Лілею Плыгаўку ўрад Літвы ўзнагародзіў медалём

Пра гэта вядомая беларуская мовазнаўца і выкладчыца паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

На гэтым тыдні Лілеі Плыгаўцы быў уручаны срэбраны медаль пашаны “За заслугі” ад Дэпартамента нацыянальных меншасцяў пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі.

“Вялікую частку свайго жыцця я прысвяціла навукому даследаванню і выкладанню беларускай мовы ў сучаснай Літве. Рада, што мая праца па захаванні і папулярызацыі беларускай мовы годна ацэнена краінай, якая стала для мяне ўтульным домам”, – напісала спадарыня Лілея Плыгаўка.

Лілея Плыгаўка нарадзілася ў Баранавічах. Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці беларуская і руская мовы і літаратуры, там жа — аспірантуру. Абараніла кандыдацкую дысертацыю ў Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі. Працавала ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот, потым у звычайнай сярэдняй школе выкладала беларускую мову і літаратуру. У 1991 годзе ў Вільні адкрывалася кафедра беларускай мовы і літаратуры ў мясцовым педінстытуце (пасля — універсітэце), пасля перамоў з літоўскім Міністэрствам адукацыі і атрыманага запрашэння Лілея Плыгаўка ўзначаліла гэтую кафедру. Стварыла і кіравала Цэнтрам беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры пры Віленскім педуніверсітэце, узначальвала Літоўскую асацыяцыю беларусістаў. Дзякуючы працы Лілеі Плыгаўкі і яе калег у Вільні паўстала беларуская гімназія імя Францыска Скарыны.

ЗБС “Бацькаўшчына”