Сярод найбольш папулярных выданняў мінулага года — аўдыёкніга «У вайны не жаночы твар» Святланы Алексіевіч, а таксама «Споведзь» Ларысы Геніюш.

Звычайна беларусы даведваюцца пра нешта, калі ўлады гэта заблакуюць або забароняць. Хоць пра інтэрнэт-бібліятэку «Камунікат», мабыць, чуў кожны беларускамоўны чалавек, але і яна таксама перажыла ўсплеск папулярнасці ў сувязі з блакаваннем сайта. 

«Камунікат» існуе ўжо хутка чвэрць стагоддзя і з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце збораў крыніц на беларускай мове. Размаўляем са стваральнікам бібліятэкі, беларусам з Беластоку Яраславам Іванюком пра чытацкія інтарэсы беларусаў, адказ на кніжную «зачыстку» ўнутры Беларусі, справу ўсяго жыцця і цікавае нумералагічнае супадзенне з выданнем Францыска Скарыны.

— Як перажывала бібліятэка «Камунікат» апошнія бурныя тры гады? Ці былі нейкія вызначныя падзеі, змены? Што вам запамяталася?

— Тут можна гаварыць толькі пра тое, што па-рознаму выглядала колькасць наведвальнікаў. Калі павялічылася эміграцыя з Беларусі, тады колькасць наведвальнікаў павысілася. Яна панізілася ў момант, калі пачалася вайна ва Украіне. Такое мы назіралі таксама ў 2014 годзе. 

Мы гэта інтэрпрэтавалі такім чынам: калі такія падзеі адбываюцца, то людзям не да літаратуры, яны больш цікавяцца падзеямі, навінамі. 

Яраслаў Іванюк на фестывалі «Прадмова» ў Вільні ў кастрычніку 2023. Фота з асабістага архіву

Ну і знакавая падзея для нас як бібліятэкі «Камунікат» — гэта ліпень мінулага года, калі сайт быў заблакаваны ў Беларусі. Першыя дні блакіроўкі былі звязаныя з неймаверным павышэннем наведвальнасці, таму што тады пра гэта напісалі ўсе незалежныя СМІ. Можа, у 10 разоў больш наведвальнікаў за дзень, чым звычайна. 

Акрамя гэтага — мы ўвесь час напаўняем інтэрнэт-бібліятэку «Камунікат» зместам. За мінулы год мы паставілі на сайт больш за дзве тысячы новых публікацый. Гэта і кнігі, і аўдыёкнігі, і перыёдыка, і г.д.

Скарацілася колькасць загалоўкаў газет, якія мы выстаўляем. На гэты момант у Беларусі амаль нічога ўжо не выходзіць. «Дзеяслоў» прыпыніў сваё выданне, «Літаратурная Беларусь» яшчэ ёсць, «Наша слова-pdf» ёсць — і баюся, што няшмат больш можна ў Беларусі выдаваць. Іншыя выданні, таксама як і вашае, прыпынілі выхад і папяровай версіі, і pdf-фармату. 

Ну і нам трэба было трохі перастроіцца на іншы фармат працы, таму што мы ад 2021 года пачалі выдаваць папяровыя кнігі. Гэта трохі іншая тэма, але таксама звязаная з «Камунікатам», таму што калі б «Камунікат» не быў распазнавальвай маркай у Беларусі, напэўна, нам такія людзі, як Уладзімір НякляеўУладзімір АрлоўАндрэй Хадановіч не прапанавалі б сваіх кніг на выданне. За два гады мы выдалі амаль 30 кніжак на беларускай мове. 

— Гэта адказ на тое, што ўнутры краіны стала немагчыма шмат чаго выдаваць?

— Безумоўна, гэта адказ на тое, што адбываецца ў Беларусі. Першая кніга — раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» — выйшла ў канцы 2021 года. Тады Уладзімір Пракопавіч звярнуўся да нас з прапановай, ці не хацелі б мы выдаць яго раман, бо ў Беларусі ад гэтага адмовіліся ўсе, нават тады яшчэ існуючыя незалежныя выдавецтвы. Гэта проста перастрахоўка: вось мы выдадзім такога аўтара, і нас закрыюць. Не выдалі, але і так закрылі амаль усіх.

Я тады не меў сумненняў, што гэты раман трэба выдаць. Трэба было падумаць і пра распаўсюд. Мы зладзілі адразу пасля выдання кнігі 10 аўтарскіх прэзентацый, мы праехалі па ўсёй Польшчы амаль 4 000 кіламетраў, наведалі таксама Вільню, дзе адбыліся дзве прэзентацыі. І першы наклад гэтай кнігі фактычна разышоўся падчас гэтых прэзентацый. Мы выдалі другі, і яго таксама ўжо няма, а людзі ўсё яшчэ пытаюць, ці можна набыць, ці будзе дадрук. Дадрук мы ўжо не будзем рабіць, але будзем рабіць аўдыёкнігу з гэтым раманам. 

— Колькі доўжылася хваля павышанага інтарэсу, калі сайт заблакавалі і пра гэта напісалі незалежныя СМІ?

— Гэта не месяц-два, нават, можа, і не тыдзень. Потым усё прыйшло да звычайнай нормы — пад тысячу наведвальнікаў кожны дзень. Бывае па-рознаму. Менш наведвальнікаў падчас вакацый, бо тады ні студэнты, ні вучні не карыстаюцца. Падчас заняткаў шмат хто з беларускіх студэнтаў, беларускіх вучняў карыстаецца тым, што сабрана на сайце «Камунікат». А там на гэты момант больш за 55 000 розных беларускіх публікацый. 

Мы трымаемся прынцыпу: сабраць у адным месцы ўсё, што выдана па-беларуску або пра Беларусь на іншых мовах. Пакуль у нас гэта атрымліваецца даволі добра. 

— У вас ёсць назіранні, як змяняліся чытацкія інтарэсы беларусаў за тыя ж апошнія тры-чатыры гады?

— Мне здаецца, тут нельга казаць, што нешта асабліва памянялася. Найбольшае зацікаўленне ўвесь час выклікаюць — можа, гэта дзіўна прагучыць — розныя слоўнікі, энцыклапедыі. Яны ў нас у топе. Але таксама і гістарычная літаратура, мастацкая літаратура. 

Таксама карыстаюцца вялікай папулярнасцю кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі, мастацкая літаратура, якая распавядае пра гістарычныя падзеі. 

Калі мы пачалі публікаваць аўдыёкнігі на «Камунікаце», яны таксама пайшлі ў топ. Сярод іх варта звярнуць увагу на пяцікніжжа Святланы Алексіевіч, якое мы запісалі на беларускай мове ў мінулым годзе і апублікавалі на больш чым дзесяці платформах з аўдыёкнігамі, а таксама на сайце «Камунікату». Яны таксама, асабліва «У вайны не жаночы твар», трапілі ў лік найбольш папулярных публікацый мінулага года. А таксама «Споведзь» Ларысы Геніюш. І сама кніга, якая ў нас ёсць для спампоўкі ў розных фарматах, і аўдыёкніга карыстаюцца даволі вялікай папулярнасцю. 

— Колькі гадоў у суме існуе бібліятэка? 

— Бібліятэка ўзнікла ў 2000 годзе, так што 24 гады споўніцца ў гэтым годзе. Мне вельмі проста лічыць, колькі часу існуе «Камунікат», таму што ў гэтым годзе таксама нарадзіўся мой сын Хрыстафор. 

Я чалавек гуманітарнай сферы, па адукацыі гісторык, а мая жонка — матэматык. Будучы цяжарнай, яна навучыла мяне рабіць простыя інтэрнэт-сайты. І першым, што я перанёс у інтэрнэт, быў бюлетэнь слухачоў Беларускай рэдакцыі Польскага радыё ў Варшаве. Там я пачынаў сваю працу як журналіст у пачатку 90-х. І аказалася, што на сайце бюлетэню слухачоў Беларускай рэдакцыі Польскага радыё, які называўся «Камунікат», найбольшая зацікаўленасць — гістарычнай рубрыкай. Я тады займаўся менавіта гэтай рубрыкай. І запрапанаваў сябрам з Беларускага гістарычнага таварыства, якое дзейнічае ў Беластоку з 1994 года: «Давайце апублікуем беларускі гістарычны зборнік». Яны пагадзіліся. «Давайце апублікуем таксама вашыя кнігі». Яны пагадзіліся. І гэта неяк так пайшло-паехала.

Пазней было літаратурнае аб’яднанне «Белавежа», якое таксама існуе на Беласточчыне. Іх кнігі мы паставілі на сайт. Пазней — Беларуска інстытута навукі і мастацтва з Нью-Ёрку. Першапачаткова выглядала так, што будзем абмяжоўвацца тым, што выходзіць за межамі Беларусі. 

Але пазней аказалася, што ёсць усё большае зацікаўленне тым, што выходзіць у Беларусі. Мы пачалі наладжваць кантакты з беларускімі пісьменнікамі, гісторыкамі, выдавецтвамі ў самой Беларусі. Сем гадоў мы працавалі як валанцёры, на грамадскіх пачатках, не было ніякага фінансавання гэтага праекту. Але калі сабралася дзесьці пад 800 публікацый, я зразумеў, што я сам нават не ведаю, ёсць гэтая публікацыя ўжо на сайце ці не. Тады зразумелі, што трэба зрабіць больш сучасны механізм бібліятэкі. І з 2007 года мы карыстаемся падтрымкай розных донараў. У мінулым годзе, што таксама істотна, мы памянялі дызайн, памянялі рухавік нашай бібліятэкі, напрыканцы верасня апублікавалі новы фармат. Ён больш зручны, хутчэй працуе.

Яраслаў Іванюк. Фота з асабістага архіву

Апрача кніг, часопісаў, у нас ёсць раздзел «Навіны», дзе ў асноўным пераапублікоўваем з іншых крыніц розныя навіны, датычныя беларускага кніжнага рынку ці наогул беларускай культуры.

— Назва «Камунікат» датычна бібліятэкі мае сімвалічны сэнс?

— Безумоўна. Я нават думаў нейкі час таму, што, можа, варта было б памяняць назву, каб яна больш падыходзіла да інтэрнэт-бібліятэкі. Але ўсе, з кім я размаўляў, і ў Беларусі, і тут, на Беласточчыне, адгаворвалі: гэта немэтазгодна, таму што «Камунікат» моцна прыжыўся як бібліятэка. Назву прыдумаў адзін са слухачоў Беларускай рэдакцыі Польскага радыё, Юрась Сцяпанаў з Віцебска — чалавек, які ў свой час быў досыць вядомым актывістам, дзеячом. Мы абвесцілі ў рэдакцыі конкурс на загаловак бюлетэню, і перамагла назва «Камунікат».

Цяпер я таксама не бачу патрэбы гэта мяняць. 

— Можаце назваць бібіліятэку «Камунікат» справай усяго жыцця?

— Пэўна ж, так. Калі заблакавалі інтэрнэт-бібліятэку «Камунікат» у Беларусі, адзін з журналістаў, які са мной размаўляў, запытаў на канец размовы: «Яраслаў, скажыце, а навошта вам гэта? Чаму вы гэтым займаецеся? Маглі б жыць спакойна як этнічны паляк». Ведаеце, я толькі тады зразумеў, што для мяне гэта так натуральна, што я ніколі не задумваўся, як інакш. Гэта крыху як у габрэйскім анекдоце: «Мошэ, вы шчаслівы?» — «А што рабіць?» Так і тут: «Яраслаў, вы займаецеся кнігамі?» — «А што рабіць?»

Нехта верыць, нехта не верыць у нумералогію, але вельмі рэдка кнігі выдаюцца з дзённай датай. У беларускай гісторыі я ведаю адну такую кнігу — «Псалтыр» Францыска Скарыны, выдадзены 6 жніўня 1517 года. Я таксама нарадзіўся 6 жніўня. Нібыта супадзенне, але, з іншага боку, супадзенняў не бывае — можа, таму і я займаюся ўжо амаль чвэрць стагоддзя беларускімі кнігамі. 

bgmedia.site