Махлярскі раман Далэнгі-Мастовіча «Кар’ера Мікадзіма Дызмы» выйшаў на беларускай мове

Выдавецтва «Логвінаў» выпусціла пераклад з польскай мовы раману Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча «Кар’ера Мікадзіма Дызмы», які ўпершыню быў надрукаваны ў 1932 годзе.

Пераклад махлярскага раману на беларускую мову здзейсніў Алесь Емяльянаў-Шыловіч.

Дызайн вокладкі — Кацярына Пікірэня.

Дзеянне рамана адбываецца ў Польшчы часоў Юзафа Пілсудскага: сталічнай Варшаве і маёнтку заможнага землеўласніка Кабарова пад Гродна. Галоўны герой — правінцыял, чалавек без адукацыі, выхавання, прынцыпаў і асаблівых здольнасцей, гультай, прайдзісвет — воляю камбінацый становіцца не абы-кім, а старшынём Нацыянальнага Збожжавага Банку.

Дзякуючы свайму метаду — меней гаварыць і болей падслухоўваць — Дызма выдае чужыя думкі за свае і робіцца сваім сярод арыстакратыі, атрымлівае ўласныя грошы, каханне жанчын і ўсеагульную любоў як уладальнік «моцнай рукі». Прэзідэнт Рэспублікі ў крызісны момант прапануе яму ўзначаліць урад…

Тадэвуш Далэнга-Мастовіч (1898–1939) — празаік, сцэнарыст і журналіст, які нарадзіўся на Глыбоччыне. Трагічна загінуў на самым пачатку Другой сусветнай вайны. Аўтар сямнаццаці папулярных раманаў і некалькіх кінасцэнараў. Па-беларуску ў 2016 годзе ў выходзіў яго раман «Знахар».

Набыць кнігу можна на сайце выдавецтва ці, напрыклад, у кнігарні «Кніжная Шафа».

budzma.org