Сардэчна віншуем Вас з Калядамі і Новым годам!

Родныя нашы беларусы і беларускі!

Сардэчна віншуем Вас з Калядамі і Новым годам!

Мінулы год адзначыўся жорсткімі і страшнымі падзеямі, але яны не здолелі нівеляваць тае каласальнае працы, якую беларусы і ў самой Беларусі, і па-за яе межамі нястомна робяць для таго, каб Беларусь стала свабоднай і незалежнай краінай, для захавання роднай культуры і мовы. Увесь свет бачыць нашу салідарнасць, веру і імкненне да свабоднай будучыні. Сёлета да атрыманых беларусамі прэстыжных міжнародных прэміяў у сферы абароны правоў чалавека, у галіне культуры дадалася яшчэ адна – Нобелеўская. Які кошт за гэта сплочаны – вядома ўсім. І таму мы просім вас як мага часцей думаць пра тых, хто сёння ахвяруе дзеля нас сваёй свабодай, дапамагаць ім, падтрымліваць іх сем’і. Не забывацца, як няпроста захоўваць беларушчыну тым, хто ў гэты цяжкі час застаецца на Радзіме. Гэтых людзей многія тысячы, і яны маюць куды мацнейшую патрэбу ў тых зычаннях, з якімі мы да вас звяртаемся.

Мы зычым, каб святочныя дні прайшлі для вас светла і ўзнёсла, у цёплай кампаніі родных і сяброў, і каб надыходзячы год прыносіў любоў, добрыя навіны з Бацькаўшчыны і сілы да працы на карысць нашай адзінай Радзімы!

Наша будучыня ў нашых руках, і яны год ад году робяцца ўсё мацней.

Будзьма беларусамі і будзьма разам!

ЗБС „Бацькаўшчына“