У суботу 24 лютага 2024 году ўкраінцы Нью Ёрку зладзілі акцыі прымеркаваныя да другой гадавіны паўнамштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Беларусы таксама прынялі ўдзел у мітынгах.
Першы мітынг адбыўся ў дзесяць гадзін раніцы на плошчы Боўлінг Грын на Мангэтане. Перад сабраўшыміся выступіў мэр Нью Ёрку Эрык Адамс. Гарадзкія ўлады паднялі сьцяг Украіны ў знак салідарнасці.
Пасьля, у 12 гадзін апоўдні, пачаўся другі мітынг на Таймз Сквэр.
Беларусы далучыліся да імпрэзаў. Так, напрыклад, Зьміцер Гаранькоў распавёў, што яму было важна прыйсьці на мітынг. Гэта найменшае, што ён можа зрабіць, каб выказаць сваю антываенную пазыцыю. Асабліва, гэта важна пасьля навін, што ў зводы ў Воршы пачалі працаваць на замову з Расеі.
Нягледзячы на халоднае надвор’е, сабралася дастаткова вялікая колькасьць людзей. Акрамя выступаў прамоўцаў, былі арганізаваныя арт-інсталяцыі. Унутры адной з канструкцыі, можна было апынуцца пасярод двара ў разбураным украінскім горадзе Барадзянка.
Таксама выступалі перформеры, і ў заключнай частцы мітынгу быў разгорнуты вялічэзны ўкраінскі сьцяг.
Адна зь белраусак-удзельнц, Надзея Шыкаловіч, расказала наступнае: ”Па-першае, я тут каб выказаць падтрымку ўкраінцам. Вайна – гэта вялікая трагедыя, якая руйнуе стасункі і нішчыць людзей, руйнуе краіну. Мы ня можам заставацца ў баку ад пакут украінскага народу, і таму прыйшлі сюды. Па-другое, мы тут каб зьвярнуць увагу лідараў ЗША і сьвету на праблему вайны ва Ўкраіне. Яна ня можа адысьці на другі плян, перастаць быць актуальнай. Гэтая вайна тым ці іншым чынам закранае ўсіх. Таму, зараз вельмі важна дапамагчы Ўкраіне.”
Бел-чырвона-белыя сьцягі луналі ў натоўпе сярод жоўта-блакінтых.
Другі год вайны паказаў, што ўся моц Расеі – гэта гульня прапаганды. Нашмат меншая й не такая магутная Ўкраіна, змагла выстаяць, кансалідавацца й адваяваць назад вялікія часткі саёй тэрыторыі.
Расейскае ж войска паказала сваё сапраўднае аблічча на захопленых землях. У гісторыю ваенных злачынстваў назаўсёды ўвойдуць назвы населеных пунктаў Буча, Ірпень, Марыўпаль, і шмат іншых.
Украіна, пры падтрымцы заходніх хаўрусьнікаў, абазьвязкова пераможа.
Беларусы ж Вольнага Сьвету, у сваю чаргу, грунтоўна стаяць на пазыцыях падтрымкі Ўкраіны й выказваюць сваю салідарнасьць у барацьбе супраць дыкртатуры, прыгнёту, а таксама за перамогу Свабоды й Дэмакратыі.