У спецпраекце «Паралелі»размаўляем з гісторыкам і архівістам Наталляй Гардзіенка пра паваенную і сённяшнюю хвалі эміграцыі. Што яднае, здаецца, такія далёкія па часе беларускія хвалі эміграцыі? Якія істотныя адрозненні ў стане змушаных перасяленцаў тады і цяпер? Ёсць што пераймаць, ёсць над чым падумаць, каб не паўтараць памылак.
Як паваенная хваля эміграцыі вырашала пытанне з адукацыяй для моладзі? Ці быў той досвед паспяховым? На пачатку 1990-х у Беларусі паднялася хваля цікавасці да дыяспары. Аднак спадчына эміграцыі так і засталася незасвоенай, у пэўным сэнсе беларускай Атлантыдай. Чаму так сталася? Распавядае Наталля Гардзіенка.
Наталля Гардзіенка — беларуская гісторык, архівіст. Кандыдатка гістарычных навук.
Скончыла Ліцэй БДУ. У 1994 годзе паступіла на гістарычны факультэт БДУ, спецыялізавалася на кафедры гісторыі Беларусі Старажытнага часу і Сярэдніх вякоў, займалася беларускай гісторыяй XVIII стагоддзя. У 2003 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Становішча жанчыны-шляхцянкі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVIII ст.».
З 2002 года займаецца гісторыяй беларускай эміграцыі. Аўтарка кніг «Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары» (Мінск, 2004), «Беларусы ў Вялікабрытаніі» (Мінск, 2010), «Рада БНР, 1947–1970: Падзеі. Дакументы. Асобы» (разам з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2013), «Рада БНР, 1970–1982: Падзеі і дакументы» (разам з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2014), «Рада БНР 1982–1997: Падзеі. Дакументы. Асобы» (разам з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2015), «Хронікі БІНіМу» (разам з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2017) і каля 100 артыкулаў.
Была сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Беларускага ПЭН-Цэнтра, сябрам управы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». З 2004 года рэдактарка альманаха «Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва». Удзельнічала ва ўкладанні і рэдагаванні кніг серый «Беларуская мемуарная бібліятэка», «Бібліятэка Бацькаўшчыны», «Галасы Айчыны».
Перыядычныя выданні паваенных эмігрантаў-беларусаў
Беларускія эмігранты свой досвед пакінулі ў выглядзе пэўных будынкаў, помнікаў, але найперш і найбольш у выглядзе ўспамінаў, кніг, на старонках перыядычных выданняў. Тагачасныя галоўныя інфармацыйныя сродкі — газеты і часопісы. Іх было шмат, асабліва ў паваеннай Еўропе. Першыя гады эміграцыі беларусы знаходзіліся ў лагерах для перамешчаных асобаў. Там выдавалася вялікая колькасць перыёдыкаў, ад рукапісных да рататарных, і нават афсетным друкам рабіліся некаторыя газеты.
Некаторыя выходзілі адным-двума нумарамі і спыняліся, іншыя выдаваліся працяглы час. Асабліва важнай для эміграцыі стала газета «Бацькаўшчына», якая выходзіла з 1947-га да 1966 года. Газета тыднёвая, не заўсёды атрымоўвалася гэтую перыядычнасць захоўваць, але яна была вельмі каштоўнай для беларускага паваеннага асяроддзя — тут публікаваліся і звесткі пра бягучыя падзеі ў розных беларускіх асяродках, і праграмныя артыкулы, і літаратурныя творы. Сёння, між іншым, гэтая газета даступная ў электронным выглядзе на сайце бібліятэкі «Камунікат», і пры жаданні можна заглыбіцца ў той свет, у якім жылі паваенныя беларусы.
Менавіта ў перыёдыцы, успамінах і іншых крыніцах можна знайсці прыклады таго каштоўнага досведу, які ў прынцыпе добра было б ведаць, а магчыма й пераняць у нечым сёння.
Безумоўна, цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад той: іншыя ўмовы, іншае грамадства, і інфармацыйныя тэхналогіі іншыя. Але тым не менш падабенства сітуацыі дае падставы для таго, каб улічваць, што мы не першыя, папярэднікі ўжо праходзілі гэтыя шляхі. Тое, што яны раней рабілі, магчыма скарыстаць, або для працягу той ці іншай дзейнасці або наадварот для перасцярогі, каб гэтага не рабіць, бо адмоўны досвед — таксама карысная рэч.
Як вырашалася пытанне з адукацыяй
Пытанне моладзі на эміграцыі сапраўды вельмі важнае. Моладзі, якая пасля Другой сусветнай апынулася на эміграцыі, трэба было атрымоўваць сярэднюю і вышэйшую адукацыю. А чалавек, у якога няма краіны, якая можа яго абараніць, не мае ні статусу, ні сродкаў для таго, каб вучыцца, што ён можа зрабіць?
Пачатковыя школы і гімназіі беларусы арганізоўвалі самі яшчэ ў лагерах для перамешчаных асобаў у Нямеччыне. Было дастаткова кваліфікаваных настаўнікаў і гэтыя навучальныя ўстановы мелі афіцыйны статус, давалі сапраўдныя дакументы пра сярэднюю асвету.
А як атрымаць вышэйшую адукацыю?
Беларуская грамада адной са сваіх мэтаў мела падтрымку сваёй моладзі ў яе імкненнях атрымання адукацыі. І фінансава скідваліся, каб маглі студэнты мець за што жыць, і арганізацыйна шукалі стыпендыі ў розных краінах. Пра Лювэн (беларуская студэнцкая грамада ў Лювэнскім універсітэце ў Бельгіі — Budzma.org) больш вядома, там знайшліся стыпендыі і амаль паўсотні беларусаў прайшлі праз навучанне ў гэтым універсітэце. Але былі стыпендыі для беларусаў і ў Мадрыдзе, а перад гэтым у Нямеччыне ў розных універсітэтах таксама.
Было разуменне, што гэта справа ўсёй грамады — навучыць сваю моладзь.
Адмоўны досвед у пераемнасці пакаленняў на эміграцыі
Трэба сказаць, што з моладдзю, дакладней ужо з наступным пакаленнем — народжанымі на чужыне — быў і адмоўны досвед. Утрымоўваць дзяцей эмігрантаў у коле прыцягнення беларусаў аказалася вельмі складана.
Нягледзячы на тое, што ладзіліся і школкі суботнія-нядзельныя беларусаведныя, а ў Лондане быў у 1960-х гадах адмысловы беларускі інтэрнат для хлопцаў, дзе яны жылі і зранку хадзілі ў звычайныя брытанскія школы, а па абедзе мелі беларусаведныя лекцыі — і мову вучылі, і літаратуру, і гісторыю, а потым нават здавалі пры Лонданскім універсітэце іспыт па беларускай мове. Такое таксама было. Былі свае напрацоўкі, дзіцячая літаратура, і падручнікі, быў дзіцячы перыёдык «Каласкі», якога выйшла ажно 77 выпускаў… Але ўсяго гэтага аказалася недастаткова. Дзеці ў дзіцячым і юнацкім узросце яшчэ ўдзельнічалі ў беларускіх імпрэзах, былі ў беларускай грамадзе, але потым адыходзілі.
Вельмі невялікі адсотак заставаўся ў коле прыцягнення беларускіх арганізацый, на жаль.
Можна згадаць дзяцей Вітаўта і Зоры Кіпеляў: Алесю — актывістку беларускай суполкі ў Вашынгтоне і Юрку — новага старшыню Беларускага інстытута навукі і мастацтва, таксама дачку Вітаўта Тумаша Галіну, што кіруе Беларускай фундацыяй Крачэўскага. Ведаючы гэты досвед, можна думаць пра тое, як арганізоўваць працу з дзецьмі цяпер. Пры гэтым магчыма нешта выкарыстоўваць і з таго, што рабілася папярэднікамі.
Сярод іншага, мы якраз зрабілі падборку публікацый пра беларускае студэнцтва на Захадзе ў новым выпуску альманаху «Запісы Беларускага інстытуту навукі і мастацтва».
Незасвоеная спадчына эміграцыі — беларуская Атлантыда
У канцы 1980-х на пачатку 1990-х быў асаблівы час, калі беларускае грамадства ў Беларусі адкрывала для сябе гэты невядомы дасюль пласт існавання беларускага грамадства за мяжой.
Раптам высветлілася, што ёсць вялікая колькасць беларусаў, якія пражылі дзесяцігоддзі за мяжой і захавалі беларускую мову і нешта нават на ёй стваралі ўвесь час. Была эйфарыя ад адкрыцця і разумення гэтага.
Спрыялі кантакты — прыязджалі ў Беларусь прадстаўнікі беларускай дыяспары з розных краін. І яны самі вельмі радаваліся незалежнай Рэспубліцы Беларусь з беларускай нацыянальнай сімволікай. Гэта было такое натхненне! Вельмі шмат чула, калі запісвала ўспаміны эмігрантаў, узнёслых водгукаў пра першае наведванне Беларусі, дзе бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня, на пачатку 1990-х пасля столькіх гадоў на чужыне. Безумоўна, мала дзе яны чулі беларускую мову, і гэта насцярожвала крыху, але цікавасць да таго, што адбывалася, была вельмі жывая.
Аднак у другой палове 1990-х, калі сітуацыя змянілася, найперш пасля таго, як у 1995 годзе адбылася змена сімволікі, гэта вельмі моцна насцярожыла прадстаўнікоў эміграцыі. Усё выглядала як адмова ад таго, пра што яны ўсё жыццё марылі, у што верылі. Тады ж і закон аб мовах прынялі. Канечне, прадстаўнікоў паваеннай эміграцыі пры канцы 1990-х засталося не так шмат, але для іх гэта было вельмі балюча. Я не магу сказаць, што знікла ў іх цікавасць да таго, што адбывалася ў Беларусі, але з’явілася расчараванне, што надзеі не надта спраўдзіліся.
А ў самой Беларусі таксама пайшла тэндэнцыя на ўзроўні ўладаў, асабліва на пачатку 2000-х гэта ўжо было заўважна, падзелу дыяспар на правільных і няправільных, сваіх і чужых, тых што падтрымліваюць палітыку афіцыйнага Мінска і апанентаў. Таму тэма эміграцыі стала знікаць з афіцыйных даследаванняў.
У Інстытуце гісторыі аддзел, які займаўся даследаваннем праблем дыяспары, зачыніўся з пачаткам ХХІ стагоддзя. Асобнай ужо патрэбы ў такіх даследаваннях не было, сталі насцярожана ставіцца і да дысертацыйных тэмаў па гісторыі эміграцыі. Ці магчыма абараніць працу па дзейнасці паваеннай беларускай эміграцыі? Толькі калі гэта датычыла прасавецкіх структур. І спецыялістам складана было прабівацца з гэтым, трэба было браць, калі займацца эміграцыяй, тэмы, якія ідэалагічна не супярэчылі. Ад пачатку 2000-х гадоў тэма эміграцыі стала выцясняцца зноў на маргінэз і ў навуковых даследаваннях, і для грамадства. Пры гэтым працэс эміграцыі ж не спыніўся. На пачатку 1990-х з Беларусі зноў шмат выехала беларусаў на Захад. І ад 1996-га года пайшла новая палітычная эміграцыя і працягвалася эканамічная.
Вяртанне імёнаў эмігрантаў і іх спадчыны
Былі арганізацыі, як тое ж самае Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», якая мэтанакіравана расказвала і паказвала, што ёсць беларускія дзеячы і структуры, якія дзесяцігоддзямі дзейнічаюць у розных краінах і маюць пэўны плён сваёй працы, пэўныя набыткі, і гэта важна. Але для пераважнай часткі грамадства, напэўна, гэта была такая экзотыка, якая асабліва не чапляла. Ну, добра паглядзець, як прыехаў які-небудзь дзеяч, што добра размаўляе па-беларуску, з Амерыкі. Выступіў… Экзотыка.
Разам з тым, цягам апошніх трох дзесяцігоддзяў было даволі шмат зроблена і ў сэнсе вяртання імёнаў эмігрантаў і іх спадчыны, і ў галіне даследаванняў гісторыі беларускай прысутнасці ў розных краінах. Гэта рабілася пераважна энтузіястамі, без дзяржаўнай падтрымкі і насуперак пэўнаму згасанню цікавасці ў грамадстве. У даробку дзясяткі кніг, сотні публікацый.
Думаецца, якраз сітуацыя пасля 2020 года ў пэўным сэнсе павінна была б актывізаваць цікавасць да досведу ранейшай беларускай эміграцыі. Тая эйфарыя першых месяцаў і заявы, што мы першыя, — гэта хутка прайшло. Зразумела, з часам людзі ўсведамляюць, што яны не першыя, што былі людзі на эміграцыі і да іх, і нешта нават рабілі, і нейкі плён мелі. І канечне, калі новыя эмігранты апынаюцца ў тых асяродках, дзе ўжо былі структуры беларускай дыяспары, то цікавасць да таго, што рабілася да іх, натуральная, яна не можа не ўзнікнуць. Пачынаецца своеасаблівае новае адкрыццё тэмы. Праўда, ведаў не хапае, калі раней гэта не цікавіла. Таму і гучаць ідэі, што трэба, напрыклад, выдаваць спадчыну беларускіх эмігрантаў. Але мы ж цягам дзесяцігоддзяў ужо гэтым і займаемся.