамі. Напэўна, ксяндзу Віктару згадалася маладосць і драматычныя пастаноўкі ў родных Шутавічах на акадэмічных вакацыях. Святар пачаў сур’ёзна займацца літаратурнай дзейнасцю, асабліва цягнула да драматургіі. Ён напісаў 5-актовую драму, прысвечаную 950-годдзю хрысціянства на Беларусі, якая займала 70 лістоў машынапісу. Збіраўся напісаць гістарычную п’есу пра Вітаўта Вялікага, вясёлую, жыццярадасную народную камедыю, працягваў пісаць артыкулы аб святкаванні народных свят.

Але ў верасні 1939-га года пачалася Другая Сусветная вайна. На землі Заходняй Беларусі прыйшлі першыя Саветы, а праз два гады — немцы. Айцец Шутовіч увесь цяжкі час акупацыі пражыў ў Харошчыцкай парафіі, дзе займаўся выключна рэлігійнай дзейнасцю. А ў чэрвені 1944 года, калі немцы адыходзілі, ён прыязджае ў Мінск.

Кніжная спадчына: што вядома?

Адыдзем крыху ад жыццяпісу і глянем на кніжную спадчыну святара. Усё ж, амаль дзесяцігоддзе літаратурнай дзейнасці не павінна было прайсці без якога-небудзь друкаванага следу.

Перад нападам Германіі на СССР у Вільні Шутовіч выдаў «Маёвую чытанку» — кніжачку для касцельнага набажэнства. Яна выйшла ў 1940 годзе ў Беларускім каталіцкім выдавецтве.

Іншы твор ксяндза — «Калядныя песні». Гэта невялікая брашура на 19 старонак, якая ўтрымлівае сабраныя і апрацаваныя Шутовічам калядныя песні. Выйшла кніга ў 1942-м годзе ў Берліне пры падтрымцы Берлінскага аддзела Беларускага камітэта самапомачы ў Германіі.

Лёс усяго астатняга, напісанага і падрыхтаванага Шутовічам, пакуль невядомы.

Перабраўся ў Менск

Вернемся ў 1944 год. Вермахт адыходзіць, Чырвоная Армія — наступае… У гэтым тлуме ксёндз Шутовіч выпраўляецца ў сталіцу БССР. Навошта? Напэўна, каб служыць і несці слова — Божае і беларускае — туды, дзе бракавала каталіцкіх святароў. Усё ж 1930-я былі, мякка кажучы, звыш неспрыяльнымі для цэркваў і касцёлаў, наогул для духавенства. Ва Усходняй Беларусі сапраўды не было каму служыць у храмах у прамым сэнсе.

З нагоды прыбыцця Шутовіча ў Мінск Адам Станкевіч занатаваў у дзённіку: «Кс. Віктар Шутовіч перад самым адыходам немцаў з Беларусі (VI.1944) прабраўся (!) у Менск і сёння (у жніўні таго ж года) там шчасліва і памысна працуе. Слава!». Можна толькі ўявіць, як і чым прабіраўся ў Мінск ксёндз Віктар на фоне адыходу вермахта і баёў… Але дабраўся і стаў служыць: у Чырвоным касцёле, а спадарожна ў  Кафедральным.

Служыў ксёндз Віктар па-беларуску, як і гаварыў казанні, і спавядаў. Гэтага патрабаваў і ад вернікаў. Канешне, касцельную адміністрацыю на чале з усё тым жа біскупам Ялбжыкоўскім гэта не задавальняла і ён на месца Шутовіча назначыў іншага ксяндза, але Шутовіч застаўся ў Мінску служыць. Вернікі яго падтрымлівалі.

Станкевіч просіць за Шутовіча

Але нядоўга выпала ксяндзу Віктару служыць у Чырвоным касцёле. У студзені 1945-га яго арыштавалі, а потым улады зачынілі і касцёлы.

Пра некаторыя акалічнасці арышту і зняволення Віктара Шутовіча вядома з дзённіка і запісак Адама Станкевіча. У прыватнасці, у снежні 1945-га Станкевіч намагаўся прасіць савецкую ўладу аб вызваленні несправядліва зняволенага і асуджанага сябра. Гэта было наіўна, але ж вельмі смела! Бо Станкевіч таксама быў пад следствам і хадзіў на допыты-размовы ў Міністэрства дзяржаўнай бяспекі.

Адам Станкевіч (фота са следчай справы)

Але ж і там ён намагаўся дабіцца вызвалення Шутовіча. Так, на допыце ў лістападзе 1946-га Станкевіч прасіў следчага вызваліць Шутовіча, на што той заявіў: «кс. Шутович выдал немцам 12 коммунистов». Акрамя смеху гэта нічога больш у ксяндза Адама не выклікала.

З дзённіка вядома і пра турэмны шлях Шутовіча. Арыштавалі яго ў Мінску ў студзені 1945-га, прабыў ён тут 10 месяцаў, а пасля — быў змешчаны ў турме ў Горкім (Ніжні Ноўгарад). Апошнія звесткі з запісаў Адама Станкевіча пра Віктара Шутовіча датуюцца маем 1948-га. З іх вынікае, што карныя органы прывозілі Шутовіча з лагера ў Маскву, каб схіліць да супрацоўніцтва ў справе кантролю на Каталіцкім Касцёлам у Беларусі. Гэтага следчыя дабіваліся ад самаго Станкевіча. Напэўна, Шутовіча таксама не атрымалася схіліць да «супрацы».

Сам жа Станкевіч 13 красавіка 1949-га быў арыштаваны другі раз, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне святар адбываў у віленскай турме Лукішкі, а потым у Азярлагу (Тайшэт, Іркуцкая вобласць), дзе і памёр.         

Застаўся пры сваіх перакананнях

Ксёндз Віктар Шутовіч быў вызвалены 20 сакавіка 1955 года, вярнуўся ў Мінск. А там… спыніўся і ўпакорыўся? Не! Святар арганізоўвае таемную падпольную царкву ў доме аднаго сумленнага верніка, які раней схаваў у сябе абразы з кафедральнага касцёла. Было гэта ў Калодзішчах. Адпраўляў імшу ксёндз Віктар і па іншых хатах. А вернікі спадарожна пачалі збіраць подпісы і грошы на тое,  каб улады дазволілі адчыніць Чырвоны касцёл. І нібыта справа павінна была вырашыцца станоўча, але некаторыя запратэставалі, што ксёндз гаворыць па-беларуску. Зноў моўнае пытанне, як і на працягу ўсяго жыцця, стала рубам. Так і заглухла ўсё…

Чырвоны касцёл, 1940-я

Шутовіч жа атрымаў парафію ў Барысаве. 1 красавіка 1956 года, на Вялікдзень, цэлебраваў святую Імшу ў капліцы на барысаўскіх могілках. Там, на могілках, і служыў да канца дзён ксёндз Віктар.

Памёр ксёндз-беларус Віктар Шутовіч 1 сакавіка 1960 года, пахаваны на старых Барысаўскіх могілках.

***

Мінуў час, усяго некалькі дзесяцігоддзяў, што для Гісторыі — імгненне, і ў Беларусі адрадзіўся і Каталіцкі Касцёл, і беларуская мова стала тытульнай мовай гэтага Касцёла. Ці ж не за гэта змагаўся ўсё жыццё ксёндз Шутовіч? Значыць, усё было не дарэмна.

Помнік на магіле кс. В. Шутовіча

Барыс Палута, novychas.online