Вакно магчымасцяў, супраца з Украінаю: што абмяркуюць на канферэнцыі «Новая Беларусь» (8-9 жніўня, Варшава)

Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская падчас канферэнцыі «Новая Беларусь». Варшава, Польшча. 9 жніўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

На сайце Святланы Ціханоўскай з’явілася праграма 5-й канферэнцыі «Новая Беларусь», якая сёлета пройдзе 8-9 жніўня ў Варшаве.

Пакуль апублікаваны расклад толькі першага дня канферэнцыі.

Распачнецца падзея з прывітальных словаў Святланы Ціханоўскай і Івонкі Сурвілы.

Першая панэль мае назву «Не чакаць, а ствараць новае вакно магчымасцяў. Выклікі. Стратэгіі. Прыярытэты». Падчас яе ўдзельнікі абмяркуюць, як змяняецца сітуацыя ўнутры і вакол Беларусі.

«Амерыканцы паспяхова выцягваюць палітвязняў з турмаў, у Гаазе запушчаная справа супраць Лукашэнкі, Расея зазнае ўдары па сваёй тэрыторыі, а рэжым змякчае праваенную рыторыку. Пры гэтым, рэпрэсіі працягваюцца, хоць і змяняюць сваю форму. Гэта ўсё стварае новыя выклікі для дэмакратычных сілаў, але і новыя магчымасці. Як перахапіць палітычную ініцыятыву, каб змяніць статус-кво?» – эксперты будуць шукаць адказ на гэтае пытанне.

Другая панэль – «Праз мір ва Украіне – да свабоды ў Беларусі. Праблемы. Сцэнарыі. Супраца».

У анонсе зазначаецца, што візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў адкрыў новыя магчымасці для беларуска-ўкраінскай супрацы. Чым мы – беларусы і ўкраінцы – цяпер можам дапамагчы адно аднаму? Якія супольныя крокі могуць быць зробленыя найбліжэйшым часам і што ўжо робіцца? Якія мусяць быць прыярытэты ў стратэгічнай супрацы? Такія пытанні заяўленыя для абмеркавання падчас панэлі.

Трэцяя панэль будзе прысвечаная «постлукашэнкаўскай Беларусі», змяненням у нашай краіне і звязаным з імі рэформам і перспектывам.

«Змены ў Беларусі – пытанне часу. Усе дыктатуры падаюць. Пытанне: што пасля? Якім можа быць дэмакратычны транзіт? Якія рэформы трэба правесці і ці мае сэнс іх рыхтаваць ужо сёння? Ці магчыма вывесці Беларусь з татальнай залежнасці ад Расеі? Што Еўразвяз можа прапанаваць Беларусі, а Беларусь Еўразвязу? Мы мусім думаць не толькі пра тое, ад чаго мы хочам сысці, але і пра тое, да чаго мы прапануем рухацца», – гаворыцца ў праграме.

Акрамя панэляў, прадугледжаныя дэбаты і магчымасці для нэтворкінгу.

Праграма будзе дапаўняцца, у ёй магчымыя змяненні.

Першая канферэнцыя «Новая Беларусь» прайшла ў 2022 годзе ў Вільні. З таго часу падзея ладзіцца штогод. На яе прыязджаюць беларусы з розных краінаў свету.

Галоўная мэта канферэнцыі – аб’яднаць беларусаў для абмеркавання будучыні краіны, развязання актуальных праблемаў і стварэння новых стратэгіяў.

Марыя Міхалевіч, belsat.eu