Пра гэта паведаміў пастар мінскай хрысціянскай евангелічнай супольнасці «Ян Прадвеснік» Антоні Бокун на сваёй старонцы ў Фэйсбук. Над перакладам Святога Пісання са старажытнаяўрэйскай і старажытнагрэцкай моў пастар працаваў 12 гадоў.
«Напрыканцы 2023 г. Госпад даў магчымасьць надрукаваць Біблію па-беларуску ў перакладзе са старажытнагебрайскай і старажытнагрэцкай моваў. Я пачаў гэты пераклад у 2011 г. і з Божай дапамогай скончыў у 2023 г.
Няхай Госпаду будзе ўся слава!
Таксама вялікая падзяка ўсім, хто спрычыніўся да гэтага выданьня.
Гэтую Біблію нельга набыць, але магчыма атрымаць бясплатна ў Мінскай багаслоўскай сэмінарыі Саюза эвангельскіх хрысьціян баптыстаў (г.Мінск, вул. Райніса, 6) або ў Тэалягічным інстытуце хрысьціян веры эвангельскай (г.Мінск, вул. Гурскага, 48)», — напісаў Антоні Бокун.
Таксама пастар дадаў, што ў электронным выглядзе Біблію па-беларуску можна чытаць праз мабільныя прыкладаньні YouVersion і MyBible, а таксама праз сайты www.bible.by, www.biblia.by, www.biblija.by.