Любоў Шашкова, якая ў 1951 годзе нарадзілася на Гомельшчыне, у Васілеўцы былога Парыцкага раёна, з маладосці звязала свой лёс з Казахстанам. У 1975 годзе стала загадчыцай аддзела газеты «Темиртаусский рабочий». Пісала артыкулы, паэтычныя творы. З 1987 па 1991 гады — загадчык перакладной рэдакцыі алмаацінскага кніжнага выдавецтва «Жазушы», піша «Звязда».
Любоў Канстанцінаўна выдала шмат паэтычных і публіцыстычных кніг. Першы зборнік — «Пора подсолнухов» — выйшаў у выдавецтве «Жазушы» у 1984 годзе. Многія творы пісьменніцы перакладзены на беларускую мову. Пераўвасобіў паэзію нашай суайчынніцы роднымі словамі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі.
Зусім нядаўна Любові Канстанцінаўне Шашковай нададзена ганаровае званне «Народны пісьменнік Казахстана».
Паэтэса не аднойчы ў апошнія гады наведвала Беларусь, выступала ў розных аўдыторыях, чытала свае вершы і паэмы, якія прысвечаны радзіме, гераічным, ваенным старонкам нашай гісторыі. Дарэчы, у Казахстане Любоў Шашкова добра вядомая як актыўны ўдзельнік беларускай грамады, руплівы збіральнік землякоў у далёкай старонцы.