У выдавецтве фонду “Камунікат” у Беластоку пабачыла свет кніга “Янка Запруднік” з серыі “Людзі эміграцыі”, запачаткаванай Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва (БІНіМ) і Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” яшчэ ў Беларусі ў 2018 годзе. Укладальнікі кнігі Наталля Гардзіенка, Надзея Запруднік, Валянціна Трыгубовіч і Лявон Юрэвіч.
У кнізе чытач знойдзе як матэрыялы пра Янку Запрудніка: біяграфічны нарыс, успаміны дачкі Веры, сяброў і знаёмых, гэтак і ягоныя ўласныя тэксты. У раздзеле “Даследаванні” прадстаўленыя некаторыя часткі з дысертацыі Янкі Запрудніка і ягоныя даследчыя артыкулы. Частка “Скрыпты” рэпрэзэнтуе паасобныя прыклады ягонай журналісцкай дзейнасці на радыё “Вызваленне / Свабода”, раздзел “Эсэ” — найбольш важныя эсэістычныя тэксты гісторыка, тлумачаць на старонцы БІНіМ.
Асобна ў кнізе змешчаныя вершы, прысвячэньні, эпітафіі, што выходзілі з-пад пяра Сяргея Ясеня (літаратурны псеўданім Янкі Запрудніка), а таксама інтэрвію з дзеячам. Шмат апавядаюць пра самога Янку Запрудніка і ягонае атачэнне дзёньнік падарожжа ў ЗША у 1953 годзе і разнастайныя ўспаміны самога героя кнігі. Асабліва багаты раздзел — эпісталярыі, які складае ліставанне з прэзідэнтам БНР Міколам Абрамчыкам, літаратуразнаўцам і гісторыкам Антонам Адамовічам, сябрамі, сваякамі і знаёмымі як у Беларусі, гэтак і ў эміграцыі.
Адмыслова для гэтай кнігі было запісанае ўжо пасля смерці Янкі Запрудніка інтэрвію з ягонай жонкай спадарыняй Надзеяй. Завяршае кнігу аб’ёмістая бібліяграфія гісторыка й журналіста.
Янка Запруднік (1926—2022) — гісторык, журналіст, выдавец, ведамы дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША. Ад нараджэння Сяргей Вільчыцкі, ён з’явіўся на свет 9 жніўня ў мястэчку Мір (цяпер Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласьці). У часе Другой сусветнай вайны, вучыўся ў прагімназіі і гандлёвай школе ў Баранавічах. Быў сябрам Саюзу беларускай моладзі. У часе выезду ў 1944 годзе з Беларусі запісаўся ў дапаможную службу Люфтвафэ і апынуўся ў Нямеччыне. Незадоўга да капітуляцыі быў пераведзены ў 30-ю грэнадэрскую дывізію СС (1-ю беларускую), разам з якой у Баварыі здаўся ў палон да амерыканцаў. Пасля заканчэння вайны памяняў імя і прозьвішча ды апынуўся ў беларускім лагеры DP у Рэгенсбургу, дзе вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Я. Купалы і атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім скаўтынгу, пачаў займацца літаратурнай творчасцю.
У 1948 годзе разам з 12 сябрамі выехаў у Вялікабрытанію. Працаваў у вугальных капальнях і адначасова ўдзельнічаў у выданні моладзевага часопісу “Наперад!”. Быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, а таксама Згуртавання беларускіх камбатантаў. Удзельнічаў у Беларускім хрысціянскім акадэмічным аб’яднанні “Жыццё”. У 1950 годзе Янка Запруднік выехаў на навучанне ў Бельгію, дзе ў 1954 годзе скончыў гістарычны факультэт Лювенскага ўнівэрсітэту і адразу скіраваўся ў Нямеччыну. У 1954—1957 гг. ён быў супрацоўнікам у беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленне” ў Мюнхене, а таксама ўдзельнічаў у выданьні газеты “Бацькаўшчына”.
У 1957 годзе Янка Запруднік прыехаў з сям’ёй у ЗША. Да 1991 працаваў у Нью-ёрскай беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленне” (“Свабода”). У 1969 годзе ў Калумбійскім унівэрсітэце (Нью-Ёрк) абараніў доктарскую дысэртацыю “Палітычная барацьба за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906—1917)”. У 1967—1975 гадах чытаў курс гісторыі Беларусі ў Куінз-каледжы Нью-Ёрскага ўнівэрсітэту, а таксама Калумбійскім унівэрсітэце. У 1980—1995 гадах быў галоўным рэдактарам газеты “Беларус”.
З пачатку 1990-х Янка Запруднік пачаў наладжваць сувязі з Беларуссю, часта яе наведваў. Ён быў адным з заснавальнікаў і сябрам Вялікай рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтру. Разам з другой жонкай Надзеяй шмат фінансава падтрымоўваў цэрквы, установы і арганізацыі, а таксама канкрэтных асобаў у Беларусі.